Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Кіеве можа забараніць Парашэнку пакідаць Украіну


Суд у Кіеве адкрыў вытворчасьць аб забароне выезду з Украіны ў дачыненьні да дзейнага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі. Аб гэтым паведамляецца на сайце суду.

Вытворчасьць таксама будзе весьціся ў дачыненьні да яшчэ каля 180 высокапастаўленых чыноўнікаў. Сярод іх — сьпікер парлямэнту Андрэй Парубій, прэм’ер-міністар Уладзімір Гройсман і яшчэ пяцьдзесят народных дэпутатаў ад фракцыі «Блёк Пятра Парашэнкі». Суд таксама будзе правяраць дзейнасьць каля сарака членаў ураду, судзьдзяў Вярхоўнага суду і кіраўніка кампаніі «Нафтагаз-Украіна».

Акрамя гэтага пазоўнікі просяць прызнаць бязьдзейнасьць Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны, якая не праводзіла дастаткова мерапрыемстваў для забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі і не процідзейнічала карупцыі сярод асобаў, якія займаюць палітычныя пасады.

Паведамляецца, што былі пададзеныя тры аднолькавых пазовы. Іх ініцыятары — блогер Аляксандр Дубінскі, былы дэпутат Вярхоўнай Рады, Сяргей Жванія і яшчэ адзін чалавек, чыё імя не называецца. Пры гэтым былы народны дэпутат заявіў «Украінскай праўдзе», што такой заявы не падаваў.

Аўтары пазоваў просяць суд забараніць чыноўнікам выезд за мяжу на працягу аднаго года пасьля правядзеньня прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў. У дакумэнце ўказваецца на нібыта супрацьзаконныя дзеяньні чыноўнікаў у сфэры нацбясьпекі, процідзеяньня арганізаванай злачыннасьці і барацьбы з карупцыяй.

У пятніцу з украінскай урадавай кааліцыі выйшла партыя «Народны фронт», пасьля чаго Кабінэт міністраў страціў большасьць у Вярхоўнай Радзе. Гэта павінна заблякаваць роспуск парлямэнта абраным прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім, які ўступіць на пасаду 20 траўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG