Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: заснаваная Полацкая езуіцкая акадэмія


Падзеі 10 чэрвеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

10 чэрвеня 1812 году ў Полацку адкрылася езуіцкая акадэмія — першая вышэйшая навучальная ўстанова на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Полацкая езуіцкая акадэмія дзейнічала да 1820 году.

Полацкая езуіцкая акадэмія. Малюнак Напалеона Орды
Полацкая езуіцкая акадэмія. Малюнак Напалеона Орды

Таксама ў гэты дзень

1562 — з друкарні ў Нясьвіжы выйшла першая кніга беларускага асьветніка Сымона Буднага Катэхізіс.

«Катэхізіс» Сымона Буднага
«Катэхізіс» Сымона Буднага

1925 — пастановаю Савету народных камісараў БССР Янку Купалу прысвоілі званьне народнага паэта Беларусі ў сувязі з 20-годзьдзем ягонай творчай дзейнасьці. Купала стаў першым афіцыйна прызнаным народным паэтам.

1940 — падчас Другой ўсясьветнай вайны Італія абвясьціла вайну Францыі ды Вялікабрытаніі.

1947 — кампанія «Сааб» выпусьціла свой першы аўтамабіль.

2008 — з аўкцыёну прадалі пісьменьніцкі дом адпачынку Іслач у Валожынскім раёне. Папярэдне Вярхоўны суд за «парушэньні статутнай дзейнасьці» зьліквідаваў Беларускі літаратурны фонд, які распараджаўся санаторыем.

2009 — падчас расейска-беларускай малочнай вайны на тэрыторыі Расеі забаранілі ўвоз практычна ўсёй беларускай малочнай прадкцыі. Галоўны санітарны ўрач Расеі Генадзь Анішчанка абвясьціў пра сьпіс забаронаў 6 чэрвеня, а 9 чэрвеня яго дапоўніў. З гандлёвых сетак Расейскай Фэдэрацыі пачалі здымаць малочныя вырабы беларускай вытворчасьці, а ў Беларусі вернутае малако вылівалі ў сянажныя вежы.​

У гэты дзень нарадзіліся

1723 – Францішак Папроцкі, езуіт, філёзаф і асьветнік, адзін з выдаўцоў віленскіх «Палітычных каляндароў», заснавальнік, выдавец і рэдактар штотыднёвіка «Літоўскі кур’ер».

1883 – у Будславе нарадзіўся Язэп Гапановіч, нацыянальны дзяяч, прадпрымальнік.

У памяці

1923 – Міхал Федароўскі, фальклярыст, этнограф, археоляг, калекцыянэр.

1982 – Ян Садоўскі, навуковец, скарыназнаўца, дзяяч беларускай эміграцыі ў Вялікабрытаніі і Канадзе.

2010 – Пётр Маланачкін, грамадзкі актывіст з Горак, ініцыятар збору подпісаў супраць будаўніцтва беларускай атамнай электрастанцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG