Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Беларусі дзеці выпадаюць з вокнаў


Ілюстрацыйнае фота Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота Shutterstock

Няшчасныя здарэньні, калі дзеці падаюць з вокнаў, здараюцца ўвесну часьцей, чым узімку. І збольшага тады, калі бацькі пакідаюць дзяцей без нагляду, паведамілі Свабодзе ў Міністэрстве ўнутраных спраў.

Сёлета мэдыя паведамлялі прынамсі пра шэсьць падобных выпадкаў, летась — пра 14. Аднак афіцыйная статыстыка такіх няшчасных выпадкаў ні ў МУС, ні ў Сьледчым камітэце не вядзецца.

ЛЮТЫ

Добруш, 22 лютага. 15-гадовы падлетак выпаў з вакна шматкватэрнага дома. Яго шпіталізавалі ў цяжкім стане. 27 лютага падлетак памёр. СК пачаў крымінальную справу аб давядзеньні да самагубства.

КРАСАВІК

Рэчыца, 4 красавіка. 3-гадовы хлопчык выпаў з вакна, яго шпіталізавалі зь пераломамі і ўдарамі. Падчас здарэньня ў кватэры быў дзядуля пацярпелага.

Кобрынь, 29 красавіка. 2-гадовы хлопчык выпаў з вакна. Ён залез на падваконьне, адчыніў вакно, націснуў на маскітную сетку, а тая ня вытрымала. У гэты момант маці хлопчыка завіхалася на кухні. Стан дзіцяці ацэньваўся як цяжкі.

ТРАВЕНЬ

Быхаў, 1 траўня. 4-гадовы хлопчык выйшаў на балькон і ўпаў з 5 паверху. Атрымаў удары і драпіны. Яго шпіталізавалі ў Магілёўскую абласную дзіцячую больніцу.

Хлопчык быў у кватэры адзін. Маці думала, што ён сьпіць, і выйшла ў краму.

Бабруйск, 12 траўня. Аднагадовы хлопчык выпаў з вакна на другім паверсе. Залез з крэсла на падваконьне і адчыніў вакно. Бацькі і старэйшая сястра ў гэты час былі ў іншым пакоі. Хлопчык атрымаў цялесныя пашкоджаньні, яго стан ацэньваецца як здавальняючы.

Гомель, 13 траўня. 3-гадовы хлопчык выпаў з вакна кватэры на 7 паверсе, дзе жыў з бабуляй і дзядулем. Загінуў на месцы.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Чаму падаюць дзеці?

У МУС Беларусі патлумачылі, што найбольшую небясьпеку нясуць маскітныя сеткі.

«Дзіця бачыць нейкую перашкоду наперадзе, упэўнена абапіраецца на яе — і ў выніку можа выпасьці разам зь сеткай, якая не разьлічаная на вагу нават самага малога дзіцяці».

Паводле МУС, трэба зьвярнуць увагу на сродкі дзіцячай бясьпекі на вокнах.

Мэталаплястыкавыя вокны ў доме варта абсталяваць адмысловымі прыладамі, якія не даюць іх адчыняць. Важна таксама тлумачыць дзіцяці пра небясьпеку адчыненага вакна.

Каб пазьбегнуць няшчаснага выпадку, трэба прытрымлівацца шэрагу правілаў:

  • адчыняючы вокны ў кватэры, пераканайцеся, што дзіця пад наглядам;
  • не дазваляйце дзіцяці выходзіць на балькон без дарослых;
  • ня стаўце дзіця на падваконьне, не заахвочвайце самастойна туды залазіць;
  • не пакідайце дзіця, якое сьпіць, без нагляду ў кватэры з адчыненым вакном;
  • ня стаўце мэблю паблізу вокнаў, каб дзіця ня ўзьлезла на падваконьне;
  • не паказвайце дзіцяці, як адчыняць вакно. Чым пазьней дзіця навучыцца адчыняць вакно самастойна, тым бясьпечней;
  • не вучыце дзіця падстаўляць пад ногі крэсла ці іншае прыстасаваньне, каб зазірнуць на вуліцу з балькона ці вакна.

«Толькі пільнасьць дарослых дапаможа пазьбегнуць бяды», — кажуць у МУС.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG