Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Францыі пасьля 17 гадоў вышуку арыштаваны лідэр басконскіх сэпаратыстаў


Ёсу Урутыкоэчэа

Былы палітычны лідэр басконскай сэпаратысцкай арганізацыі ЭТА Ёсу Урутыкоэчэа арыштаваны францускай паліцыяй пасьля 17 гадоў вышуку. 68-гадовы палітык, вядомы пад мянушкай Ёсу-Цяляціна, падазраецца ў арганізацыі сэрыі тэрактаў са шматлікімі чалавечымі ахвярамі. Пра яго затрыманьне паведамляе газэта El Mundo са спасылкай на міністэрства ўнутраных справаў Гішпаніі.

ЭТА, прызнаная тэрарыстычнай групоўкай ўладамі Эўразьвязу і ЗША, выступала за незалежнасьць Краіны Баскаў — рэгіёну на мяжы Гішпаніі і Францыі. Арганізацыя пачала сваю актыўнасьць у 60-я гады, называючы тэрарыстычныя атакі адзіным спосабам палітычнай барацьбы пры дыктатуры. Аднак пасьля дэмакратызацыі Гішпаніі групоўка не спыніла ўзброены супраціў. Ад рук яе баевікоў, паводле ўладаў Францыі, загінулі 854 чалавекі, яшчэ некалькі тысяч атрымалі раненьні або былі вымушаныя жыць пад пагрозай нападу.

Жосу далучыўся да ЭТА ў пачатку 70-х гадоў. Ён удзельнічаў у арганізацыі забойства прэм’ер-міністра Гішпаніі Люіса Карэра Блянкі ў 1973 годзе. У 80-я гады ён узначаліў арганізацыю. На яго сьледзтва ускладае адказнасьць за шматлікія напады, у тым ліку — за выбухі ў Мадрыдзе, Барсэлёне і ў Сарагосе ў 1986–1988 гадах, калі загінулі 45 чалавек, у тым ліку пяцёра дзяцей.

  • У 1998 годзе Урутыкоэчэа быў абраны ў парлямэнт Краіны Баскаў ад сэпаратысцкай партыі «Грамадзяне Басконіі». У парлямэнце ён узначальваў камісію правоў чалавека, паралельна займаўся журналістыкай.
  • У 2011 годзе ЭТА заявіла аб спыненьні агню, у 2018 годзе Урутыкоэчэа заявіў аб роспуску арганізацыі, паабяцаўшы, што былыя сябры арганізацыі будуць працягваць змагацца за «незалежную, сацыялістычную і непатрыярхальную Краіну Баскаў».
  • Гішпанскі ўрад вітаў роспуск арганізацыі, але паведаміў, што яе былыя члены, замяшаныя ў крымінальных злачынствах, будуць працягваць перасьледвацца ўладамі. У Францыі Урутыкоэчэа завочна асуджаны да васьмі гадоў турмы за лідэрства ў тэрарыстычнай арганізацыі. Чакаецца, што Гішпанія будзе патрабаваць яго экстрадыцыі паводле абвінавачваньняў у арганізацыі тэракту ў Сарагосе і ўдзеле ў іншых злачынствах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG