Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўны архітэктар Менскай вобласьці абяцаў, што новы экспацэнтар не зачэпіць ахоўнай зоны Курапатаў


У красавіку з боку поля, на якім зьбіраюцца будуаваць выставачны цэнтар, зьнесьлі курапацкія крыжы
У красавіку з боку поля, на якім зьбіраюцца будуаваць выставачны цэнтар, зьнесьлі курапацкія крыжы

«Ведаем мы пра ахоўную зону і „Дарогу сьмерці“. Будзем праектаваць з улікам усіх абмежаваньняў», — сказаў у інтэрвію Свабодзе галоўны архітэктар Менскай вобласьці Вадзім Нікалаенка.

Вадзім Нікалаенка, архіўнае фота
Вадзім Нікалаенка, архіўнае фота

Вадзім Нікалаенка быў 14 траўня на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі. Там ён атрымаў даручэньне зрабіць праект Нацыянальнага выставачнага цэнтру паміж Курапатамі і «Экспабелам».

Нікалаенка сказаў Свабодзе, што архітэктары будуць праектаваць аб’ект з улікам ахоўнай зоны мэмарыялу Курапаты. Да таго ж, адзначыў Нікалаенка, гаворка ідзе не пра маштабны аб’ект, які разглядаўся ў 2014 годзе, а пра невялікую пабудову.

14 траўня на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі быў агучаны плян пабудаваць у Менску Нацыянальны выставачны цэнтар. Пад будоўлю прапануецца поле паміж Курапатамі і гандлёвым цэнтрам «Экспабел», празь якое праходзіць «Дарога сьмерці» — былая траса, якою ў 1930-я гады тысячы людзей везьлі зь Менску ў лес на расстрэл.

Папярэдні праект ня быў ухвалены

5 гадоў таму каля Курапатаў ужо плянавалі пабудаваць маштабны выставачны цэнтар. Інстытут «Менскграда» падрыхтаваў папярэдні праект, але калі дакладна разьлічылі выдаткі на транспартныя разьвязкі, інжынэрныя камунікацыі, ад ідэі давялося адмовіцца, бо выйшла б задорага.

Тагачасны галоўны архітэктар Менску Мікалай Уласюк прызнаў, што гэта самы няўдалы выбар, гэта самая кепская пляцоўка, якая магла б быць у горадзе. Паводле новага Генэральнага пляну Менску ў 2016 годзе тэрыторыя адышла да Менскага раёну, і праектаваць выставачны цэнтар даручылі Камітэту па архітэктуры і будаўніцтве Менскага аблвыканкаму.

Пакуль ёсьць толькі ідэя

Зрэшты, як кажа намесьнік старшыні камітэту, галоўны архітэктар Менскай вобласьці Вадзім Нікалаенка, нічога канкрэтнага пакуль няма, гэта толькі ідэя.

«Было толькі даручэньне — на гэтай пляцоўцы запраектаваць Нацыянальны выставачны цэнтар. Сакрэту тут ніякага няма. Мы атрымалі даручэньне, будзем яго выконваць, рабіць эскіз, праект. Але пакуль яшчэ заўчасна казаць пра штосьці канкрэтнае.

Няма яшчэ афіцыйнага замоўніка. Гэта толькі фармальна наша тэрыторыя. Я мяркую, што рыхтуецца нейкі нарматыўны дакумэнт, які будзе вызначаць, хто будзе замоўнікам, хто будзе праекціроўшчыкам. Пакуль ёсьць толькі вусная прапанова на ўчорашняй нарадзе, і ўсё.

Адзінае, што магу сказаць, — сёньня не ідзе гаворка пра такі маштабны аб’ект, які разглядаўся 5 гадоў таму. Гаворка ідзе пра даволі невялікую забудову бліжэй да «Бігза», — кажа Вадзім Нікалаенка.

Від з Курапатаў на гандлёвы комплекс «Экспабел», архіўнае фота
Від з Курапатаў на гандлёвы комплекс «Экспабел», архіўнае фота

На пытаньне, ці ведаюць архітэктары пра ахоўную зону, пра тое, што там вельмі абмежаваная тэрыторыя, галоўны архітэктар Менскай вобласьці Вадзім Нікалаенка адказаў, што праект будзе выконвацца згодна з усімі рэглямэнтамі.

«Ведаем мы і пра ахоўную зону, і пра „Дарогу сьмерці“. Будзем праектаваць з улікам усіх абмежаваньняў, якія ёсьць, з выкананьнем рэглямэнту, ашчадна. Паверце, ніхто не зьбіраецца падбірацца да Курапатаў. Ёсьць ахоўная зона, не ідзе гаворка, што мы туды палезем», — заявіў Свабодзе Вадзім Нікалаенка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG