Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МВФ заклікаў Беларусь рэфармаваць дзяржсэктар эканомікі і падвысіць тарыфы ЖКГ


Штаб-кватэра МВФ у Вашынгтоне

Міжнародны валютны фонд лічыць, што Беларусі трэба правесьці глыбокую рэформу дзяржсэктару эканомікі і павышаць тарыфы на ацяпленьне, заявіў у інтэрвію БелаПАН кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Жак Міньян.

Міністар эканомікі Беларусі Дзьмітры Круты ў эфіры тэлеканалу «Беларусь-1» днямі заявіў, што, маючы нэгатыўны досьвед ва Ўкраіне, МВФ ужо не выстаўляе патрабаваньні масавай прыватызацыі і росту тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі.

МВФ: тарыфы занадта нізкія ў параўнаньні з кампэнсацыяй бюджэту

Камэнтуючы гэтыя заявы, Жак Міньян падкрэсьліў: МВФ ніколі не патрабаваў масавай прыватызацыі ў Беларусі.

«Гэта зьяўляецца няправільным прадстаўленьнем нашых поглядаў. Аднак мы лічым, што краіна мае патрэбу ў глыбокай рэформе сэктару дзяржпрадпрыемстваў. Ці магчыма гэта ў рамках захаваньня дзяржаўнай уласнасьці пры ўдзеле стратэгічнага інвэстара або спатрэбіцца прыватызацыя, павінна вызначацца індывідуальна», — адзначыў ён.

Што тычыцца тарыфаў на ацяпленьне хатніх гаспадарак, прадстаўнік МВФ лічыць, што гэтыя тарыфы занадта нізкія ў параўнаньні з узроўнем кампэнсацыі затратаў бюджэтам. Такая сытуацыя прыводзіць да дадатковых выдаткаў прадпрыемстваў, якія вымушаныя субсыдаваць нізкія тарыфы.

На думку кіраўніка місіі МВФ, сытуацыя, хутчэй за ўсё, пагоршыцца, калі кошт імпартаваных энэргарэсурсаў для Беларусі ўзрасьце.

«На наш погляд, было б лепш падняць тарыфы і з дапамогай адрасных трансфэртаў выплочваць кампэнсацыю бедным хатнім гаспадаркам, якія больш за ўсё пацерпяць», — сказаў Міньян.

Прадстаўнік МВФ вітаў распрацоўку ў Беларусі дарожнай мапы структурных рэформаў, якую ўрад рыхтуе сумесна з аналітыкамі Сусьветнага банку. У той жа час ён дадаў, што пакуль дачасна казаць, ці стане гэта асновай для магчымай крэдытнай праграмы Беларусі з МВФ. Прынамсі ніякіх перамоваў пакуль не вядзецца.

Сусьветны банк: фінансавая дапамога залежыць ад палітычнай волі

У сваю чаргу Сусьветны банк разгледзіць магчымасьць выдзяленьня пазыкі Беларусі ў выпадку, калі ў Беларусі будзе прынята палітычнае рашэньне рэалізаваць крэдытную праграму з МВФ, падкрэсьліў БелаПАН кіраўнік прадстаўніцтва Сусьветнага банку ў Беларусі Алекс Крэмэр.

Кіраўнік прадстаўніцтва Сусьветнага банку ў Беларусі Алекс Крэмэр
Кіраўнік прадстаўніцтва Сусьветнага банку ў Беларусі Алекс Крэмэр

Перамовы аб крэдытнай праграме паміж Беларуссю і МВФ былі прыпыненыя летам 2017 году. У той жа час беларускія ўлады працягваюць атрымліваць дапамогу з боку экспэртаў Сусьветнага банку і МВФ у пытаньнях павышэньня эфэктыўнасьці беларускай эканомікі.

«Звычайна Сусьветны банк і МВФ вядуць распрацоўку сваіх праграмаў паралельна, і ў Беларусі мы будзем трымацца такога ж правіла. Магчымасць даваньня Сусьветным банкам пазыкі на мэты разьвіцьця можа быць разгледжана ў выпадку, калі будзе прынята палітычнае рашэньне аб ажыцьцяўленьні праграмы з МВФ», — заявіў Алекс Крэмэр.

Летась 1 ліпеня Сусьветны банк пачаў рэалізоўваць новую стратэгію ў дачыненьні Беларусі. У прыватнасьці, да 2022 году міжнародная арганізацыя гатовая фінансаваць інфраструктурныя праекты і аказваць кансультацыйныя паслугі.

На думку банку, дапамога ў пытаньнях інвэстыцыйнага клімату, рэструктурызацыі банкаў і дзяржпрадпрыемстваў, стварэньня сыстэмы сацыяльнай абароны насельніцтва дапаможа знайсьці варыянты для больш маштабных зьменаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG