Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Украіны параіў Зяленскаму весьці асаблівую палітыку ў дачыненьні Беларусі


Паўло Клімкін

«У Беларусі не павінна зьявіцца больш Расеі», — сказаў міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін новаабранаму прэзыдэнту Ўладзімеру Зяленскаму.

Міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін паведаміў, што з новаабраным прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскам асобным блёкам абмяркоўваў тэму беларуска-ўкраінскай супрацы.

«Я абмяркоўваў гэтую тэму з новаабраным прэзыдэнтам, але паколькі мы не дамаўляліся, што я буду камэнтаваць вынікі нашай размовы, то я ад гэтага ўстрымаюся. Я мяркую, што Беларусь для нас — фундамэнтальна важная як суседка і як краіна, дзе не павінна стаць больш Расеі. І тут я пастаўлю кропку», — сказаў Паўло Клімкін журналістам у Брусэлі, адказваючы на пытаньне пра магчымыя зьмены стасункаў Украіны зь Беларусьсю ў часе дзейнасьці новага прэзыдэнта.

Паўло Клімкін сустракаўся з новаабраным прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім 6 траўня. Адразу пасьля яе міністар замежных спраў паведаміў, што мае намер прапанаваць яму сваю адстаўку:

«Мяне ніхто ня звольніць, паколькі ў нас павінна быць палітычная культура. Я лічу, гэта будзе правільным — дазволіць новаму прэзыдэнту выбраць тых, з кім ён мае справу ў такіх сфэрах, як замежная палітыка і абарона. Вядома, я мушу прапанаваць новаму прэзыдэнту сваю адстаўку і я гэта, безумоўна, зраблю».

Паўло Клімкін таксама тады заявіў, што гатовы да супрацы з Уладзімірам Зяленскім у тых пытаньнях, «дзе супадаюць прынцыпы і прыярытэты».

Згодна з украінскім заканадаўствам, зьмена прэзыдэнта не прыводзіць да аўтаматычнай адстаўкі ўраду, але, відавочна, што пасьля сваёй інаўгурацыі Ўладзімір Зяленскі зробіць ратацыю некалькіх міністраў. У прыватнасьці, менавіта прэзыдэнт уносіць кандыдатуру кіраўніка Міністэрства замежных спраў і Міністэрства абароны на зацьвярджэньне ў парлямэнт.

Што трэба ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне

  • Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся ў два туры 31 сакавіка і 21 красавіка 2019 году.
  • Па выніках першага туру найбольш галасоў набралі шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,24% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (15,95%). На трэцім месцы па выніках галасаваньня апынулася Юлія Цімашэнка — 13,40%, далей ідуць Юры Бойка (11,67%) і Анатоль Грыцэнка (6,91%).
  • У другім туры перамог Зяленскі. Паводле папярэдніх вынікаў, ён набраў звыш 73% галасоў, Парашэнка атрымаў каля 24,5%.
  • Прэзыдэнт Украіны выбіраецца на ўсенародных выбарах на пяць гадоў. На гэтую пасаду, як і ў Беларусі, можа прэтэндаваць любы грамадзянін, якому споўнілася 35 гадоў. Заканадаўства абмяжоўвае магчымасьць балятавацца больш чым на два тэрміны.
  • Ва Ўкраіне парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня. Як вынік, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый. Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.
Ілюстрацыйнае фота. Выбары ва Ўкраіне
Ілюстрацыйнае фота. Выбары ва Ўкраіне
  • Прэзыдэнт Украіны не адказвае за эканамічную палітыку, але практычна ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі маніпулююць выбарнікамі, абяцаючы зьніжэньне тарыфаў, цэнаў, а таксама павелічэньне заробкаў і пэнсій. У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладваць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.
  • Прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў.
  • Адначасова прэзыдэнт Украіны зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынёй Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, склад якой таксама вызначае кіраўнік дзяржавы.
  • Сёлетнія выбары былі найбольш канкурэнтнымі за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны — для рэгістрацыі кандыдатам у Цэнтральную выбарчую камісію зьвярнуліся амаль 90 грамадзян, былі зарэгістраваныя 44 кандыдаты. Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.
Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG