Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Канах адкрываецца 72-і міжнародны кінафэстываль


У францускім горадзе Каны 14 траўня адкрываецца 72-ы міжнародны кінафэстываль, адзін з самых прэстыжных міжнародных фэстываляў. Яго адкрыюць новым фільмам Джыма Джармуша «Мёртвыя не паміраюць». Ганаровую «Залатую пальмавую галіну» кінафэстывалю ўручаць францускаму актору Алену Дэлону.

Фэстываль будзе праходзіць з 14 па 25 траўня. Сёлета журы ўпершыню ўзначаліць прадстаўнік Лацінскай Амэрыкі — мэксыканскі рэжысэр Алехандра Гансалес Іньнярыту, аўтар фільмаў «Чалавек-птушка», «Сука-любоў», «21 грам», «Бабілён» і інш.

За адну з самых прэстыжных узнагародаў пазмагаецца 21 фільм, таксама будуць прадстаўленыя 18 карцін у катэгорыі «Асаблівы погляд», 8 карцін па-за конкурсам і 11 кароткамэтражных стужак.

Фэстываль адкрые фэнтэзі-камэдыя амэрыканскага рэжысэра Джыма Джармуша «Мёртвыя не паміраюць», прадстаўленая ў асноўнай конкурснай праграме.

У конкурсную праграму таксама ўвайшоў фільм Квентына Тарантына «Аднойчы ў Галівудзе» зь Леанарда Ды Капрыё, Брэдам Пітам і Марга Робі.

Адзін з кандыдатаў на «Залатую пальмавую галіну» — фільм гішпанскага рэжысэра Пэдра Альмадовара «Боль і слава», у галоўных ролях — Антоніё Бандэрас і Пэнэлёпа Крус.

У межах конкурсу «Асаблівы погляд» фільм «Дылды» 27-гадовага расейскага кінарэжысэра Кантэміра Балагава, сюжэт якога часткова заснаваны на творы нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч «У вайны не жаночы твар» і расказвае пра жыцьцё дзьвюх франтавых сябровак, якія вярнуліся ў пасьляваенны Ленінград.

На закрыцьці кінаагляду адбудзецца паказ сацыяльнай камэдыі «Асаблівыя» францускіх рэжысэраў Аліўе Накаша і Эрыка Таледана, вядомых карцінай «1+1».

Вядома, што ганаровая «Залатая пальмавая галіна» за ўнёсак у кінематограф будзе ўручаная францускаму актору і рэжысэру Алену Дэлону.

Міжнародны Канскі кінафэстываль — штогадовы кінематаграфічны фэстываль, які праводзіцца ў канцы траўня ў курортным горадзе Каны (Францыя). Першапачаткова ён ствараўся як альтэрнатыва Вэнэцыянскаму. Галоўная прэтэнзія да Вэнэцыянскага фэстывалю, які трапіў пад уплыў нацысцкай улады, была ў неаб’ектыўнасьці: у 1938 годзе перамогу атрымалі прапагандысцкі фільм «Алімпія» Лені Рыфэншталь і стужка «Пілёт Лучана Сэра» сына Мусаліні.

Першы кінафэстываль пад старшынствам Луі Люм'ера, вынаходніка кінематографу, прызначылі на 1939 год, спадзеючыся ў тым ліку падоўжыць дзякуючы яму курортны сэзон, аднак неўзабаве пачалася Другая сусьветная вайна, таму ўрачыстае адкрыцьцё адбылося ў Канах толькі праз год пасьля заканчэньня вайны — 20 верасьня 1946 году. З тых часоў штогадовы кінаагляд праходзіў у верасьні, а ў 1952 годзе яго афіцыйна перанесьлі на травень.

У конкурснай праграме могуць браць удзел фільмы, зьнятыя ў папярэднія 12 месяцаў да даты фэстывалю, незалежна ад краіны паходжаньня.

За 70 гадоў свайго існаваньня Канскі фэстываль стаў адным з найбольш значных і прэстыжных падзей году ў галіне кінамастацтва.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG