Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Але я ж цябе не прывязваў да ложка». Польшча ў шоку пасьля фільму пра пэдафілію ў касьцёле


Ксёндз Францішак Цыбуля, былы капэлян Леха Валэнсы

«Гэта ніколі не перакрочыла ніякай мяжы... эякуляцыі не было» — так 78-гадовы польскі сьвятар апраўдваўся перад мужчынам, якога дзіцем змушаў да аральнага сэксу. Гэта ўсяго адзін з эпізодаў, і ня самы страшны, з дакумэнтальнага фільму «Толькі нікому не кажы» пра сэксуальнае выкарыстаньне дзяцей у польскім касьцёле. За няпоўныя тры дні ў ютубе яго паглядзела 7 млн. чалавек.

Фільм зьняў вядомы журналісцкі тандэм братоў Томаша і Марэка Сэкельскіх. Каб запэўніць сабе поўную незалежнасьць, аўтары вырашылі, што галоўным спонсарам мае быць глядач. Сродкі на фільм сабралі праз краўдфандынг.


Прэм’ера мела эфэкт выбуху бомбы. Трэці дзень гэта тэма нумар адзін у СМІ і сацыяльных сетках. За працу аўтарам дзякуюць касьцёльныя герархі, а кансэрватыўныя ўлады, блізкія з касьцёлам і чулыя на любую крытыку гэтай інстытуцыі, анансуюць, што павялічаць кары супраць пэдафілаў да 30 год турмы. Адзін з антыгерояў фільму адмовіўся ў нядзелю ад сьвятарскага сану. Кожны дзень прыносіць фільму чарговыя 2 мільёны праглядаў.

«Толькі нікому не кажы» — гэта фраза, якую дзеці чулі ад сьвятароў пасьля сэксуальнага выкарыстаньня. Дзецям забаранялі казаць пра гэта бацькам, на споведзі, а адзін са сьвятароў пагражаў ахвяры згвалціць і ягонага малодшага брата. Фільм раскрывае невядомыя дагэтуль выпадкі сэксуальнага выкарыстаньня дзяцей у польскім касьцёле — дамаганьні, згвалтаваньні і пагрозы. Пра гэта распавядаюць ня толькі ахвяры, але і самі сьвятары, зьнятыя на схаваную камэру пры сустрэчы са сваімі ахвярамі праз гады. І гэта самыя жорсткія сцэны.

Фраза, прыведзеная вышэй, пра эякуляцыю, належыць былому капэляну Леха Валэнсы, ягонаму самаму блізкаму сьвятару ў часы «Салідарнасьці» і пазьней прэзыдэнтуры, Францішку Цыбулі. Ксёндз памёр сёлета ў лютым, але аўтары фільму пасьпелі зьняць яго прызнаньне. Старэнькі дзядок, седзячы на кухні, тлумачыць мужчыну, якога неаднаразова гвалціў, што гэта было ўсяго лашчаньне і што ён жа не прывязваў ахвяру да ложка. «У цябе быў... апэтыт», - кажа ён сваёй ахвяры. А пасьля прапануе грошы.

Пачынаецца фільм ад гісторыі 39-гадовай жанчыны, якую ў 8-гадовым узросьце дамагаўся сьвятар — мацаў дзяўчынку і мастурбаваўся яе рукамі. Праз 30 год пасьля гэтага яна сустракаецца з ксяндзом-пэнсіянэрам. Сьвятар не пярэчыць, кажа, што яму сорамна, што яна не была адзінай ахвярай, што ў ім тады пасяліўся д’ябал. Ён хоча ў знак выбачэньня пацалаваць яе ў руку. Жанчына выбачае, але ад пацалунку адмаўляецца.

Ахвяры самі зьвярнуліся да аўтараў фільму, бо і празь дзясяткі гадоў пасьля гвалту траўма не дае ім спакою. Яны спрабавалі скончыць жыцьцё самагубствам, іх кідалі жонкі, адварочваліся блізкія людзі. Усё жыцьцё іх не пакідае страх.

Гэта жорсткі і балючы фільм, які трымае ў напрузе і пасьля 2 гадзінаў сьведчаньняў. Ня толькі гісторыямі ахвяраў, але і фактамі, як некаторыя герархі хавалі праблему пад дыван. Сьвятароў, якіх судзілі за дамаганьні, проста перакідалі ў парафію з парафіі, дзе яны ізноў маглі сустракаць зь дзецьмі, хаця такія кантакты былі забароненыя судом. У адной з такіх парафіяў малады хлопец, які служыў у мясцовым касьцёле, павесіўся. Сьвятаром там быў той самы ксёндз, які амаль 10 гадоў выкарыстоўваў іншага хлопца, героя фільма. Біскупы часта ігнаравалі сьведчаньні ахвяраў і абвіначвалі пацярпелых у паклёпе.

У фільме на такую тэму і пра такую інстытуцыю, як касьцёл, вельмі лёгка было збочыць у антыклерыкалізм. І самая сур’ёзная падстава відавочная — чаканьні ад касьцёлу, як установы, якая стаіць на варце маралі, у разы большыя, чым ад любой іншай. Але аўтараў немагчыма абвінаваціць у маніпуляцыі. Яны пазьбягаюць абагульненьняў і асуджэньня ўсяго касьцёлу. Таму нават зацятыя абаронцы касьцёлу ад любой крытыкі значна залагодзілі свой тон пасьля прэм’еры.

Фільм Сэкельскіх адзін з самых пракасьцельных фільмаў апошніх гадоў у Польшчы. Ён дапамагае касьцёлу пачаць змаганьне з праблемай, якой той ня мог даць рады, бо проста яе не заўважаў. Але самае галоўнае, што ён дае голас ахвярам, якім доўгі час ня верылі і якіх не хацелі слухаць, ператвараючы іх жыцьцё ў пекла.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG