Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Археалягічная экспэдыцыя на Віцебшчыне абвясьціла збор сродкаў і пошук валянтэраў


Архіўнае фота. Раскопкі ў вёсцы Асавец

Археолягі-валянтэры абвясьцілі збор сродкаў на правядзеньне археалягічнай экспэдыцыі на тарфянікавым паселішчы каменнага веку Асавец на Віцебшчыне. Для правядзеньня экспэдыцыі з удзелам валянтэраў у ліпені-жніўні неабходна сабраць 3260 рублёў.

Экспэдыцыя пройдзе: 15 ліпеня — 4 жніўня.

Што будуць капаць: паселішчы Асавец-2 і Асавец-7, яны датуюцца 4–2 тысячагодзьдзямі да нашай эры.

Запоўніць анкету на ўдзел у экспэдыцыі можна тут.

Навошта грошы?

Дасьледаваньне фінансуе Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, а для працы валянтэраў патрэбна грашовая падтрымка, кажа археоляг і кандыдат гістарычных навук Максім Чарняўскі.

Сабраныя сродкі пойдуць на:

  • Арэнду мікрааўтобуса, паліва для яго і электрагенэратара — каля 1000 рублёў;
  • Харчаваньне падчас экспэдыцыі — 2100 рублёў.

Чарняўскі кажа, што ў ранейшых раскопках на Асаўцы бралі ўдзел людзі з розным прыбыткам: ад студэнтаў да бізнэсоўцаў. Апошнія выбіралі ўдзел у экспэдыцыі замест адпачынку за мяжой. А студэнты нярэдка хацелі, але не маглі паехаць на раскопкі з прычыны неабходных выдаткаў. Напрыклад, харчаваньне цягам 21 дня экспэдыцыі для аднаго чалавека будзе каштаваць 105 рублёў.

«Людзі прыяжджаюць працаваць, дапамагаць археалягічнай экспэдыцыі. Яны фактычна ўкладаюць свае грошы ў сваю працу. Зразумела, што мы ня плоцім ім заробкаў, гэта чыста валянтэрская праца. І хочацца нейкім чынам ім аддзячыць».

Людзі, якія падтрымаюць раскопкі ў Асаўцы на суму 20 рублёў і больш, змогуць удзельнічаць у экспэдыцыі. Такім чынам, падтрымка праекту азначае аплату неабходных для ўдзелу ў раскопках выдаткаў.

Што важна ведаць пра старажытныя паселішчы вакол Асаўца?

Сем паселішчаў каменнага веку ля вёскі Асавец разам з паселішчамі Крывіна на Віцебшчыне вядомыя археолягам як мікрарэгіён Крывінскага тарфяніку.​

На гэтых помніках у культурным пласьце, перакрытым торфам, захаваліся ад згніваньня арганічныя артэфакты.

Падчас раскопках у Асаўцы і Крывіне знайшлі:

  • дзясяткі тысяч фрагмэнтаў керамікі;
  • тысяч крамянёвых і каменных вырабаў;
  • больш 1,5 тысячы вырабаў з косьці і рогу;
  • дзясяткі бурштынавых упрыгажэньняў;
  • драўляныя, медныя і бронзавыя артэфакты.

Атрыманая на сёньняшні дзень калекцыя самая багатая на тэрыторыі Паўночнай Беларусі. Мастацкія і культавыя вырабы з паселішчаў Крывінскага тарфяніка — гэта істотная крыніца для рэканструкцыі духоўнага сьвету жыхароў Беларусі ў каменным веку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG