Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржсакратар ЗША зладзіў незаплянаваны візыт у Ірак. Справа ў Іране


Майк Помпэо ў Багдадзе, 7 траўня
Майк Помпэо ў Багдадзе, 7 траўня

Увечары аўторка, 7 траўня дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо прыбыў у Ірак зь візытам, аб якім раней не абвяшчалася. Як расказвае «Голас Амэрыкі», у Багдадзе ён абмеркаваў з іракскім прэм’ер-міністрам і чыноўнікамі пагрозы з боку Ірану.

«Я вырашыў наведаць Багдад, каб паразмаўляць з кіраўніцтвам; запэўніць іх у нашай гатоўнасьці гарантаваць сувэрэнітэт і незалежнасьць Іраку», — расказаў Майк Пампэо журналістам на борце самалёта, які ляцеў у іракскую сталіцу.

Ён растлумачыў, што занепакоенасьць ЗША зьвязаная ня зь нейкім асобным эпізодам, а зь цьвёрдай антыіранскай пазыцыяй, пакладзенай у аснову «стратэгіі нацыянальнай бясьпекі адміністрацыі Трампа». Ён адзначыў таксама, што будзе абмяркоўваць бізнэс-пагадненьні між ЗША і Іракам, якія зьменшаць энэргетычную залежнасьць другога ад Ірану.

Візыт у Ірак адбыўся неўзабаве пасьля таго, як Пампэо скасаваў заплянаваную паездку ў Бэрлін і сустрэчу з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель. Адмену візыту за некалькі гадзінаў да вылету тады тлумачылі «пытаньнямі міжнароднай бясьпекі».

У панядзелак дарадца прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан паведаміў, што ЗША адпраўляюць на Блізкі Усход авіяносец USS Abraham Lincoln і ўдарную групу ў сувязі з «рэальнай пагрозай з боку сілаў іранскага рэжыму». Вашынгтон у апошнія месяцы ўзмацніў санкцыйны ціск на Іран празь ядзерную праграму, а таксама абвясьціў іранскі Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі тэрарыстычнай групоўкай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG