Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узбэкістан: сем’ям, дзе называюць дзяцей-трайнят у гонар прэзыдэнта, дораць аўтамабілі


Трайняты, названыя ў гонар прэзыдэнцкай сям'і

Сямейная пара Ісраілавых з гораду Фергана назвала сваіх народжаных 1 траўня трайнят Шаўкатжонам, Зіраатхонам і Саідахонам — у гонар прэзыдэнта Узбэкістану Шаўката Мірзіёева, яго жонкі Зіраатхон Мірзіёевай і старэйшай дачкі Саід Мірзіёевай, паведамляе ўзбэцкая рэдакцыя Радыё Свабода.

Сям’я трайнят атрымала аўтамабіль Cobalt, тры дзіцячыя каляскі, а таксама іншыя падарункі ад імя кіраўніка дзяржавы.

Гэта ня першы выпадак ва Ўзбэкістане, калі бацькі нованароджаных называюць сваіх дзяцей-трайнят у гонар кіраўніка дзяржавы Шаўката Мірзіёева. У большасьці выпадкаў у якасьці падарунка бацькі трайнят атрымліваюць аўтамабіль.

Ва ўзбэцкую рэдакцыю Свабоды сталі паступаць лісты ад іншых бацькоў трайнят, якія таксама назвалі сваіх дзяцей у гонар прэзыдэнта, аднак не атрымалі ніякіх падарункаў. «Мая сястра, якая жыве ў Джандарскім раёне бухарскай вобласьці, нарадзіла хлопчыкаў-трайнят. Назвала іх у гонар нашага прэзыдэнта — Шаўкатам, Мірамонам і Мірзіё. Мы часта чытаем у СМІ аб тым, што бацькам трайнят, названых у гонар кіраўніка дзяржавы, дораць аўтамабіль маркі Cobalt. Нядаўна такі аўтамабіль атрымала сямʼя з Шафірканскага раёну. Аднак маёй сястры чамусьці машыну не падаравалі. Справа нават не ў машыне, а ў тым, што ўлады павінны ставіцца аднолькава да ўсіх трайнят, што названыя ў гонар кіраўніка дзяржавы!» — напісала адна са сваячак бацькоў трайнят.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG