Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На выбарах прэзыдэнта Паўночнай Македоніі перамог празаходні кандыдат


Стэва Пэндароўскі набірае 51,66% галасоў, яго суперніца, кансэрватарка-нацыяналістка Гардана Сіляноўска-Даўкава — 44,73%
Стэва Пэндароўскі набірае 51,66% галасоў, яго суперніца, кансэрватарка-нацыяналістка Гардана Сіляноўска-Даўкава — 44,73%

На выбарах прэзыдэнта Паўночнай Македоніі — першых пасьля зьмены афіцыйнай назвы гэтай балканскай краіны — перамогу атрымлівае праэўрапейскі кандыдат-левацэнтрыст ад уладнай Сацыял-дэмакратычнай партыі СДСМ Стэва Пэндароўскі.

Пасьля падліку 100 працэнтаў галасоў ён набірае 51,66% галасоў, яго суперніца, кансэрватарка-нацыяналістка Гардана Сіляноўска-Даўкава — 44,73%.

Яшчэ 3,61% бюлетэняў прызнаныя несапраўднымі.

Актыўнасьць выбарнікаў у другім туры галасаваньня 5 траўня склала 46,6%, што перавысіла 40-працэнтны парог, неабходны для таго, каб было прызнана, што выбары адбыліся.

Выбарчая камісія Паўночнай Македоніі заявіла, што галасаваньне прайшло бяз значных парушэньняў.

Хоць кансэрватыўная нацыяналістычная партыя ВМРО-ДПМНЕ («Унутрымакедонская рэвалюцыйная арганізацыя — Дэмакратычная партыя за македонскае нацыянальнае адзінства»), якая вылучала Сіляноўску-Даўкаву, заявіла пра «шматлікія парушэньні».

У першым туры 21 красавіка кандыдаты набралі амаль пароўну галасоў: 42,8% — Стэва Пэндароўскі, і 42,2% — Гардана Сіляноўска-Даўкава.

Абодва кандыдаты ў другім туры — прадстаўнікі навуковай супольнасьці, якія маюць адрозныя пазыцыі ў шэрагу важных для краіны пытаньняў.

55-гадовы Пэндароўскі, былы прафэсар паліталёгіі, стаіць на празаходніх пазыцыях, ён таксама падтрымлівае дамову з Грэцыяй, паводле якой краіна зьмяніла назву з Македоніі на Паўночную Македонію, Грэцыя зьняла пярэчаньні супраць яе ўступленьня ў NATO і ЭЗ.

63-гадовая Сіляноўска-Даўкава, прафэсарка ўнівэрсытэту, рэзка крытыкавала пагадненьне і спачатку абяцала ў выпадку перамогі зрабіць усё, каб адмяніць яго, але ўрэшце заявіла, што прызнае той факт, што краіна мае ўжо новую назву, але сама «ніколі ня будзе выкарыстоўваць яе». Пры гэтым яна прыхільніца інтэграцыі ў ЭЗ і NATO.

У Паўночнай Македоніі функцыі прэзыдэнта пераважна цырыманіяльныя, але кіраўнік дзяржавы мае некалькі істотных паўнамоцтваў, сярод якіх права вэта на заканадаўчыя акты парлямэнту. Кіраўнік СДСМ, прэм’ер-міністар Зоран Заеў заяўляў, што вынікі выбараў прэзыдэнта могуць пацягнуць і пазачарговыя парлямэнцкія выбары.

Дзейны прэзыдэнт Джорге Іванаў, вылучэнец ВМРО-ДПМНЕ, адбыў на прэзыдэнцкай пасадзе два пяцігадовыя тэрміны і ня мог балятавацца зноў; ягоны тэрмін заканчваецца 12 траўня.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG