Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ёсьць у расейцаў прыярытэт перад беларусамі на пашпартным кантролі ў менскім аэрапорце?


Нацыянальны аэрапорт «Менск»
Нацыянальны аэрапорт «Менск»

Расейскія грамадзяне маюць прыярытэт перад беларусамі пры пашпартным кантролі ў Нацыянальным аэрапорце Менск, напісаў у Фэйсбуку мянчук, пабачыўшы асобную чаргу для падарожнікаў з суседняй дзяржавы. Свабода высьветліла, ці гэта праўда.

Выявілася, што яшчэ ў студзені Нацыянальны аэрапорт разам з памежнай службай Беларусі ўвёў сыстэму разьмежаваньня пасажыраў у сэктары прылёту.

Паводле Памежнага камітэту, гэта дазваляе істотна скараціць час перасячэньня мяжы і «стварыць больш камфортныя ўмовы для грамадзянаў».

«У залежнасьці ад колькаснага складу пасажыраў рэйсаў, якія прыбываюць, асобныя каналы пашпартнага афармленьня загадзя вылучаюцца для грамадзян Саюзнай дзяржавы або для грамадзян іншых дзяржаў. Пры гэтым грамадзяне Беларусі маюць права праходжаньня памежнага кантролю на любым з кірункаў», — адзначана на сайце Памежнага камітэту.

«Грамадзяне Беларусі могуць праходзіць кантроль у любой кабіне, дзе чарга меншая»

Грамадзяне Беларусі ўжо адчулі на сабе, як функцыянуе сыстэма разьмежаваньня. У сваім фэйсбуку Stas Ivas напісаў, што «на пашпартным кантролі па прылёце зьявіўся прапускны пункт для расейцаў, дзе яны маюць прыярытэт перад беларускімі пашпартамі».

Прэс-сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі патлумачыў карэспандэнту Свабоды, што на электронных шыльдах пішуць і «Саюзная дзяржава», і «Расея» — «у залежнасьці ад колькасьці адпаведных грамадзянаў». Паводле яго, памежнікам «прасьцей і хутчэй правяраць аднастайныя пашпарты».

«Мы, як правіла, загадзя маем зьвесткі, грамадзянаў якіх краін больш на рэйсе. І каб паскорыць працэс памежнага кантролю, спрабуем кіраваць патокам. Калі, напрыклад, на рэйсе аднолькавая колькасьць расейцаў і беларусаў і меншая частка грамадзянаў іншых дзяржаў, то будзе выдзелена адна кабіна для грамадзян „саюзнай дзяржавы“. Могуць пісаць „Расея“, могуць пісаць „саюзная дзяржава“, могуць пісаць любую іншую дзяржаву ў залежнасьці ад таго, які склад рэйсу, што прыбывае».

Паводле Антона Бычкоўскага, калі кабіна вольная, то грамадзянін любой краіны, незалежна ад інфармацыі на табло, можа прайсьці там пашпартны кантроль. Ён зьняпраўдзіў выказваньні, што расейскія пашпарты маюць прыярытэт перад беларускімі.

«Грамадзяне Рэспублікі Беларусь не зазнаюць ніякіх абмежаваньняў, яны ў нас у прыярытэце».

Зьявіцца канал для ўдзельнікаў Эўрапейскіх гульняў

Паводле Памежнага камітэту, у пэрспэктыве плянуецца ўвесьці асобны напрамак для ўдзельнікаў і гасьцей II Эўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у Менску з 21 па 30 чэрвеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG