Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адновяць капішча, якому каля 900 гадоў


Музэй валуноў у Менску, тут знаходзіцца камень «Дзед» з менскага капішча

Паганскае капішча, якое існавала ў Менску з XI стагодзьдзя, вырашылі аднавіць. Яно будзе ў парку імя 40-годдзя Вялікага Кастрычніка, каля гатэлю «Пекін». Свабода даведалася факты пра язычніцкі храм.

Што адбылося

Улады Менску пастанавілі аднавіць паганскае капішча. Яно будзе стылізаванае: месца капішча абазначаць драўлянай агароджай, забрукуюць, зробяць дэкараванае падсьвятленьне, паведамляюць «Минск-новости».

Капішча — паганскі алтар, месца малітвы для язычнікаў, як царква для хрысьціянаў.

Гэта прадугледжана праграмай па добраўпарадкаваньні парку імя 40-годзьдзя Вялікага Кастрычніка. Аднавіць капішча плянуюць ужо сёлета ў траўні.

Менскаму капішчу 800–900 гадоў

Па падліках гісторыка, археоляга Алега Трусава, менскае капішча зьявілася ў XI–XII стагодзьдзі і праіснавала да XX стагодзьдзя. Яно было каля ракі Сьвіслачы, па вуліцы Лодкавай, якраз насупраць цяперашняга ліцэю БДУ. Аднавіць стылізаванае капішча зьбіраюцца не ў гістарычным месцы — там цяпер рэстаран «Старое русло» — а далей, у парку каля гатэлю «Пекін».

На старым капішчы быў паўсфэрычны камень, крыж, на які вешалі вышываныя ручнікі, і памост з дубовага бярвеньня. Вядома, што да 1880 году каля капішча рос вялікі дуб «Волат». Па легендзе, ахапіць яго цалкам маглі толькі чатыры чалавекі. Быў там і вялізны валун «Дзед», што цяпер у музэі валуноў ва Ўруччы.

Музэй валуноў у Менску
Музэй валуноў у Менску

«Ёсьць апісаньні капішча і малюнкі. Гэтае капішча вядомае зь пісьмовых дакумэнтаў пачатку XX стагодзьдзя. Там яшчэ паліцыя разганяла язычнікаў. Яно магло існаваць з XI–XII стагодзьдзя. Па вадзе можна было да яго дабрацца, там была прыстань. Калі Менск перанесьлі зь Менкі, тады яно і ўтварылася», — расказвае Алег Трусаў.

На капішчы падтрымліваўся ахвярны агонь. У дыямэтры агмень быў каля мэтра. Дно было выкладзенае камянямі, навокал — агароджа з валуноў вышынёй 30–40 сантымэтраў.

Магло быць адзіным капішчам у Менску

Паводле Алега Трусава, Менск будаваўся ўжо як хрысьціянскае паселішча, таму капішча магло быць адно на ўвесь горад.

«Першы храм у Менску вядомы з раскопак археолягаў, ён існаваў у XI–XII стагодзьдзі. Хутчэй за ўсё, існаваў сапраўдны дуалізм. Было дзьве рэлігіі, што не асуджалася», — кажа Алег Трусаў.

Цалкам зьнікла толькі ў 1980-я гады

Наступ на менскае капішча і паганцаў пачаўся ў 80-я гады XIX стагодзьдзя. У 1880-м сьвяткавалі 900-годзьдзе хрышчэньня Русі. Тады капішча спрабавалі хрысьціянізаваць. Але гэта не спыніла паганскія абрады на гэтым месцы.

Дахрысьціянская абрадавая мясьціна ў Бялыніцкім раёне
Дахрысьціянская абрадавая мясьціна ў Бялыніцкім раёне

У 1905 годзе агонь на месцы капішча ўжо не гарэў, але камень «Дзед» яшчэ там заставаўся, і, па сьведчаньнях гісторыкаў, людзі туды прыходзілі.

Камень вывезьлі ва Ўручча ў 1980 годзе, напярэдадні маскоўскай Алімпіяды. Лічаць, што менавіта тады капішча было цалкам зьнішчана.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG