Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Аўстраліі зьбіраюцца зьнішчыць 2 мільёны дзікіх катоў


Дзікая кошка ў аўстралійскім лесе.
Дзікая кошка ў аўстралійскім лесе.

У Аўстраліі да 2020 году плянуюць зьнішчыць 2 мільёны дзікіх катоў, паведамляецца на сайце ўраду краіны. Усяго ў краіне налічваюць ад двух да шасьці мільёнаў асобін.

Такія меры прымаюцца для барацьбы з пагрозай зьнішчэньня некаторых відаў жывёл-эндэмікаў (якія жывуць толькі на Аўстралійскім кантынэнце). Лічыцца, што дзікія каты кожны дзень забіваюць больш за 1 мільён птушак і 1,7 мільёна рэптылій па ўсёй Аўстраліі, удакладніў прадстаўнік Міністэрства навакольнага асяродзьдзя і энэргетыкі краіны са спасылкай на навуковыя дасьледаваньні.

У аўстралійскім штаце Квінслэнд за скальп дзікага ката прапануюць узнагароду 10 даляраў. У арганізацыі па абароне жывёлаў PETA такую практыку назвалі жорсткай. Эколяг Том Доэрці лічыць, што няма надзейнага спосабу ацаніць рэальную папуляцыю дзікіх катоў па ўсёй краіне. Ён таксама выказаў сумнеў у тым, што зьнішчэньне дзікіх катоў дапаможа ў абароне птушак і млекакормячых.

Першыя каты былі завезеныя ў Аўстралію ў XVII стагодзьдзі, цяпер яны насяляюць на 99,8 адсоткаў тэрыторыі краіны. Вонкава жывёлы амаль не адрозьніваюцца ад хатніх катоў, розьніца ў тым, што яны жывуць у дзікай прыродзе і палююць дзеля пракорму.

У 2015 годзе ўрад Аўстраліі санкцыянаваў адстрэл двух мільёнаў дзікіх катоў. Па розных ацэнках, тады ў краіне пражывала да 18 мільёнаў асобін. У траўні 2018 году аўстралійскія ўлады ўзьвялі 44-кілямэтровы плот, агарадзіўшы каля дзевяці тысяч гектараў у запаведніку Ньюхэйвэн. Плот абараняе рэдкія віды жывёл ад драпежнікаў да аднаўленьня іх папуляцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG