Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Эўропа балканізавалася».10 цытат з выступу ў Менску харвацкага пісьменьніка Міленкі Ергавіча


Пісьменьнік Міленка Ергавіч (у цэнтры), сьпявачка Весна Вашко і перакладчык Сяргей Шупа

У Менску з удзелам аўтара прэзэнтавалі кнігу Міленкі Ергавіча «Арэхавы палац», якую з харвацкай на беларускую мову пераклаў Сяргей Шупа. Раман выйшаў у выдавецтве Зьмітра Коласа.

«Арэхавы палац» — сацыяльны, палітычны і чалавечы пэйзаж далмацкага гораду Дуброўнік і яго навакольля праз гісторыю адной сям’і. Пятнаццаць разьдзелаў кнігі пададзены ў адваротным часе — кніга пачынаецца сьмерцю адной з гераінь, заканчваецца яе нараджэньнем. Раман-падарожжа праз ХХ стагодзьдзе можа служыць мастацкімі ўводзінамі ў гісторыю Югаславіі.

Кніга Міленкі Ергавіча «Арэхавы палац»
Кніга Міленкі Ергавіча «Арэхавы палац»

Літаратура мае большае права на мову, чым народ

«Па сутнасьці, я пішу на пяці мовах. На нашай тэрыторыі існуюць чатыры ці пяць народаў, якія вельмі падобна гавораць. Калі слухаць, чытаць ці глядзець збоку, то можа здацца, што яны гавораць на адной мове. Але вы не змаглі б цяжэй і горш іх абразіць, чым калі б сказалі, што яны гавораць на адной мове.

Я з назвай мовы ня маю ніякіх праблем. За часы Югаславіі мова тых пяці народаў называлася сэрбскахарвацкая. Вайна пачалася вайна ў тым ліку і праз назвы моваў. Тут гаворка ідзе пра вельмі сур’ёзную, крывавую рэч. Літаратура ня можа быць рабыняй гэтых сур’ёзных крывавых рэчаў. Літаратура мае большае права на мову, чым мае народ. Народу ўвогуле мова і не патрэбна. На рынку можна купляць усё на любой мове. Абсалютна нармальна, калі вы там будзеце купляць і па-ангельску.

Літаратура — гэта нешта іншае. У нейкім сэнсе яна важнейшая, чым народ. На карысьць слушнасьці такой думкі служыць тое, што народ сваю ідэнтычнасьць грунтуе на літаратурных творах. Нават тыя мовы, якія ня маюць сваёй літаратуры, пісанай на паперы, усё роўна сваю ідэнтычнасьць базуюць на літаратурнай творчасьці. Ідэальны прыклад — цыганы. Яны ня маюць вялікай пісьмовай літаратуры, але яны абсалютна літаратурны народ. Сваімі сьпевамі яны захоўваюць сваю вялікую бібліятэку».

Падчас прэзэнтацыі. Зьлева направа: мовазнаўца і перакладчык Лявон Баршчэўскі, выдавец Зьміцер Колас, сьпявачка і кампазытар Весна Вашко, пісьменьнік Міленка Ергавіч, перакладчык Сяргей Шупа
Падчас прэзэнтацыі. Зьлева направа: мовазнаўца і перакладчык Лявон Баршчэўскі, выдавец Зьміцер Колас, сьпявачка і кампазытар Весна Вашко, пісьменьнік Міленка Ергавіч, перакладчык Сяргей Шупа

Безь літаратуры патрыятызм мае дзікунскі выгляд

«Футбаліст можа гуляць толькі за адну зборную. Пісьменьнік проста піша для ўсіх тых, хто ягоную мову разумее як сваю родную. На жаль, у нашым выпадку гэта той пункт, дзе пісьменьнік робіцца нацыянальным здраднікам. Я ў прынцыпе пісьменьнік і тых, хто ваяваў супраць краіны, і народу, зь якога я паходжу. Гэта проста так ёсьць. Тут нічога ня можаш зьмяніць, і тут нельга нічога зьмяніць. Ня тое, што я пісьменьнік культуры сваіх ворагаў, але проста я гэтую культуру ўспрымаю як сваю.

Літаратура важнейшая за патрыятызм. Літаратура робіць магчымым разумны патрыятызм. Безь літаратуры патрыятызм мае дзікунскі выгляд».

Калі мы ня ведаем пра беларусаў ці ўкраінцаў, гэта іхныя праблемы

«Ня трэба людзей неяк абавязкова лякалізаваць. Лякалізацыя людзей падобная на тое, калі ты іх бярэш на мушку. І ўсё, што застаецца — націснуць курок і стрэліць. Мяне не нэрвуе тое, што людзі з аднаго канца Эўропы ня ведаюць пра людзей з другога канца. Раней нэрвавала, цяпер часам забаўляе.

Напрыклад, для людзей з майго сьвету ўсе з Савецкага Саюзу, калі яны не мусульмане, то расейцы. Любое адкрыцьцё, што там ёсьць нейкія іншыя людзі, прычым не мусульмане і не расейцы, было для іх шокам. Калі ў 1991 годзе зьявіліся раптам нейкія літоўцы, латышы, эстонцы, то гэта выглядала абсалютна ненармальным для людзей з нашага сьвету. Але балканцы са сваім няведаньнем ня маюць ніякіх праблем. Яны лічаць, што тое, што яны ня ведаюць, — гэта віна тых, пра каго яны ня ведаюць. Калі мы нешта ня ведаем пра беларусаў ці ўкраінцаў, гэта іхныя праблемы, а ня нашы».

Наведнікі прэзэнтацыі
Наведнікі прэзэнтацыі

Раней казалі, што балканцы мусяць эўрапеізавацца, цяпер Эўропа балканізавался

«Балканцы вельмі несымпатычныя людзі. Найлепшае, што можна пра нас сказаць — якое шчасьце, што нас так мала.

Дваццаць гадоў таму казалі, што балканцы мусяць эўрапеізавацца. Цяпер Эўропа балканізавался. І нават прэзыдэнтам ЗША стаў наш чалавек.

Я люблю ўсе тры народы і тых ідыёцкіх людзей, якія да іх належаць

Народы той краіны, дзе я жыву... такое адчуваньне, што яны ня здольныя жыць, як нармальныя людзі. Яны жывуць у такой упэўненасьці, што два іншыя народы вінаватыя ва ўсім. Я пішу і гавару трыццаць гадоў, пакутую ад гэтага — і мне гэта ў нейкім сэнсе ўжо абрыдла. З другога боку, мне наканавана пажыцьцёва займацца гэтым, таму што я чалавек з той часткі сьвету. Інакшы бок праблемы палягае ў тым, што я гэты сьвет люблю. Трохі праблема ў тым, што я не люблю канкрэтны народ з гэтых трох ці канкрэтную культуру — я люблю ўсе тры культуры і ўсіх тых ідыёцкіх людзей, якія належаць да іх».

Весна Вашко, Міленка Ергавіч і Сяргей Шупа
Весна Вашко, Міленка Ергавіч і Сяргей Шупа

Калі б Алексіевіч напісала адзіную кнігу — пра Чарнобыль, яна заслужыла б усе нобэлеўскія прэміі

«Тое, што Сьвятлана Алексіевіч атрымала Нобэлеўскую прэмію, вельмі важна і добра з шмат якіх прычын. Для мяне было важна, што прэмію атрымала пісьменьніца з памежжа трох краінаў і народаў — беларускага, украінскага і расейскага. Важна, што прэмію атрымала пісьменьніца, якая піша якраз пра тое, пра што піша Алексіевіч. Менш людзей будзе казаць, што рэпартаж — гэта не літаратурны жанр. Я думаю, што літаратурны. Калі б Алексіевіч напісала адну-адзінюткую кнігу, пра Чарнобыль, і больш нічога, яна абсалютна заслугоўвала б усе нобэлеўскія прэміі сьвету».

Славянскія мовы — мовы скаргаў, пакут, галашэньня

«Я не люблю вульгарнасьць. Такія пісьменьнікі, як Чарльз Букоўскі, Генры Мілер для мяне не існуюць. Горш за вульгарнасьць можа быць толькі сэкс у тэксьце. Тым больш калі гаворка ідзе пра Балканы і славянскія культуры, схільныя да патэтыкі і сэнтымэнтальнасьці. Нямецкая мова — мова філязофіі, італьянская — прыгажосьці. А славянскія — мовы галашэньня, скаргаў, пакут, просьбаў аб дапамозе, мовы эмоцый, якія выклікаюць шкадаваньне. Гэта стэрэатып. А я маю права на прыватныя стэрэатыпы і забабоны».

Падчас прэзэнтацыі
Падчас прэзэнтацыі

Калі я чую пра цэнзуру ў літаратуры, адчуваю зайздрасьць

«Калі я чую, што недзе існуе цэнзура ў літаратуры — я адчуваю зайздрасьць. Разумею, што страшна, калі я такое кажу. У Югаславіі, калі нешта забаранялі — гэта была залатая эпоха ў нейкім сэнсе. Бо тады ўсе чыталі тое, што забаронена, і множылі ў вялікай колькасьці тэксты.

Чым больш праходзіць часу, тым цяжэй зразумець, чым кіраваліся камуністычныя камісары пры забароне кніг, фільмаў. Чым больш праходзіць часу, тым больш камунізм ператвараецца ў нейкую гермэтычную рэлігію, элемэнты і цырыманіял якой могуць зразумець толькі вернікі».

Пакуль існуюць забароны, ёсьць надзея для літаратуры

«Я меў шмат праблем з цэнзурай сваіх газэтных тэкстаў, і толькі адзін раз — з цэнзурай літаратурнага, з „Рутай Таненбаўм“. Гэта кніга пра Галакост у Харватыі. Там напісана, што габрэяў забівалі харваты, а ня немцы. Я меў праблемы з гэтай кнігай.

Цяпер тыя, хто рабіў мне праблемы, проста перасталі мяне чытаць. Ці зразумелі, што літаратура ў Харватыі настолькі неістотная рэч, што ня варта рабіць зь ёй нейкія праблемы. Страшна, калі нейкая супольнасьць пачынае ігнараваць сваю ўласную літаратуру.

Пакуль існуюць забароны, існуе і нейкая надзея для літаратуры».

Каб я жыў у Беларусі, пісаў бы на беларускай мове

«Што параіць беларускім пісьменьнікам у моўнай сытуацыі, якая склалася тут? На ангельскай дакладна ня трэба пісаць. Беларускія пісьменьнікі маюць тую перавагу, што, па сутнасьці, яны маюць дзьве мовы. Гэта не праблема, а перавага. Праблема ў тым, што беларуская мова настолькі неабароненая, што ёй трэба змагацца за свае існаваньне. Але гэта нешта такое, чым мусіць займацца дзяржава. Калі б я жыў тут, я не асуджаў бы пісьменьнікаў, якія пішуць на расейскай мове. Але, калі б я быў беларус і жыў тут, я б пісаў на беларускай мове. Але гэта нешта такое, што нельга некаму загадаць ці прымусіць».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG