Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне чацьвёрты дзень ня могуць справіцца за ляснымі пажарамі за 5 кілямэтраў ад Беларусі


Ілюстрацыйнае фота. Пажар на Палтаўшчыне ва Ўкраіне, 23 красавіка 2019 году

У Алеўскім і Оўруцкім раёнах Жытомірскай вобласьці на адлегласьці 5 кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю гараць лясы на тэрыторыі 15 гектараў.

Як паведамілі Свабодзе ў Дзяржаўнай службе ў надзвычайных сытуацыях Ўкраіны, тушэньне пажару ўскладняецца немагчымасьцю пад’езду тэхнікі і доступу пажарных да асобных ачагоў загараньня.

Для барацьбы зь ляснымі пажарамі задзейнічана і авіяцыя — учора з самалёта Ан-32П пяць разоў скідалі ваду агульным аб’ёмам 40 т.

У тушэньні пажару задзейнічана 20 адзінак тэхнікі і 226 чалавек.

Пажары пачаліся 23 красавіка з гарэньня сухой травы і чароту. Толькі за апошнія суткі плошча гарэньня павялічылася на 5 гектараў.

Паводле Дзяржаўнай службы надзвычайных сытуацый Украіны, на працягу наступных двух дзён на ўсёй тэрыторыі краіны абвешчаны высокі ўзровень пажарнай небясьпекі.

У Беларусі за мінулыя суткі патушылі 93 пажары агульнай плошчай амаль 100 гектараў: паводле апэратыўных зьвестак МНС Беларусі, ліквідаваныя 34 лясныя пажары, 13 тарфяных пажараў і 46 пажараў травы і кустоў.

Працягваюць тушыць пажары на Гомельшчыне, каля вёскі Красноўка Нараўлянскага раёну, і на Альманскіх. МНС паведамляе, што пажары лякалізаваныя, але працягваецца тушэньне асобных ачагоў узгараньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG