Улады Шры-Ланкі аб’явілі аб затрыманьні мясцовага мільярдэра Махамэда Ібрагіма, бацькі двух сьмяротнікаў, якія ўчынілі выбухі 21 красавіка. Пра гэта тэлеканалу CNN паведаміў прадстаўнік паліцыі.
Бізнэсмэн і адзін з найбуйнейшых экспартэраў спэцый у краіне затрыманы па падазрэньні ў садзейнічаньні падазраваным у тэрарызьме. Прадстаўнік паліцыі таксама распавёў, што ўсе чальцы сямʼі Ібрагіма, хутчэй за ўсё, знаходзяцца пад вартай.
Невядомым застаецца месцазнаходжаньне мусульманскага прапаведніка Захрана Хашыма, якога ўлады лічаць арганізатарам тэрактаў.
Напярэдадні ў парлямэнце Шры-Ланкі была апублікаваная інфармацыя аб тым, што індыйскія спэцслужбы 4 красавіка папярэдзілі сваіх шры-ланкійскіх калег аб надыходзячым тэракце. Аднак кіраўнікі сілавых ведамстваў па невядомых дагэтуль прычынах не распачалі ў сувязі з гэтым ніякіх дзеяньняў.
Прэмʼер-міністар і прэзыдэнт краіны сьцьвярджаюць, што ім не паступала ніякай інфармацыі з гэтай нагоды.
На Шры-Ланцы затрымалі бацьку двух сьмяротнікаў, мясцовага мільярдэра