Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На туркмэнскіх студэнтах Беларусь можа страціць 22 мільёны даляраў за год


Навучэнцы з Туркмэністану, ілюстратыўнае фота
Навучэнцы з Туркмэністану, ілюстратыўнае фота

Паводле афіцыйных дакумэнтаў, туркмэнскія ўлады з наступнага году дазволяць вучыцца сваім студэнтам толькі ў адной беларускай ВНУ — у БДУ. Цяпер там вучыцца толькі 18-я частка ад усіх туркмэнаў — студэнтаў беларускіх устаноў. Колькі фінансава страціць Беларусь?

7749 — столькі студэнтаў з Туркмэністану навучаюцца цяпер у Беларусі (паводле Белстату). Але цяпер у Туркмэністане ўводзіцца новы парадак прызнаньня дыплёмаў замежных вышэйшых навучальных установаў. Пералік ВНУ, дыплёмы якіх будуць прызнавацца ў краіне, абнародавалі напярэдадні.

У гэтым сьпісе толькі адна беларуская ўстанова — БДУ. Цяпер там вучацца 422 студэнты з Туркмэністану. Забарона для туркмэнскіх студэнтаў значыць ня толькі непрызнаньне дыплёмаў іншых ВНУ, але яшчэ і немагчымасьць атрымліваць грошы на жыцьцё ў Беларусі і на аплату вучобы ад сваякоў.

З дакумэнту вынікае, што гэта ня тычыцца студэнтаў, якія сёньня ўжо вучацца ў Беларусі, — толькі тых, хто паступіць пазьней.

У астатніх беларускіх ВНУ вучацца яшчэ 7327 студэнтаў з Туркмэністану. Толькі ў адным БДУІРы іх болей за 500.

Колькі страцяць беларускія ВНУ

Ні ў беларускіх ВНУ, ні ў Мінадукацыі Свабодзе не патлумачылі, ці плянуюцца дадатковыя пагадненьні паміж Туркмэністанам і Беларусьсю, каб даць магчымасьць студэнтам вучыцца ва ўсіх беларускіх ВНУ.

Калі нейкія дадатковыя дакумэнты ня будуць прынятыя, то туркмэнскія студэнты ня змогуць вучыцца ў 41 дзяржаўнай беларускай ВНУ і 9 прыватных. Для ВНУ гэта страты.

У сярэднім навучаньне аднаго замежнага студэнта ў Беларусі каштуе 3 тысячы даляраў за год. Атрымліваецца, калі застануцца толькі студэнты БДУ (422), а астатнія 7327 ня змогуць вучыцца, то беларускія ўнівэрсытэты страцяць 22 мільёны даляраў штогод.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG