Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сыгнал Расеі: ЗША разгарнулі дзьве авіяносныя групы ў Міжземным моры


Ілюстрацыйнае фота. Авіяносец «Абрагам Лінкальн» у Індыйскім акіяне, 2012 год
Ілюстрацыйнае фота. Авіяносец «Абрагам Лінкальн» у Індыйскім акіяне, 2012 год

Амбасадар ЗША Гантсман заявіў, што разгортваньне зьяўляецца сыгналам для Расеі, каб яна спыніла «дзейнасьць дэстабілізацыі ва ўсім сьвеце», паведамляе «Голас Амэрыкі».

ЗША разгарнулі ў Міжземным моры дзьве ўдарныя авіяносныя групы. Амбасадар ЗША ў Расеі Джон Гантсман заявіў, што гэтыя караблі ўяўляюць сабой «100 тысяч тон міжнароднай дыпляматыі» і сыгнал для Расеі.

Гантсман і камандзір сілаў ВМС ЗША ў Эўропе і Афрыцы адмірал Джэймс Фог назіралі за вучэньнямі двайной ударнай групы з авіяносца «Абрагам Лінкальн» у Міжземным моры, гаворыцца ў паведамленьні Шостага флёту ЗША.

Сумесныя вучэньні авіяносцаў «Абрагам Лінкальн» і «Джон Стэніс» пачаліся 23 красавіка.

У аснову вучэньняў пакладзена некалькі сцэнароў (дэталі іх не раскрываюцца), якія прадугледжваюць інтэграцыю двух авіяцыйных падразьдзяленьняў і надводных караблёў з ключавымі саюзьнікамі і партнэрамі ў эўрапейскім тэатры ваенных дзеяньняў.

Прадстаўнікі ВМС адзначылі, што гэта першы выпадак сумеснай работы двух амэрыканскіх авіяносцаў з 2016 году, калі ў рэгіёне былі разгорнутыя караблі «Дуайт Айзэнгаўэр» і «Гары Трумэн».

«Кожны авіяносец, які цяпер працуе ў Міжземным моры, уяўляе сабой 100 тысяч тон міжнароднай дыпляматыі, — заявіў Гантсман. — Дыпляматычныя камунікацыі і дыялёг у спалучэньні з магутнай абаронай, якую забясьпечваюць гэтыя караблі, закліканыя прадэманстраваць Расеі, што калі яны сапраўды хоча палепшыць стасункі з ЗША, яна павінна спыніць дэстабілізуючую дзейнасьць ва ўсім сьвеце».

Усяго ў апэрацыях дзьвюх авіяносных груп задзейнічана больш за 130 самалётаў і верталётаў, 10 караблёў, а таксама 9 тысяч маракоў і марскіх пяхотнікаў.

«У эпоху канкурэнцыі вялікіх дзяржаў, асабліва на моры, адна ўдарная група авіяносца забясьпечвае велізарную апэратыўную гнуткасьць і манэўранасьць, — сказаў адмірал Фог. — Дзьве авіяносныя групы, якія працуюць разам, пры адначасовай інтэграцыі і павышэньні функцыянальнай сумяшчальнасьці з нашымі вельмі спрактыкаванымі саюзьнікамі і партнэрамі па NATO, забясьпечваюць беспрэцэдэнтны ўзровень стрымліваньня аднабаковай агрэсіі і сукупнае ўдарнае дзеяньне. Таксама гэта не павінна пакінуць ніякіх сумненьняў у прыхільнасьці нашай краіны гарантаваньню бясьпекі і стабільнасьці ў рэгіёне».

Знаходзячыся ў гэтым тэатры, ударныя авіяносныя групы працягнуць працу з рэгіянальнымі саюзьнікам і партнэрамі на моры, ствараючы магчымасьці для павышэньня эфэктыўнасьці калектыўнай працы і функцыянальнага ўзаемадзеяньня.

У суправаджэньне авіяносца «Абрагам Лінкальн» уваходзіць гішпанскі фрэгат «Мэндэс Нуньнес», што дэманструе прыхільнасьць ЗША саюзьнікам па NATO, уключаючы іспанскі флёт.

Знаходзячыся ў эўрапейскім тэатры, «Абрагам Лінкальн» і «Джон Стэніс» будуць працягваць працу з саюзьнікамі і партнэрамі па NATO, павышаючы функцыянальную сумяшчальнасьць для гарантаваньня бясьпекі і стабільнасьці на моры, заявілі ў ВМС ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG