Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Элегія на сьмерць кароткіх хваляў, дасланая з Ушачаў


Радыё будзе жыць. Яно проста памяняла свой адрас – пераехала з эфірных хваляў і радыёпрымачоў у кампутары, мабільныя тэлефоны, іншыя прылады, дзе цяпер жыве Інтэрнэт. І яно стане лепшым ня толькі паводле якасьці гуку – але і паводле здольнасьці выконваць усе жаданьні слухачоў.

Пяць гадоў таму мы разьвіталіся з кароткімі хвалямі. На тую сумную падзею тады адгукнуўся - ну проста вершам у прозе - наш слухач Кастусь Сырэль з маленькага мястэчка Ўшачы, што пад Полацкам.

Шаноўнае спадарства!

Радыё Свабода паведаміла нам, што ў хуткім часе зьбіраецца спыніць вяшчаньне на кароткіх хвалях. Такім чынам, кароткія хвалі, якія былі сябрам многіх маіх суайчыньнікаў, у тым ліку і маім сябрам на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў, паміраюць.

Кароткія хвалі першымі данесьлі да нас галасы Эдыт Піяф і Шарля Азнавура, гурту «The Beatles» і залатой трубы Луі Армстронга. Кароткія хвалі адчынялі нам таямнічы і дзівосны сьвет, схаваны ад нас «жалезнай заслонай».

Праз кароткія хвалі, на якіх працавалі заходнія радыёстанцыі «Голас Амэрыкі», ВВС, «Нямецкая хваля», Свабода, Радыё Швэцыі, мы ўпершыню даведваліся нават пра падзеі ў сваёй уласнай краіне — пра падпал суду ў Слуцку ў 1967 годзе, пра катастрофу на чыгунцы пад Менскам у 1977, пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС у 1986. Праз выцьцё глушылак мы ўпершыню слухалі па расейскай службе радыё Свабода «Архіпэляг ГУЛАГ» Аляксандра Салжаніцына.

Таму жалобны мітынг, прысьвечаны спыненьню вяшчаньня Радыё Свабода на кароткіх хвалях, дазвольце лічыць адкрытым.

Кажуць, што пра нябожчыкаў нельга гаварыць дрэнна. Але яшчэ кажуць, што пра нябожчыкаў нельга хлусіць. Таму скажам шчыра: кароткія хвалі хоць і былі нашым верным сябрам, але мелі непастаянны, шалапутны характар.

Яны заўжды імкнуліся разарваць акаляючы Зямлю панцыр іянасфэры і вырвацца на свабоду, у Сусьвет, ці, прынамсі, заляцець як мага далей за далягляд. Першае ім не ўдавалася амаль ніколі, другое ўдавалася амаль заўжды.

Бы птушка ў клетцы, яны зноў і зноў біліся сваімі празрыстымі крыламі аб наэлектрызаванае, разрэджанае, халоднае паветра, уверх-уніз, уверх-уніз, і так, скачучы, заляталі на іншыя, невядомыя землі і кантынэнты, а здаралася, абляталі ўвесь зямны шар.

Непастаянства характару выяўлялася ў тым, што вось голас у дынаміку гучыць моцна і выразна, а праз хвіліну некуды зьнікае, бы яго тут наогул ніколі не было; прычым, па закону Мэрфі, зьнікае на самым цікавым месцы. Гэтая зьява, уласьцівая кароткім хвалям, завецца «заміраньнямі сыгналу».

Мы лаяліся і чартыхаліся, мы ліхаманкава круцілі ручку настройкі, але ўсё роўна зачаравана прыпадалі вухам да прымача, каб паслухаць перадачу да канца. Недасьведчаныя слухачы Свабоды дагэтуль абвінавачваюць у гэтай прыроднай зьяве тэхнічны пэрсанал радыёстанцыі. Але, як вядома, няведаньне законаў фізыкі не вызваляе ад адказнасьці толькі такіх слухачоў, і больш нікога.

Кароткія хвалі ўступалі ў няроўную бойку з глушылкамі, прамысловымі і атмасфэрнымі перашкодамі, ды што казаць — з самім усёмагутным і непераможным Сонцам, якое прыціскала іх да Зямлі тоўстай коўдрай іянасфэры і зацята душыла. Толькі глухімі зімовымі начамі яны адчувалі сябе вальней і ляцелі, бы пералётныя птушкі, усё далей і далей за далягляд, дасягаючы тонкіх мядзяных нітак і срэбных стрыжняў нашых антэн...

Хачу ўзгадаць добрым словам тыя тэхнічныя прылады, што даносілі да нас праз кароткія хвалі галасы плянэты — радыёпрымачы і радыёлы Менскага радыёзаводу, Рыскага заводу «ВЭФ», Талінскага заводу «Пунанэ-РЭТ», Бердзкага, Днепрапятроўскага, Іжэўскага радыёзаводаў. Гэта лямпавыя і транзыстарныя радыёпрымачы і радыёлы «Родина», «Мінск», «Беларусь», «Сакта», «Латвия», «Чайка», «Промінь», «Рекорд», «Rigonda», «Симфония», «Рапсодия», «Спидола», «ВЭФ», «Океан», «Меридиан» і многія, многія іншыя. Амаль усе яны адышлі ў нябыт, але памяць пра іх будзе жыць у нашых сэрцах.

Прашу ўшанаваць іх уставаньнем і хвілінай маўчаньня.

Прашу садзіцца.

Шаноўнае спадарства!

Адышлі ці адыходзяць у нябыт паравоз, параход, прымус, патэфон, арытмомэтар, магнітафон, стужачны фотаапарат, дыскавы нумаранабіральнік, лямпачка напальваньня, et cetera, et cetera, et cetera. Як кажуць філёзафы і паэты, «усё цячэ, усё мяняецца», «река времён в своём стремленьи уносит все дела людей».

Сыход кароткіх хваляў рана ці позна павінен быў адбыцца. Але нам усё роўна шкада, бо гэта — балючы ўдар па інтарэсах многіх людзей сталага веку. Ня ўсе яны могуць набыць і асвоіць кампутар, інтэрнэт. Таму спыніць вяшчаньне на кароткіх хвалях для іх — гэта бы зачыніць акенца ў вялікі сьвет, бы пазбавіць сьвежага паветра. Давайце пашкадуем іх, шаноўнае спадарства.

Праз радыёпрымачы вас слухаюць самыя небагатыя людзі, часта пакрыўджаныя лёсам і сваёй краінай. Яны — самыя верныя вашы сябры, нават тыя, хто часам сварыцца на вас. Даруйце ім гэта, не пазбаўляйце іх радасьці паслухаць Свабоду, пакуль яшчэ сяк-так працуюць іх старэнькія «Акіяны» і «ВЭФы». Працягніце вяшчаньне на кароткіх хвалях яшчэ хоць на якіх пару год, хоць да заканчэньня прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году.

А там будзе відаць.

Калі ласка.

Зь вялікай павагай — Кастусь Сырэль з маленькага мястэчка Ўшачы, што пад Полацкам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG