Аляксандар Лукашэнка па заканчэньні суботніка на «Лініі Сталіна» сказаў журналістам афіцыйных СМІ, што ў Беларусі застануцца «цёплыя адносіны з Украінай», незалежна ад вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.
«Каго б украінскі народ ня выбраў прэзыдэнтам, у нас застануцца самыя добрыя і цёплыя адносіны з гэтай краінай, — цытуе Лукашэнку БелТА. — Калі гэта будзе Пятро Парашэнка, нам нічога і ня трэба выбудоўваць, мы нашыя адносіны ўжо выбудавалі. Бывала добра, бывала горш, але заўсёды знаходзілі рашэньне пытаньняў».
Што тычыцца кандыдатуры Ўладзімера Зяленскага, то, як адзначыў Лукашэнка, гэта чалавек у палітыцы новы і неспрактыкаваны. Але ўсё гэта вырашаецца.
«Я таксама быў калісьці яшчэ маладзейшы, дык ці мне яго ацэньваць? Але я перакананы: калі краіна вызначыцца і абярэ Зяленскага, мы выбудуем такія ж добрыя адносіны, — перакананы беларускі кіраўнік. — Калі ўжо шчыра казаць, тут ад Лукашэнкі, Парашэнкі ці Зяленскага мала што залежыць. Залежыць больш ад народа».
Таксама Лукашэнка выказаў меркаваньне, што дэбаты кандыдатаў 19 красавіка нікому не далі відавочнай перавагі. Ён пры гэтым заўважыў, што не зьяўляецца староньнікам падобнай формы кантактаваньня з выбарцамі.