Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надмагільную пліту Яна Баршчэўскага ва Ўкраіне перадалі на захаваньне касьцёлу


Касьцёл у Чуднаве, дзе цяпер захоўваецца надмагільная пліта Яна Баршчэўскага

Надмагільнай плітой беларуска-польскага пісьменьніка Яна Баршчэўскага, пахаванага ва ўкраінскім мястэчку Чуднаў Жытомірскай вобласьці, заапекавалася мясцовая польская грамада.

Гаспадары падворка, на якім знайшлася надмагільная пліта, перадалі яе прадстаўнікам Саюзу палякаў, якія прыехалі з Жытоміра, а тыя, у сваю чаргу, — у рыма-каталіцкі касьцёл Адшуканьня Крыжа Гасподняга ў Чуднаве.

Рыма-каталіцкі касьцёл Адшуканьня Крыжа Гасподняга ў Чуднаве
Рыма-каталіцкі касьцёл Адшуканьня Крыжа Гасподняга ў Чуднаве

«Пакуль вырашылі зьбіраць сродкі на рэстаўрацыю, а ўжо пасьля гэтага плянуецца ўхваліць рашэньне, дзе яе ўсталяваць. Папярэдне гаворка ідзе пра тэрыторыю касьцёла», — сказала Свабодзе загадчыца аддзелу культуры Чуднаўскай гарадзкой рады Сьвятлана Захарчанка.

Алена Прыходчанка, вучаніца 4 клясы мясцовай школы, дзякуючы чыёй цікаўнасьці ўдалося знайсьці гістарычную каштоўнасьць
Алена Прыходчанка, вучаніца 4 клясы мясцовай школы, дзякуючы чыёй цікаўнасьці ўдалося знайсьці гістарычную каштоўнасьць

Паводле яе, Жытомірская абласная рада плянуе надаць надмагільнай пліце статус гістарычнага помніка.

«Калі будзе завершаная рэстаўрацыя і канчаткова вызначана месца ўстанаўленьня пліты, мы абавязкова на гэтае мерапрыемства запросім і польскі, і беларускі бок», — дадала Сьвятлана Захарчанка.

Чуднаўскія ўлады мяркуюць, што Ян Баршчэўскі быў пахаваны на гэтых каталіцкіх могілках. Але дакладнае месца невядомае
Чуднаўскія ўлады мяркуюць, што Ян Баршчэўскі быў пахаваны на гэтых каталіцкіх могілках. Але дакладнае месца невядомае

Прадстаўніца Чуднаўскай гарадзкой рады дадала, што месца пахаваньня Яна Баршчэўскага пакуль дакладна не вядомае — у мястэчку было некалькі каталіцкіх могілак.

Чуднаў мае 600-гадовую гісторыю, але гістарычных будынкаў і могілак амаль не захавалася
Чуднаў мае 600-гадовую гісторыю, але гістарычных будынкаў і могілак амаль не захавалася

Хто такі Ян Баршчэўскі

Ян Баршчэўскі — беларускі пісьменьнік, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, нарадзіўся ў Полацкім павеце.

Паступіў у Полацкую езуіцкую акадэмію. Менавіта там ён набыў вядомасьць чытальніка і аўтара вершаў. У 1809 годзе напісаў паэму «Пояс Вэнэры», якая, на жаль, не захавалася.

Студэнцкія канікулы часьцей за ўсё праводзіў у падарожжах па навакольлях возера Нешчарда. Зьбіраў беларускі фальклёр, апісваў курганы і гарадзішчы.

Пісаў па-польску і па-беларуску, вядомыя ягоныя вершы, напісаныя па-беларуску — «Дзеванька» (прысьвечаны любімай дзяўчыне, Максімовіч) і «Бунт хлопаў».

У 1820-ых пераехаў у Пецярбург, дзе выкладаў грэчаскую і лацінскую мовы, вывучаў старажытную літаратуру. Там жа пазнаёміўся з Адамам Міцкевічам і Тарасам Шаўчэнкам. Разам з іншымі літаратарамі выдаваў штогадовы альманах «Niezabudka» на польскай мове.

Ягоны найбольш вядомы твор — «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях» — напісаны па-польску.

Да 1850 году пераехаў жыць у Чуднаў, ва Ўкраіну. Апошнія гады жыцьця правёў у доме графіні Ю. Ржавускай. Там жа ў той час жыў мастак Напалеон Орда. Памёр ад сухотаў.

Меркаванае надмагільле Яна Баршчэўскага, знойдзенае ва ўкраінскім Чуднаве
Меркаванае надмагільле Яна Баршчэўскага, знойдзенае ва ўкраінскім Чуднаве

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG