Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скандал у Саюзе мастакоў: Генадзь Драздоў абвінаваціў кіраўніцтва ў парушэньні статуту


Генадзь Драздоў

Парушэньнем статуту, паводле Генадзя Драздова, стала адмова арганізаваць ягоную юбілейную выставу ў галерэі «Мастацтва»​. Старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца гэта прызнаў і сказаў Свабодзе, што ня дасьць пляцоўкі і наступным разам.

17 красавіка ў галерэі Інстытуту тэалёгіі Белдзяржунівэрсытэту ў Менску акрыецца пэрсанальная выстава менскага мастака, былога кіраўніка творчай суполкі «Пагоня» Генадзя Драздова.

Афіша пэрсанальнай выставы
Афіша пэрсанальнай выставы

11 сакавіка Генадзь Драздоў адзначыў 60-гадовы юбілей. Ён наракае, што так і не атрымаў дазволу выставіцца ні ў Палацы мастацтва, ні ў галерэі «Мастацтва», якія належаць Беларускаму саюзу мастакоў. Кіраўніцтва аб’яднаньня факт прызнае, аднак кажа, што той вінаваты сам — усіх настроіў супраць сябе. Інтэрвію Свабоды з мастаком у дзень адкрыцьця пэрсанальнай выставы.

Пэрсанальную выставу прадугледжвае статут Саюзу мастакоў

— Спадар Генадзь, чаму не атрымалася адзначыць юбілей выставай у Палацы мастацтва ці галерэі «Мастацтва»?

— Мне як юбіляру Саюз мастакоў абавязаны зрабіць бясплатную выставу, гэта абгаворана ў Статуце арганізацыі. Вінаватыя выключна старшыня Рыгор Сітніца і ягоны намесьнік Леанід Хобатаў, усё на іх сумленьні. Пазыцыя нічым не абгрунтаваная, проста я заўсёды кажу праўду, а ім не падабаецца, занесьлі мяне ў «чорны сьпіс». Дыскрэдытаваць не атрымліваецца, дык хоць так — ня даць правесьці юбілейны паказ. Хоць, паўтаруся, усім сябрам саюзу на 50, 60, 65 гадоў і далей даецца такая магчымасьць. У маім выпадку статутнае палажэньне груба парушанае.

Карціна Генадзя Драздова «Вазьвяртаньне блуднага сына»
Карціна Генадзя Драздова «Вазьвяртаньне блуднага сына»

— Нечакана ў якасьці месца правядзеньня выставы бачыць Інстытут тэалёгіі.

— У зьвязку з тым, што кіраўніцтва Саюзу мастакоў зрабіла ўсё, каб імпрэза не адбылася, давялося бегаць і шукаць іншыя пляцоўкі. У выбары Інстытуту тэалёгіі БДУ адначасова адыгралі ролю і выпадковасьць, і заканамернасьць. У маёй творчасьці шмат работ, прысьвечаных духоўнай тэматыцы, наўпрост ці ўскосна яны перасякаюцца зь біблейскімі сюжэтамі. Таму ў нейкім сэнсе сам Бог паспрыяў, каб даць мне магчымасьць зладзіць выставу менавіта ў такім месцы. Балазе, ніякіх пярэчаньняў, творы абсалютна кладуцца ў кантэкст духоўных пошукаў асобы, грамадзяніна, мастака.

Карціна Генадзя Драздова «Зьнітаванае нябачным»
Карціна Генадзя Драздова «Зьнітаванае нябачным»

Засяродзіўся на духоўнай тэме

— Ці азначае гэта, што ўсе выстаўленыя творы будуць мець пэўны духоўны пасыл?

— Так, пакажу найперш карціны, зробленыя за ўвесь пэрыяд, як я засяродзіўся на духоўнай тэме. Фактычна гэта 30 апошніх гадоў маёй творчасьці. Бязь лішняй сьціпласьці — тут шмат цікавых жывапісных рашэньняў, бо гаворка якраз пра тое, што мае выключную важнасьць для ўсіх нас: раней ці пазьней зь неабходнасьцю выбару сутыкаецца кожны. І вось прапанаваныя мной формы — не наўпроставыя, не лабавыя, а плястычна адаптаваныя да сучаснага ўспрыняцьця — ня страцяць актуальнасьць настолькі доўга, колькі будзе стаяць гэты сьвет.

Праца Генадзя Драздова: Сьвяты Мікалай раздае падарункі
Праца Генадзя Драздова: Сьвяты Мікалай раздае падарункі

— Раз-пораз даводзіцца чуць, што праблемы з паказам маюць многія чальцы суполкі «Пагоня». Гэта так?

— Калі яшчэ старшынёй быў Уладзімер Савіч, ён адкрыта сказаў: «куратары» Саюзу мастакоў не задаволеныя дзейнасьцю «Пагоні». А таму ўсё робіцца, каб пасьлядоўна выціснуць нас на задворкі, ня даць магчымасьці разьвівацца, папулярызаваць ідэю нацыянальнага адраджэньня. «Пагонічы» неяк паўплываць на сытуацыю ня здольныя. Ціск надзвычай магутны, цяперашні старшыня суполкі Ігар Марачкін што толькі ні рабіў, нічога не атрымліваецца (па сабе ведаю, калі быў на яго месцы). Але барацьба працягваецца, асабіста я не спынюся, аргумэнты ёсьць вельмі важкія.

Генадзь Драздоў. «Разьвітаньне з уласным ценем»
Генадзь Драздоў. «Разьвітаньне з уласным ценем»

З музэяў таксама прыходзяць адмовы

— А ці можа сам мастак праявіць ініцыятыву ды зьвярнуцца ў галоўныя музэі краіны?

— Я два разы накіроўваў заяўкі ў Нацыянальны мастацкі музэй Беларусі, і двойчы мне адмаўлялі. Як і ў галерэі «Інстытут культуры», і ў галерэі Міхаіла Савіцкага. Па вялікім рахунку, бессэнсоўна нават спрабаваць, паколькі ў экспэртных радах сядзіць тое ж самае кіраўніцтва Саюзу мастакоў. А яны, як я ўжо казаў, усё робяць дзеля таго, каб ня даць магчымасьці выставіцца «чужым людзям». Гэта не галаслоўная інфармацыя, яна цалкам пацьверджаная.

Генадзь Драздоў. «Жвіравы аксаміт»
Генадзь Драздоў. «Жвіравы аксаміт»

— Ці будуць на адкрыцьці пэрсанальнай выставы прадстаўнікі кіраўніцтва Саюзу мастакоў?

— Зразумела, што не: я іх не запрашаю, ды яны і не прыйшлі б. Калі яшчэ пазалетась рабіў выставу ў галерэі «БелАрт» (упершыню за 6 гадоў), прынцыпова ня клікаў, няма ім чаго там рабіць. Вось і сёньня запрасіў сяброў-пагонічаў, іхнай падтрымкі мне будзе цалкам дастаткова. У нас вельмі дружны калектыў аднадумцаў, усе адно аднаго разумеюць, адэкватна ацэньваюць сытуацыю і тое, у якім становішчы не па сваёй віне апынуліся. Гэта канфлікт даўні, ён невядомы шырокай публіцы, але мае месца.

Генадзь Драздоў. «Трысьвят»
Генадзь Драздоў. «Трысьвят»

Пазыцыя старшыні Саюзу мастакоў

Старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца пацьвердзіў Свабодзе, што Генадзю Драздову сапраўды адмовілі ў выставачнай залі ў галерэі «Мастацтва». І адмовяць яшчэ, калі зь ягонага боку зноў будзе такая просьба.

Рыгор Сітніца
Рыгор Сітніца

«Так, як сябе паводзіць Драздоў у саюзе... і яшчэ разьлічвае, што яму нехта нешта вінен — толькі дзіву даесься... Вось ён пра статут гаворыць, а хай спачатку пачытае, як сябе мусяць паводзіць сябры арганізацыі — прынамсі выконваць элемэнтарныя нормы.

Калі ён быў кіраўніком „Пагоні“ і сядзеў на пасяджэньнях рады (100 чалавек) і прэзыдыюмах (25 чалавек), мог падняцца і паслаць на тры літары, грымнуць дзьвярыма, маўляў, вы ўсе тут казлы, абы-чым займаецеся. Урэшце ўсе сказалі, што ня хочуць яго бачыць на сваіх паседжаньнях. Прэзыдыюм нават рэкамэндаваў „Пагоні“ выбраць новага кіраўніка, тыя не захацелі. А пасьля ўжо зьезд адмовіў яму быць у наступнай радзе, гэта 500 чалавек!

Ня трэба пляваць у калодзеж, калі сабраўся адтуль папіць. Больш скажу: калі мы захочам, каб сёньня нейкі чалавек паверыў у нашы ідэалы і рабіў агульную справу, дык, пабачыўшы ў нашай грамадзе Драздова, скажа: ды пайшлі вы, не хачу быць зь ім нават побач. Вось і я зь ім ніколі на адным полі ня сяду. Каб нешта загубіць, даручыце Драздову...»

Хто такі Генадзь Драздоў

Мастак Генадзь Драздоў нарадзіўся 11 сакавіка 1959 году ў вёсцы Паддуб’е Рагачоўскага раёну на Гомельшчыне. Скончыў Менскую мастацкую вучэльню імя Глебава і Беларускую акадэмію мастацтваў, набіраўся практычнага досьведу ў Івана Чухраева і Віктара Маркаўца. Сябра Беларускага саюзу мастакоў ад 1999 году.

Генадзь Драздоў
Генадзь Драздоў

Працуе ў галіне графікі, жывапісу, мастацкіх праектаў. Найбольш значныя творы: «Малітва аб незалежнасьці Беларусі», «Рэхаформ», «Вяртаньне блуднага сына», «Шлях вузкай брамай», «Час восені», «Пакінуты Беларускі дом», «Фрагмэнты беларускага барока».

Узнагароджаны дыплёмамі за сэрыю графічных работ на ІІ Менскай міжнароднай выставе графікі і на ІV Менскім міжнародным фэстывалі лічбавага мастацтва. Аўтар канцэптуальных праектаў, сярод якіх два «Фэсты беларускага духоўнага мастацтва», «ARTрэйтынг», «Пэрформанс «Вясны».

Цягам пяці гадоў — з 2011-га да 2016-га — узначальваў Раду творчай суполкі «Пагоня». Разам з заснавальнікам аб’яднаньня Аляксеем Марачкіным быў рэалізаваны маштабны праект — альбом-даведнік «Творчая суполка „Пагоня“». Выданьне прымеркаванае да 25-годзьдзя дзейнасьці згуртаваньня, якое на зломе эпох дало штуршок усяму нацыянальна-вызвольнаму руху Беларусі.

Генадзь Драздоў. «Ліст зь нябёсаў»
Генадзь Драздоў. «Ліст зь нябёсаў»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG