Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улада ня хоча спрашчаць умовы працы замежных сьвятароў


Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас сустрэчы з Папам Рымскім Францішкам, Ватыкан, 1 лютага 2018
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас сустрэчы з Папам Рымскім Францішкам, Ватыкан, 1 лютага 2018

Беларускія ўлады ня хочуць спрашчаць умовы дзейнасьці замежных сьвятароў у краіне, нягледзячы на шматразовыя просьбы касьцёлу.

Пра гэта, паводле агенцтва БелаПАН, заявіў на прэсавай канфэрэнцыі 16 красавіка ў Менску кіраўнік каталіцкай царквы Беларусі, мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Ён адзначыў, што сёньня ў Беларусі служаць каля 500 каталіцкіх сьвятароў, зь якіх каля 80 — грамадзяне іншых краін. Згодна зь існым заканадаўствам, на служэньне кожнага замежнага сьвятара трэба мець дазвол упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў.

Акрамя таго, як заявіў арцыбіскуп Кандрусевіч, умовы знаходжаньня сьвятароў-замежнікаў у Беларусі больш жорсткія ў параўнаньні з умовамі для звычайных замежных грамадзян.

«У дачыненьні да замежных сьвятароў маецца прынятая ўрадам норма, паводле якой калі сьвятар два разы ўчыніў нейкае грамадзкае парушэньне, напрыклад, перавысіў хуткасьць язды на аўтамабілі, яго могуць выслаць зь Беларусі. У той жа час для звычайных замежнікаў зь 2010 году закон абвяшчае аб наступствах пасьля пяці парушэньняў», — сказаў арцыбіскуп.

Дэлегацыя каталіцкіх біскупаў Беларусі ўзьняла праблему дазволу на служэньне для замежных сьвятароў 1 лютага 2018 года на аўдыенцыі ў Папы Рымскага Францішка. Пасьля сустрэчы з пантыфікам мітрапаліт Кандрусевіч паведаміў у інтэрвію Ватыканскаму радыё, што Папа Францыск быў зьдзіўлены некаторымі праблемамі, з якімі сутыкаецца касьцёл у Беларусі.

«Папа быў вельмі зьдзіўлены, калі даведаўся, што 45 біскупаў, у тым ліку дзевяць кардыналаў, якія прымалі ўдзел у пленарным пасяджэньні Рады канфэрэнцый біскупаў Эўропы (у кастрычніку 2017 года ў Менску), таксама павінныя былі атрымаць дазвол на служэньне сьвятых імшаў. Гэта ж імідж краіны! Яму было цяжка гэта зразумець» — сказаў Кандрусевіч.

У ліпені 2018 году ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Леанід Гуляка, адказваючы на пытаньні грамадзян падчас прамой тэлефоннай лініі, заявіў, што ня лічыць патрэбным мяняць парадак выдачы сьвятарам-замежнікам дазволаў на служэньне на тэрыторыі краіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG