Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп заклікаў францускіх пажарных скарыстаць «лятучыя водныя танкеры»


Тыя кажуць, што гэта магло б зьнішчыць сабор Парыскай Божай Маці.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп на сваёй старонцы ў Твітэры заклікаў францускіх пажарных скарыстаць «лятучыя водныя танкеры», каб спыніць пажар у саборы Парыскай Божай Маці. «Трэба дзейнічаць хутка!»

У сваю чаргу Агенцтва цывільнай бясьпекі Францыі на сваёй старонцы ў Твітэры патлумачыла, што гэта магло б зьнішчыць усю структуру сабору «разам з тымі... хто цяпер робіць усё максымальна магчымае, каб уратаваць #NotreDame».

Амэрыканскі тэлеканал CNBC цытуе Ўэйна Макпартлэнда, былога кіраўніка пажарнай службы ў Нью-Ёрку: «Калі на гэта скінуць тоны вады зьверху, гэта абрыне ўсю структуру і толькі пагоршыць сытуацыю».

Раней парыская пажарная служба выказала няўпэўненасьць, што здолее стрымаць пашырэньне пажару ў саборы Парыскай Божай Маці. Як паведамляе агенцтва Frаnce Presse, пра гэта сказаў журналістам прадстаўнік службы на месцы падзеі.

«Мы ня ўпэўненыя, што здолеем утрымаць пашырэньне полымя да паўночнай званіцы. Калі яны абрынецца, можаце сабе ўявіць маштаб пашкоджаньняў,» — сказаў генэрал Жан-Клёд Гале. Ён дадаў, што з полымем змагаюцца 400 пажарных.

Пад вечар 15 красавіка ў саборы Парыскай Божай Маці пачаўся моцны пажар. Абрынуўся шпіль будынку.

Паводле прэсавага прадстаўніка сабору Андрэ Фіно, полымя знішчыла ўсе драўляныя канструкцыі, якія падтрымлівалі дах.

Прычыны пажару пакуль невядомыя. Тэлеканал France 2 паведаміў, што паліцыя разглядае пажар як ненаўмысны.

Цяпер у саборы якраз ішлі рамонтныя работы. Агенцтва France Presse паведаміла са спасылкай на пажарную службу, што пажар можа быць зьвязаны з рамонтам.

Дэпартамэнт паліцыі Парыжу ў твітэры заклікаў жыхароў пазьбягаць навакольляў здарэньня і «вызваліць месца для аварыйна-выратавальных транспартных сродкаў».

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон скасаваў заплянаваную на сёньня тэлевізійную прамову і накіраваўся на месца здарэньня. «Як і ўсім маім суайчыньнікам, мне сумна бачыць, як сёньня ўвечары гарыць частка нас», — напісаў францускі прэзыдэнт на сваёй старонцы ў Твітэры. Ён выказаў салідарнасьць з «усімі каталікамі і ўсімі французамі».

Мэр Парыжу Ана Ідальго ўжо назвала пажар «жахлівым». На сваёй старонцы ў Твітэры яна папрасіла жыхароў паважаць кардон бясьпекі каля месца здарэньня.

Сабор Парыскай Божай Маці — адзін з найбольш вядомых у сьвеце помнікаў архітэктуры. Штогод яго наведваюць 13 мільёнаў чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG