Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліцыя Лёндану паведаміла, што зрабілі з тым, хто пратараніў аўтамабіль пасла Ўкраіны


Лёндан, паліцыя працуе на месцы здарэньня
Лёндан, паліцыя працуе на месцы здарэньня

Чалавека, які 13 красавіка некалькі разоў тараніў сваёй аўтамашынай запаркаванае аўто пасла Ўкраіны ў Вялікай Брытаніі, накіравалі на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне, прадугледжанае законам аб псыхічным здароўі, паведаміла лёнданская паліцыя.

Паліцыя нагадала, што 40-гадовы мужчына раніцай 13 красавіка сьвядома і ня раз біў сваёй машынай аўтамабіль пасла Натальлі Галібарэнкі, які стаяў ля будынка амбасады, а таксама пашкодзіў яшчэ некалькі аўтамашын побач. Калі прыбыла паліцыя, ён скіраваў свой аўтамабіль на яе; паліцыя адкрыла агонь з агнястрэльнай зброі і таксама ўжыла электрашок, каб затрымаць нападніка.

У выніку інцыдэнту ніхто зь людзей не пацярпеў, сам нападнік таксама. Яго абсьледавалі ў шпіталі, ноч ён правёў за кратамі ў паліцэйскім участку.

Паліцыя паведаміла, што дзеяньні мужчыны, асобу якога не раскрываюць, не зьвязаныя з экстрэмізмам або тэрарызмам. Яго затрыманьне аформілі праз падазрэньне ў спробе забойства супрацоўнікаў паліцыі і злачынным прычыненьні шкоды маёмасьці, але афіцыйных абвінавачаньняў яму пакуль ня выставілі. Пра матывы нападу таксама не паведамлялі.

Акрамя таго, у адпаведнасьці са стандартнай працэдурай, асобна расьсьледуецца ўжываньне зброі паліцыяй.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG