Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу ў сувязі са сьмерцю 16-гадовага хлопца-цяжкаатлета


Андрэй Дараховіч

У сьмерці навучэнца лідзкай вучэльні алімпійскага рэзэрву Андрэя Дараховіча, пра лёс якога падрабязна пісала Свабода, падазраюць 18-гадовага жыхара Ліды.

Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу ў дачыненьні да 18-гадовага жыхара Ліды. Яго падазраюць у прычыненьні сьмерці па неасьцярожнасьці (ч.1 арт. 144 Крымінальнага кодэксу Беларусі) 16-гадоваму навучэнцу Лідзкага філіялу Горадзенскай дзяржаўнай вучэльні алімпійскага рэзэрву 1 красавіка каля 19 гадзін 30 хвілін у распранальні спартыўнай залі, паведамляецца на сайце Сьледчага камітэту.

Сьледчыя выявілі прычынную сувязь паміж сьмерцю і фізычным узьдзеяньнем з боку падазраванага. Цяпер яны праводзяць комплекс сьледчых дзеяньняў: допыты навучэнцаў, пэдагогаў і знаёмых падазраванага і загінулага, сьледчыя экспэрымэнты. Зьбіраюць «характарызуючыя матэрыялы», выяўляюць прычыны і ўмовы, якія спрыялі зьдзяйсьненьню злачынства. Прызначаныя экспэртныя дасьледаваньні.

Вынікаў прызначанай раней судова-мэдыцынскай экспэртызы яшчэ няма. Калі яны зьявяцца, магчыма, правядуць дадатковае комплекснае судова-мэдыцынскае дасьледаваньне, каб канчаткова вызначыць прычыны сьмерці падлетка.

Мера стрыманьня ў дачыненьні да падазраванага не ўжывалася.

Маці памерлага Андрэя Дараховіча Іна Дараховіч паведаміла, што аб завядзеньні крымінальнай справы ім сказалі праз тэлефон 11 красавіка. У панядзелак, 15 красавіка, бацькі зьбіраюцца паехаць на размову ў Лідзкі аддзел Сьледчага камітэту, каб даведацца падрабязнасьці вядзеньня справы. Магчыма, стануць вядомыя вынікі судова-мэдычнай экспэртызы. Бацькі падазраванага хлопца зь сям’ёй Дараховічаў ня зьвязваліся.

Як паведамляла раней прэс-служба Міністэрства спорту і турызму Беларусі, у Лідзе, у філіяле Горадзенскай дзяржаўнай вучэльні алімпійскага рэзэрву, памёр навучэнец 10-й клясы аддзяленьня цяжкай атлетыкі Андрэй Дараховіч. Хлопцу стала кепска пасьля плянавай трэніроўкі. Выклікалі «хуткую», аднак выратаваць яго не ўдалося. Па факце сьмерці праводзіцца сьледзтва.

Падлеткі, якія былі на трэніроўцы, расказалі бацькам памерлага хлопца, што ў распранальні старэйшы хлопец Руслан С. моцна ўдарыў Андрэя ў грудзі (па ягоных словах, «прабіў фанэру»). Андрэй адразу страціў прытомнасьць, упаў, ротам пайшла кроў. Бацькі загінулага лічаць гэта праявай дзедаўшчыны ў спорце.

Кіраўніцтва спартовай вучэльні ў Лідзе спачатку казала бацькам падлетка, што яму стала кепска на аўтобусным прыпынку.

У сьнежні 2018 году быў звольнены кіраўнік Горадзенскай дзяржаўнай вучэльні алімпійскага рэзэрву. Паводле Генпракуратуры, у вучэльні выявілі парушэньні заканадаўства, якія ўшчамляюць правы і законныя інтарэсы навучэнцаў.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG