Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За «дэкамунізацыю» назвы вуліцы Міцкевіча ў Рэчыцы пачалі зьбіраць подпісы


Адам Міцкевіч. Вокладка «Пана Тадэвуша», 1934 год
Адам Міцкевіч. Вокладка «Пана Тадэвуша», 1934 год

На сайце Petitions.by 9 красавіка пачаўся збор подпісаў пад зваротам аб вяртаньні ранейшай назвы вуліцы Міцкевіча ў Рэчыцы: да 5 красавіка гэта была вуліца Адама Міцкевіча, цяпер жа — вуліца Яўгена Міцкевіча. На момант публікацыі зварот падпісалі больш за 100 карыстальнікаў.

У пэтыцыі адзначаюць, што рашэньне аб перайменаваньні было прынятае «кулюарна, без шырокага абмеркаваньня з жыхарамі гораду». Згадваецца, што цяперашняя вуліца Міцкевіча раней звалася Руднянскай, а была названая ў гонар супрацоўніка НКВД Яўгена Міцкевіча ў 1959 годзе — «у разгар пэрыяду камуністычнай дыктатуры».

«Служба ў такой структуры ёсьць ганьбай для любога сумленнага чалавека. Увекавечваць памяць службоўцаў НКВД — гэта вяршыня цынізму, гэта плявок на памяць тых, каго бязьвінна зьнішчыла гэтая структура, — пішуць пра савецкага шпіёна Яўгена Міцкевіча. — Ні ў адной сучаснай краіне, якая перажыла пэрыяды таталітарных сыстэмаў, не называюць вуліцы імёнамі тых, хто служыў у структурах, паводле сваіх дзеяньняў падобных НКВД: Gestapo, SS, SD, OVRA і іншыя».

У пэтыцыі прызнаецца, што імя Адама Міцкевіча вуліца набыла ў 2015 годзе ў выніку памылкі падчас упарадкаваньня назваў. Але памылка «не выпадковая», мяркуюць аўтары пэтыцыі.

Адзначаецца таксама, што ў апытаньні «ЎКантакце», у якім узялі ўдзел 450 карыстальнікаў, толькі 5,29% падтрымалі захаваньне за вуліцай імя Яўгена Міцкевіча, 38,99% выказаліся за перайменаваньне ў вуліцу Адама Міцкевіча, яшчэ 25,99% падтрымалі вяртаньне гістарычнай назвы Руднянская.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG