Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Проста размаўляйце па-беларуску дома!». Як цыганы захавалі сваю мову бяз школ і кніг


Артур Гоманаў
Артур Гоманаў

«Калі мову трэба захаваць, то ўсё пачынаецца ўнутры сямʼі», — перакананы Артур Гоманаў, намесьнік старшыні абʼяднаньня «Беларуская цыганская дыяспара». Пра тое, як народ рома захаваў сваю мову, размаўляем з намесьнікам старшыні ГА «Беларуская цыганская дыяспара» Артурам Гоманавым.

Што важна ведаць

  • Словам «цыган» не пакрыўдзіш, але лепш і правільна казаць «рома\ромскі».
  • Цыганы зьявіліся на Беларусі ў 1501 годзе.
  • Пераважная большасьць цыганоў у Беларусі праваслаўныя.
  • Цыганскія суды дагэтуль дзейнічаюць.
  • У мове беларускіх цыганоў ёсьць беларускія словы. Напрыклад, «ручнік».

«Я мясцовы, з бацькавага боку карані ў мяне польскія, а з мамінага — ўкраінскія ромы і з-пад Варонежа», — кажа Артур Гоманаў. Сам ён называе сябе ромам і тлумачыць, чаму лепш казаць менавіта так.

«Мы заўжды ідэнтыфікавалі сябе як рома, рамалэ. Цыганы — гэта мянушка. Я паўсюль стараюся гаварыць ромы, каб паціху прывучаць, што так гаварыць правільна. Не скажу, што „цыганы“ — гэта крыўдна, бо самі ромы часта так гавораць. Але пажадана, каб называлі так, як мы сапраўды называемся».

«Рома зьявіліся ў Беларусі ў 1501 годзе, — кажа Гоманаў. — Грамата (прывілей ад вялікага князя літоўскага Аляксандра Ягелончыка. — РС.) была выдадзеная вялізнаму табару, які зьявіўся ў раёне Берасьця. Ім дазволілі хадзіць па гэтай зямлі, працаваць, весьці свой лад жыцьця, мець свае суды і размаўляць на сваёй мове».

Артур Гоманаў
Артур Гоманаў

Увесь гэты час цыганы былі вандроўнікамі.

«Хрушчоў выдаў указ пра недапушчальнасьць бадзяжніцтва, — распавядае Гоманаў. — Гэта тычылася ня толькі ромаў, бо пасьля вайны яшчэ было шмат людзей, якія ня мелі дамоў, страцілі сямʼю. Але для ромаў гэта быў вялікі ўдар. Калі сталі жыць асела, то першае, чым пачалі займацца — гадаваць быдла, коней, займелі кузьні».

Цяпер найбольш беларускіх ромаў жывуць у Гомельскай вобласьці. Усяго, на думку Гоманава, дыяспара складае каля 60 тысяч чалавек. Своеасаблівы перапіс яны зрабілі сваімі сіламі на пачатку 2000-х.

«У нас быў праект з фондам „Узаемапаразуменьне і замірэньне“ па Галакосьце. Тады мы абʼезьдзілі ўсю Беларусь, пабывалі паўсюль, дзе жывуць рома, і запоўнілі анкеты на старэйшых жыхароў».

Аднак чалавека з нацыянальнасьцю «цыган» у дакумэнтах сустрэць няпроста.

«Ромы стараюцца не пісаць, што яны цыганы. Бачаць, што ёсьць недавер у грамадзтве, ёсьць стэрэатып. У маёй маці было напісана ў пашпарце, што яна ўкраінка, а тата быў у дакумэнтах цыган. Я сабе таксама ўзяў нацыянальнасьць украінец. Апошнім часам зусім ня пішуць.

Але для нас гэта нічога ня значыць».

Цыганскія дзеці пачынаюць гаварыць па-свойму

Цыганская мова адносіцца да індаарыйскай галіны індаэўрапэйскіх моваў. Рома выкарыстоўваюць пісьменнасьць той краіны, у якой жывуць. У Беларусі гэта кірыліца. Цыганскай мове ня вучаць у школе, на ёй няма падручнікаў. Але рома размаўляюць паміж сабой па-ромску, а ромскія дзеці ад пачатку гавораць па-свойму.

Літаратурных тэкстаў па-ромску няшмат. Адзіны пераклад Бібліі на цыганскую мову зрабіў цыган зь Віцебску Вальдэмар Калінін, які даўно жыве ў Лёндане. Ён прызнаны ў сьвеце як цыганскі паэт і ўганараваны міжнароднымі прэміямі.

«Гэта сапраўды фэномэн, — эмацыйна рэагуе на пытаньне пра мову Артур. — Рома хадзілі стагодьдзямі зь месца на месца, але мовы ня страчвалі. Ведаю, што страцілі толькі ў Гішпаніі, бо там у часы інквізіацыі за тое, што гаворыш па-ромску, адразалі язык».

Тое, што мова захавалася, гэта самае галоўнае, кажа Гоманаў.

«Гэта ж самае важнае, тое, што адрозьнівае народ сярод іншых — традыцыі і мова», — кажа і ён тлумачыць, што гэтаму спрыяла табарнае жыцьцё. Але мова жывая, побытавая, прымае ў сябе шмат словаў з тэрыторыі той мовы, на якой цыганы жывуць.

«Беларускі рома на 30% зразумее францускага. У нас мова размоўная, побытавая. — Словаў кшталту „камунізм“ у ёй няма, — тлумачыць Гоманаў. — Усе іншыя словы ў нас расейскія, беларускія. А ў Францыі — францускія. Мы таксама кажам „ручнік“ і лічым, што гэта нашае слова».

Гоманаў успамінае, як калісьці яго запрасілі на сустрэчу настаўнікаў беларускай мовы з усёй Беларусі:

«Я сядзеў хвілін 40, думаў, а што я тут раблю? Пасьля ў мяне пытаюцца: „Артур Іванавіч, як вы захавалі мову і што нам можна ўзяць ад вас, каб захаваць сваю?“. Я кажу: усё досыць проста, трэба размаўляць па-беларуску дома. Вось і ўсё!»

Гоманаў сумняваецца, што чалавека сталага ўзросту можна прывучыць размаўляць па-беларуску дома.

«Але моладзь вучыць трэба! Каб яны разумелі, што мова — гэта гонар, гэта прыналежнасьць да свайго беларускага народу! — перакананы ён. — Нашае ромскае дзіця разумее, што яно ромскае. Размаўляе па-ромску і разумее па-расейску».

Скардзіцца ў міліцыю цыганы ня пойдуць, вырашаць усё паміж сабой

«90% у нас праваслаўныя. Астатнія каталікі. І ў апошні час ромы пачалі пераходзіць у эвангелісцкую веру. Асабліва ў Ашмянах, Давыд-Гарадку, Калінкавічах».

Артур Гоманаў сьцьвярджае, што рома — добрыя вернікі.

«У свой час мы на Вялікдзень сустракалі ў сябе дома з Алегам Казлоўскім, кіраўніком ромскай дыяспары, мітрапалітам Філарэтам. І ён падкрэсьліў, што ў застойныя часы менавіта рома хадзілі ў храмы, прычашчаліся, спавядаліся, адзначалі сьвяты, трымалі пост, вянчаліся. У нас гэта глыбока ўнутры. Я калі ў школу хадзіў, мне пад піянэрскі гальштук мама вешала крыжык».

Рома жывуць у грамадах, дзе дапамагаюць адзін аднаму і трымаюцца сваіх законаў і традыцый.

«У нас разьвітае паняцьце — саступі старэйшаму. Павага да старэйшага — ня важна, мужчыны ці жанчыны, — бясспрэчная. Бывае, што хтосьці пакрыўдзіць старэйшага, то прыбяжыць і просіць прабачэньня ва ўсёй сямʼі», — кажа Гоманаў.

Цыганскі суд для чальцоў грамады важнейшы за грамадзянскі.

«Суды разглядаюць паводзіны ромаў унутры абшчыны — хто што ня так зрабіў, можа, грошы пазычыў і ня можа аддаць, — тлумачыць Гоманаў. — Рома ў міліцыю ня пойдуць скардзіцца. У нас расьпіскі ж не афармляюць, бо самае галоўнае — гэта слова. І гонар — самае галоўнае для мужчыны. Таму ўсё вырашаецца ўнутры і паміж сабою ромы разьбіраюцца самі».

«Самае вялікае пакараньне — гэта калі чалавека адлучаюць ад грамады. Людзі могуць проста нават зьехаць зь Беларусі, бо тут ніхто рукі не падасьць», — кажа Гоманаў, хаця здараецца такое нячаста і толькі за значныя правіны. У той жа час чалец абшчыны можа разлічваць на любую падтрымку.

«Ромы вельмі салідарныя. Калі, скажам, хтосьці памірае, то грамада зьбірае грошы, калі сямʼя бедная. У каго ёсьць кавярня — там памінкі. На руках труну нясуць. Проста калі бяда, непрыемнасьці, кожны можа сваю дапамогу прапанаваць, — кажа Гоманаў. — Гэтым рома і жывыя дагэтуль. Такі ўклад жыцьця».

Артур Гоманаў кажа, што ромскія дзеці ходзяць у школу і ў гэтым, сярод іншага, ёсьць і заслуга дзяржаўных органаў. Але з далейшай адукацыяй для цыганоў ёсьць пытаньні. Адна з прычын — раньнія шлюбы.

«Даводзіцца рана ісьці працаваць. А без адукацыі, без прафэсіі яны ня могуць разьлічваць на кваліфікаваную працу, — тлумачыць праблему Гоманаў. — Мы езьдзілі па Беларусі, тлумачылі, што раньні шлюб — гэта ўпушчаныя магчымасьці. І сытуацыя мяняецца. Цяпер сярэдні ўзрост шлюбу — 18–19 гадоў. А раней было 15! А за гэтыя чатыры гады людзі ж могуць атрымаць прафэсію».

Цяпер, расказвае Гоманаў, дыяспара намагаецца зарганізаваць цыганскіх жанчын разам, каб яны абмяркоўвалі і вырашалі свае праблемы. Усё больш цыганоў вучыцца ў ВНУ.

Цыганы добра жывуць у Беларусі

Паводле альтэрнатыўнай справаздачы беларускіх праваабаронцаў, якая была прадстаўленая ў Камітэт ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі ААН, цыганы ў Беларусі цярпяць ад дыскрымінацыі ў працоўнай сфэры і ад гэтага робяцца закладнікамі беднасьці.

Артур Гоманаў пацьвярджае, што часам цыганы цярпяць ад перадузятага стаўленьня. Найчасьцей ім адмаўляюць у прыёме на працу.

«Але рома — добрыя работнікі, — пераконвае Гоманаў. — Там, дзе іх бяруць на працу, застаюцца задаволеныя. Яны працавітыя, працаздольныя. Тое ж табарнае жыцьцё змушала нас да працы».

Артур Гоманаў
Артур Гоманаў

Даводзіцца сутыкацца зь пільнай увагай праваахоўных органаў.

«Бывае, што ром жыве ў невялікім гарадку, а ў яго некалькі разоў на год бяруць адбіткі пальцаў, прыводзяць у міліцыю, правяраюць асобу, — распавядае ён. — Я вось сам пайшоў, здаў адбіткі пальцаў, каб мяне не чапалі».

Летась у Кобрыні 20-гадовы пінчук, які меў нэанацысцкія погляды, напаў на цыганскую сямʼю з нажом. Цяжарная жанчына загінула, яе муж атрымаў траўмы. Паводле прысуду, нападнік атрымаў 24 гады калёніі за забойства і распальваньне расавай варожасьці. Гоманаў кажа, што гэта выключнае і абуральнае злачынства.

«Начытаўся малады чалавек інтэрнэту, пайшоў, зарэзаў цыганку. Але гэта адзіны выпадак, калі давялі, што злачынства адбылося на глебе нянавісьці», — тлумачыць ён.

Але Гоманаў сьцьвярджае, што масавай перадузятасьці і адмоўнага стаўленьня да рома ў Беларусі няма.

«У параўнаньні зь іншымі краінамі рома ў Беларусі і камфортна і бясьпечна, — даводзіць ён. — Я ведаю, як ромы жывуць у іншых краінах Эўропы. Розьніца вялізная. Там бываюць праявы генацыду і з боку насельніцтва, і з боку ўладаў. У нас такога няма».

Артур Гоманаў кажа, што ёсьць нешта, што адрозьнівае рома ад усіх іншых народаў.

«Я многа думаў, што ў нас такое самае-самае, — разважае ён. — Прыгадваў табарнае жыцьцё па аповедах. І скажу, што гэта — спрытнасьць розуму. Ня хітрасьць, хачу падкрэсьліць! А адкуль яна? Усё з таго ж табарнага жыцьця. Яны і тады былі гнаныя. Мусілі выжываць. І цяпер яна нам дапамагае».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG