Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Беларускай каталіцкай царквы Кандрусевіч заклікаў спыніць знос крыжоў у Курапатах

абноўлена

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выказаўся пра Курапаты, знаходзячыся ў Беластоку на рэабілітацыі пасьля апэрацыі. Ён заклікаў спыніць знос крыжоў і распачаць дыялёг з грамадзтвам.


«Неабыякавыя да трагедыі масавых забойстваў людзі прыходзілі ў Курапаты, каб памаліцца, і імкнуліся нейкім чынам пазначыць гэтае месца і ўшанаваць памяць забітых і пахаваных тут продкаў і суайчыньнікаў. Такім чынам ва ўрочышчы зьявіліся крыжы, як гэта спрадвеку прынята рабіць на могілках і ў месцах пахаваньняў. Крыжы ставілі без афіцыйнага дазволу, але ўлада не забараняла гэтага рабіць. За апошнія 30 гадоў паступова з’явіўся своеасаблівы „Курапацкі пантэон“ — стыхійны мэмарыял, вядомы ва ўсім сьвеце», — гаворыцца ў заяве Тадэвуша Кандрусевіча на афіцыйнай старонцы Каталіцкай царквы ў Беларусі.

Ён назваў Курапаты месцам «памяці і малітвы» і заклікаў да шырокага абмеркаваньня сытуацыі ў Курапатах з прадстаўнікамі рэлігійных канфэсіяў і грамадзтва.


«Ніхто ня кажа пра тое, што ня трэба ўпарадкаваць тэрыторыю ўрочышча Курапаты, але ня коштам абразы пачуцьцяў вернікаў. Я лічу, што неабходна арганізаваць грамадзкае абмеркаваньне пляну ўпарадкаваньня тэрыторыі Курапатаў з удзелам прадстаўнікоў розных веравызнаньняў», — адзначае ў сваёй заяве мітрапаліт Кандрусевіч.

У пятніцу 5 красавіка арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заахвочвае падчас набажэнстваў Крыжовага шляху ва ўсіх касьцёлах Беларусі маліцца ў інтэнцыі экспіяцыі, або перапрашэньня за ўсе зьнявагі Сьвятога Крыжа, здзейсьненыя на нашай зямлі, паведамляе catolic.by.


4 красавіка ў Курапатах дэмантавалі і вывезьлі 70 крыжоў (паводле інфармацыі Зьмітра Дашкевіча). 15 абаронцаў Курапат затрымала міліцыя, а сам мэмарыял ачапілі.

Каля 12-й гадзіны дня пачалі ставіць мэталічную агароджу мэмарыялу, гэтым займаюцца будаўнікі з Заслаўя. Хто прыняў рашэньне пра дэмантаж 70 крыжоў, куды іх вывезьлі і што зь імі будзе далей, невядома. Дырэктар Бараўлянскага спэцыяльнага лясгасу Аляксандар Мірановіч адмовіўся тлумачыць сытуацыю і журналістам і дэпутатцы Ганьне Канапацкай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG