Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы не маглі прадказаць анэксію Крыму», — генэральны сакратар NATO расказаў пра пагрозы Расеі


Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг
Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг 3 красавіка выступіў у Кангрэсе ЗША на сумесным пасяджэньні абедзьвюх палат.

Тэлеканал «Настоящее время» вёў жывую трансьляцыю ягонага выступу. Енс Столтэнбэрг расказаў пра задачы Альянсу ў сувязі зь ягоным 70-годзьдзем (якое адзначаецца 4 красавіка), а таксама адказаў на крытыку з боку прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, які патрабуе ад краін NATO павялічыць абаронны бюджэт. Экспэрты чакалі, што немалая частка прамовы Столтэнбэрга будзе прысьвечаная Расеі, і генэральны сакратар NATO апраўдаў гэтыя чаканьні.

NATO супрацьстаяла СССР

Ён з самага пачатку нагадаў, што NATO быў створаны для супрацьстаяньня СССР і заўсёды засноўваўся на прынцыпах «Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго».

«Мір быў захаваны, свабода падтрыманая, — падкрэсьліў Столтэнбэрг. — І ніводная краіна ў Эўропе не зазнала нападу звонку. NATO ўжо стаў самым пасьпяховым і самым доўгатэрміновым альянсам. Калі мы разам, мы мацнейшыя за любыя пагрозы ў ваеннай, эканамічнай ці іншых сфэрах».

«Мы супрацьстаялі СССР у часы халоднай вайны, супрацьстаялі вайне на Бальканах, ужо прывялі ў Альянс некалькі краінаў Усходняй Эўропы, — пералічыў генэральны сакратар посьпехі NATO. — Сіла NATO ў тым, што, нягледзячы на нашы рознагалосьсі, напрыклад, у праблеме Ірану або ядзернай праблеме, мы заўсёды маглі аб’яднацца дзеля агульнай мэты. Мы пераадолелі нашы рознагалосьсі ў мінулым і павінны пераадолець іх і цяпер. Таму што мы зараз супрацьстаім глябальным пагрозам, рашэньне якіх зойме жыцьцё цэлага пакаленьня».

NATO супрацьстаіць новай Расеі

«У тым ліку мы супрацьстаім новай Расеі, якая рашуча дзейнічае», — падкрэсьліў Столтэнбэрг, нагадаўшы, што ў 2014 годзе «ўпершыню за шмат гадоў у Эўропе адна краіна незаконна захапіла тэрыторыю другой краіны».

«Мы не маглі прадказаць анэксіі Крыму, як не маглі прадказаць узвышэньне „Ісламскай дзяржавы“, — заўважыў ён. — Але моцны альянс NATO дазваляе нам мець справу з такімі неспадзяванымі сытуацыямі».

Столтэнбэрг таксама нагадаў пра кібэратакі з боку Расеі і пра тое, што РФ «ужывала атрутныя рэчывы», маючы на ўвазе атручэньне Сяргея Скрыпаля ў Солсбэры, а таксама падтрымлівала рэжым Асада ў Сырыі.

«Мы ня хочам ваяваць, але хочам стрымліваць. Мы ня хочам ізаляваць Расею, але хочам вызначыць найлепшую сыстэму ўзаемадзеяньня з Расеяй», — таксама падкрэсьліў генэральны сакратар NATO.

«Я прапаную Расеі вярнуцца да дамовы пра ракеты сярэдняй і меншай далёкасьці і выконваць яе. Мы ня хочам пачаць новую гонку ўзбраеньня і новую халодную вайну. Мы ня будзем рабіць люстраныя крокі ў адказ на дзеяньні Расеі, але знойдзем спосабы стрымліваць яе», — паабяцаў ён падтрымку Альянсу Ўкраіне і Грузіі пад аплядысмэнты залы.

Столтэнбэрг таксама анансаваў павелічэньне выдаткаў на абарону з боку краін ЭЗ і Канады «на $ 100 млн».

«Гэта зробіць нас мацнейшымі», — упэўнена заявіў генэральны сакратар NATO.

Напярэдадні пастаянная прадстаўніца ЗША пры NATO Кейлі Бэй Гатчынсан паведаміла, што краіны NATO ў найбліжэйшы час прымуць «комплекс захадаў у Чорным моры», якія, па яе словах, павінны абмежаваць «агрэсіўныя дзеяньні Расеі» у Керчанскай пратоцы ля берагоў незаконна анэксаванага Крыма.

«Гэта пакет, які павялічвае сілы выведкі, у тым ліку паветранай выведкі, а таксама прадугледжвае ўваходжаньне ў Чорнае мора большай колькасьці караблёў краін NATO для таго, каб гарантаваць, што для ўкраінскіх суднаў будзе існаваць бясьпечны праход праз Керчанскую пратоку», — патлумачыла Гатчынсан. Гэтыя захады, як відаць, ужо 4 красавіка будуць ухваленыя міністрамі замежных спраў краін NATO.

Напярэдадні Столтэнбэрг сустракаўся з прэзыдэнтам ЗША і яшчэ раз падкрэсьліў, што Расея праводзіць агрэсіўную палітыку ў Чорным моры, нарошчвае ў рэгіёне сваю ваенную моц, а таксама «спрабуе ўмешвацца ў нашы палітычныя працэсы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG