Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Заставіць безь зьмяненьня». Улады адмовіліся перайменаваць плошчу Леніна ў Слоніме


Помнік Леніну ў Слоніме (архіўнае фота)

Чыноўнікі ў адказе спаслаліся на вынікі онлайн-галасаваньня на сайце дзяржаўнай газэты «Слонімскі весьнік».

Адказ са Слонімскага райвыканкаму і раённага савету дэпутатаў атрымаў мясцовы актывіст, былы кандыдат у дэпутаты Алесь Масюк.

Як сьведчыць адказ з райвыканкама за подпісам намесьніцы старшыні Кацярыны Руткоўскай, у апытаньні наконт перайменаваньня плошчы Леніна ў Слоніме прынялі ўдзел 7653 чалавекі. Зь іх большасьць (56,8%) хацелі пакінуць старую назву «плошча Леніна», а 43,2% былі за перайменаваньне. Да таго ж, чыноўнікі апыталі 16 чалавек, якія жывуць або працуюць па адрасе «плошча Леніна», і ўсе яны нібыта выказаліся за тое, каб не чапаць Леніна.

З улікам гэтых лічбаў тапанімічная камісія райвыканкама вырашыла пакінуць назву плошчы бязь зьменаў, гаворыцца ў адказе.

Аналягічны ліст з адмовай прыйшоў з Савету дэпутатаў за подпісам яго старшыні Алега Таргонскага.

Абскардзіць рашэньне раённых уладаў можна ў Горадзенскі аблвыканкам.

Паводле дадзеных на сайце газэты «Слонімскі весьнік», онлайн-апытаньне доўжылася тры дні з 23 па 25 сакавіка. Як адзначалі некаторыя інтэрнэт-карыстальнікі, галасы ў апытаньні то дадаваліся («за Леніна»), то зьнікалі («за Тэатральную») невядомым чынам.

Жыхары Слоніму пачалі зьбіраць подпісы за перайменаваньне плошчы Леніна ў родным горадзе ў сакавіку. Яны зьвярнулі ўвагу ўладаў на тое, што Ленін ня мае дачыненьня да іхняга гораду. У той жа час побач з галоўнай плошчай нядаўна пабудавалі тэатар, таму назва «Тэатральная» была б дарэчнай.

У сярэдзіне XVIII стагодзьдзя ў Слоніме працавала прыдворная тэатральная трупа гетмана вялікага літоўскага Міхала Казіміра Агінскага. Паводле «Інвэнтару інструмэнтаў і музычных папераў», складзенага ў 1801 годзе, на розных сцэнах тэатру Агінскага выконваліся 60 опэр, 18 балетаў, 3 музычныя камэдыі, 253 сымфоніі і амаль паўтысячы іншых музычных твораў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG