Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску з помніка Калініну зробяць помнік Каліноўскаму. І пераймянуюць плошчу


Помнік Калініну ў Менску
Помнік Калініну ў Менску

Кіраўніцтва гораду натхнілася вынікамі археалягічных дасьледаваньняў у Вільні.

Як паведаміў Свабодзе кіраўнік ЖЭСу № 328 Іван Мураўёў, зрабіць гэта будзе зусім не складана і дазволіць зэканоміць.

«Там жа толькі некалькі літараў замяніць — Калі-нін, на Калі-ноўскі. А пастамэнт мы нядаўна адрамантавалі. Таксама будзе нескладана з шыльдамі на плошчы, трэба будзе проста дадаць пару літарак. Каб не перарабляць увесь помнік, разглядаецца пытаньне проста замяніць яму галаву», — расказаў Свабодзе Іван Мураўёў.

Пытаньне ўжо на разглядзе камісіі па называньні і перайменаваньні праспэктаў, вуліц, плошчаў ды іншых складовых частак Менску, паведамілі ў Менгарвыканкаме.

Адзначым, што ў Менску ўжо ёсьць досьвед перайменаваньня вуліц у сугучныя назвы — у другой палове 1990-х Танкавую перайменавалі ў вуліцу імя Максіма Танка, у 1991-м вуліцу Максіма Горкага — у вуліцу Максіма Багдановіча.

Новаму помніку лідэру антырасейскага паўстаньня Кастусю Каліноўскаму ў спадчыну пяройдзе таксама статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, якія мае помнік расейскаму рэвалюцыянэру Міхаілу Калініну.

Помнік Міхаілу Калініну ў Менску рамантавалі за 115 тысяч рублёў летась у лістападзе, адпаведны тэндар быў абвешчаны на сайце дзяржзакупак. Некаторы час над помнікам быў нацягнуты «парнік», які пасьля зьнялі. Менчукі не знайшлі вялікіх адрозьненьняў пасьля рамонту.

Бронзавы помнік вышынёю 5,5 мэтра стаіць у цэнтры Менску на аднайменнай плошчы. Скульптуру аўтарства Паліўчука і Глебава паставілі ў 1978 годзе.

Літоўскія археолягі ідэнтыфікавалі парэшткі Кастуся Каліноўскага і яшчэ двух дзясяткаў удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863–1864 гадоў, знойдзеныя на гары Гедзіміна ў Вільні.

«Для Беларусі Кастусь Каліноўскі — значны гістарычны дзеяч. У гэтым ня можа быць сумневаў. Ня трэба дзяліць, каму ён больш належыць. Гэта супольная спадчына, якая аб’ядноўвае народы Беларусі, Польшчы і Літвы», — сказаў прадстаўнік МЗС Беларусі Анатоль Глаз.

Радыё Свабода віншуе чытачоў з Днём сьмеху 1 красавіка і падкрэсьлівае што меркаваньні, факты і фота, выкладзеныя ў гэтым артыкуле, не абавязкова адлюстроўваюць рэальнасьць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG