Былы прэзыдэнт альжырскага Форуму кіраўнікоў прадпрыемстваў (FCE) Алі Хадад быў арыштаваны раніцай у нядзелю, 31 сакавіка, на мяжы з Тунісам.
Альжырскія выданьні EL Khabar і El Watan паведамляюць, што Алі Хадад, які ехаў у аўтамабілі з кіроўцам, меў пры сабе значную суму грошай. Ён быў спынены альжырскімі мытнікамі на памежным пункце Ум-Тэбул (правінцыя Эль-Тарф), якія перадалі яго ў рукі паліцыі.
Форум кіраўнікоў прадпрыемстваў Альжыру (канфэдэрацыя працадаўцаў краіны) аказваў палітычную падтрымку прэзыдэнту Абдэльазізу Бутэфліку і яго намеру вылучыць сваю кандыдатуру на пяты тэрмін, паведамляе RFI.
На днях Алі Хадад абвясьціў аб сваёй адстаўцы з пасады прэзыдэнта Форуму, але знаходзіўся пад падпіскай аб нявыезьдзе і ня меў права пакідаць тэрыторыю Альжыру.
Назіральнікі канстатуюць распад прэзыдэнцкага атачэньня.
Партыя «Нацыянальнае дэмакратычнае аб’яднаньне», якая раней падтрымлівала 82-гадовага прэзыдэнта, «рэкамэндавала» яму сысьці ў адстаўку. Адпаведную заяву ў сераду, 27 красавіка, зрабіў кіраўнік партыі, былы прэм’ер-міністар краіны Ахмэд Уях’я.
Днём раней, 26 сакавіка, начальнік Генэральнага штабу арміі Альжыру Ахмэд Гаід Салах выступіў з патрабаваньнем прызнаць прэзыдэнта недзеяздольным — у сувязі з рэдкімі зьяўленьнямі на публіцы пасьля перанесенага ў 2013 годзе інсульту.