Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярод ляўрэатаў прэміі «Празрысты ЭОЛ» — тры аўтары Свабоды


Статуэткі прэміі «Празрысты ЭОЛ»

22 сакавіка ў Менску ў галерэі tut.by адбылося ўручэньне літаратурнай прэміі «Празрысты ЭОЛ», якую заснаваў віртуальны часопіс «ЛітРАЖ» пры падтрымцы шэрагу беларускіх пісьменьнікаў.

За 2018 год пераможцы вызначаныя ў 16 катэгорыях. Ляўрэаты, абраныя тайным электронным галасаваньнем, уганараваныя прызамі аўтарства Паўла Вайніцкага.

Сярод ляўрэатаў прэміі аўтары Свабоды —

Ляўрэаты прэміі
Ляўрэаты прэміі

Ян Максімюк, які адмініструе суполку «Толькі пра літаратуру» ўжо цягам 15 месяцаў, паведаміў, што яна мае каля 1400 удзельнікаў і працягвае павялічвацца недзе на сотню чалавек на месяц.

Гэтая суполка для людзей, якія ўпадабалі літаратуру і хочуць падзяліцца думкамі наконт яе зь іншымі аматарамі мастацкага слова.

«Тут можна і варта пісаць пра свае захапленьні і расчараваньні выданьнямі, аўтарамі і сюжэтамі; тут можна і трэба пісаць пра выдавецкія навінкі і ўзнаўленьні старасьветчыны; тут можна і пажадана хваліць (або бэсьціць) беларускі і замежны літаратурны працэс».

Паводле Яна Максімюка, мэты суполкі не мяняюцца, але будуць мяняцца некаторыя формы падачы матэрыялаў, «каб прыцягнуць і згуртаваць яшчэ болей прыхільнікаў беларускага мастацкага слова».

Пераможцы яшчэ ў 13-ці катэгорыях:

  • Зьміцер Дзядзенка за найлепшую он-лайн публікацыю ў катэгорыі «Драматургія», «Турэмшчык», часопіс «ЛітРАЖ»;
  • Віктар Жыбуль за найлепшую он-лайн публікацыю ў катэгорыі «Літаратуразнаўства», «ТАВІЗ.Па сьлядах легендарнага літаб’яднаньня», часопіс «Полымя»;
  • Ірына Шаўлякова за найлепшую он-лайн публікацыю ў катэгорыі «Крытыка», «Любоў (да) чытача як (не)нагода для аптымізму», газэта «Літаратура і мастацтва»;
  • Ігар Бабкоў за найлепшую он-лайн публікацыю ў катэгорыі «Эсэістыка», «Восеньскі лексыкон птушак і рыб», часопіс «ЛітРАЖ»;
  • Макс Шчур за найлепшую он-лайн публікацыю ў катэгорыі «Пераклад паэзіі», «Сьпеў пра мяне» Ўолта Ўітмэна, часопіс «ЛітРАЖ»;
  • Павал Касьцюкевіч за найлепшую он-лайн публікацыю ў катэгорыі «Пераклад прозы», Узі Вайль «Апавяданьні», часопіс «ПрайдзіСьвет»;
  • Наста Кудасава за найлепшую он-лайн публікацыю ў катэгорыі «Паэзія», «Бег па няўмольнай вадзе», часопіс «Дзеяслоў»;
  • Вінцэсь Мудроў за найлепшую он-лайн публікацыю ў катэгорыі «Проза», «Пэнсія», часопіс «ЛітРАЖ»;
  • Ганна Севярынец за вызначэньне дакладнай даты напісаньня верша Алеся Дудара «Пасеклі край наш папалам»;
  • Вера Дзядок у катэгорыі «Найлепшая электронная кніга, пераклад nonfiction», «Затушаваныя краявіды» Марціна Полака;
  • Сяргей Календа за найлепшую электронную кнігу ў катэгорыі «Проза», «Часам панкі паміраюць», выдавецтва «Логвінаў».
  • Інтэрнэт-бібліятэка «Камунікат» атрымала спэцыяльны прыз часопіса «ЛітРАЖ» за ўнёсак у разьвіцьцё беларускай літаратуры ў сеціве;
  • Часопіс «ЛітРАЖ» у катэгорыі «Найлепшае літаратурнае выданьне».

​Прэмія «Празрысты ЭОЛ» (ЭОЛ расшыфроўваецца як «электронная і онлайн-літаратура») уручаецца за найлепшыя электронныя кнігі і літаратурныя онлайн-публікацыі беларускамоўнага інтэрнэту. Ляўрэатаў вызначыла Віртуальная літаратурная акадэмія, у якую ўваходзяць крытыкі, навукоўцы і пісьменьнікі. Сёлета адбылося першае ўганараваньне ляўрэатаў.

Заяўленыя мэты прэміі такія:

  • заахвоціць айчынных выдаўцоў да публікацыі электронных кніг;
  • падтрымаць творчасьць беларускамоўных, найперш маладых аўтараў;
  • прыцягнуць увагу шырокай грамадзкасьці да найлепшых літаратурных онлайн-публікацый на беларускай мове.

Рэкамэндацыі наконт намінацый дасылала ў Сакратарыят прэміі чытацкая і аўтарская публіка.

Прэмія «Празрысты ЭОЛ» прысуджаецца ў 21 катэгорыі. Яны падзеленыя на наступныя групы: «Арыгінальныя онлайн-публікацыі», «Электронныя кнігі», «Перакладныя», «Мэдыя», «Іншыя».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG