Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Смак Францыі» ў Беларусі: чаму бяз жабіных лапак?


Краявіды Парыжу
Краявіды Парыжу

Цягам 21-25 сакавіка па ўсім сьвеце пройдзе фэстываль францускай гастранаміі «Смак Францыі». Цягам чатырох дзён больш за 5 тысяч шэф-кухараў у 150 краінах будуць гатаваць стравы высокай кухні. Сёлета ўхіл зроблены на кухню Правансу.

Падтрымае кулінарную кампанію і Беларусь. Як паведаміў амбасадар Францыі ў Беларусі Дзідзье Канэс, калі пяць гадоў таму да глябальнай дзеі далучыўся толькі адзін рэстаран зь Менску «Залаты грабеньчык», дык сёлета ў гастрафэсьце возьмуць удзел больш за два дзясяткі ўстановаў ня толькі са сталіцы, а і з Гомля, Горадні, Магілёва.

Дзідзье Канэс на Свабодзе
Дзідзье Канэс на Свабодзе

Шэф-кухары і самэлье расказалі, чым зьбіраюцца парадаваць наведнікаў і за якія цэны — фірмовыя стравы кшталту фуагра, камамбэра, рататуя ды разнастайныя тарталеткі ў камплекце з келіхам ружовага віна абыдуцца прыблізна ў 100 рублёў на чалавека.
Аднак некаторыя традыцыйныя пазыцыі не прагучалі. Напрыклад, жабіны лапкі, зь якімі ці не ў бальшыні спажыўцоў асацыюецца француская кухня.

Шэф-кухар менскай кавярні Muffin Аляксандар Петрыман патлумачыў, чаму далікатэсу ня будзе ў мэню беларускага «Смаку Францыі». Менавіта яму даручана стаць галоўным шэф-кухарам урачыстай вячэры 21 сакавіка, на якую ў рамках гастранамічнага фэстывалю запрошаныя самыя вядомыя людзі Беларусі — грамадзкія дзеячы, прадстаўнікі культуры і спорту.

«У Беларусі былі спробы гадаваць жабак для рэстарацый, аднак плёну яны ня мелі — папросту не хапіла цярпеньня гэтым займацца, — гаворыць экспэрт. — Зрэшты, яно і зразумела: у нас сталага попыту на такі прадукт няма, а сэнсу назапашваць з разьлікам на лепшыя часы таксама няшмат. Нейкі час жабчыны лапкі пастаўлялі з Тайваня, але з улікам лягістыкі выходзіла занадта дорага, таксама адмовіліся».

Некалькі гадоў таму віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы запэўніваў, што жабы, ракі, сьлімакі могуць стаць даволі прыбытковай часткай бюджэту. І ўвязаў гэта з найперш пацяпленьнем клімату: маўляў, рыбгасы могуць гадаваць тых жа жабаў паралельна з асноўным асартымэнтам.

Тым ня менш навукоўцы ўжо тады папярэджвалі: гадоўля жабаў — надзвычай працяглы працэс прывучэньня беларускага рынку да спажываньня такога спэцыфічнага прадукту, імгненнага эфэкту ня будзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG