Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чачні асудзілі праваабаронцу, які заступіўся за ЛГБТ-супольнасьць


Аюб Ціціеў
Аюб Ціціеў

Суд у Чачні 18 сакавіка прызнаў вінаватым у захоўваньні наркотыкаў у буйным памеры кіраўніка рэгіянальнага аддзяленьня цэнтру «Мэмарыял» Аюба Ціціева і асудзіў яго на чатыры гады калёніі-пасяленьня.

Сяргей Сыс, паэт і праваабаронца з арганізацыі «Вясна», быў у Чачні з 18 па 22 лістапада мінулага году. Разам са старшынём «Вясны» Алесем Бяляцкім, расейскай праваабаронцай Сьвятланай Ганушкінай і іншымі назіральнікамі ён прысутнічаў на працэсе Аюба Ціціева. Сяргей Сыс тады распавёў Свабодзе пра ўбачанае.

Аюб Ціціеў
Аюб Ціціеў

Аюб Ціціеў віны не прызнаваў і казаў, што наркотыкі яму падкінулі, каб адпомсьціць за праваабарончую дзейнасьць. Ён шмат дапамагаў пакрыўджаным уладай чачэнцам. Аюб — адзіны ў Чачні праваабаронца, які займаўся гэтак званай «справай 27» аб ціску на ЛГБТ-супольнасьць, нямала прадстаўнікоў якой бясьсьледна зьніклі.

Паводле Сяргея Сыса, пачутае на працэсе Аюба Ціціева дало беларускім праваабаронцам падставы меркаваць, што справа сфальшаваная спэцслужбамі.

Сяргей Сыс (у цэнтры) ў судзе над Ціціевым
Сяргей Сыс (у цэнтры) ў судзе над Ціціевым

Можна размаўляць з падсудным, але пад дулам аўтамата

Чачэнскі і беларускія суды падобныя прадказальнасьцю выракаў, імітацыяй законнага разбору, але ў дэталях ёсьць розьніца, мяркуе Сяргей Сыс і прыводзіць такі прыклад:

«У нас на працэсе ня ўбачыш судовых прыставаў ці ахоўнікаў, узброеных аўтаматам з падствольным гранатамётам, калі палец вайскоўца заўсёды ляжыць на спускавым кручку і ягоны позірк таксама кажа, што ў любы момант ён можа стрэліць. Але ёсьць і добрыя назіраньні: там можна ў перапынку падысьці да арыштанта, які сядзіць у клетцы, і спакойна пагаварыць зь ім, у тым ліку пра ўмовы ўтрыманьня. У беларускіх судах гэта строга забаронена».

Падобная, паводле Сяргея Сыса, роля пракурораў на працэсах у Чачні і Беларусі. Беларускі праваабаронца згадаў, як чачэнскі пракурор падчас суду над Аюбам Ціціевым браў перапынак нават па дробных пытаньнях.

«Выбягаў з кімсьці раіцца. Чэчэнцы адназначна кажуць, што з начальствам».

Што да самой справы, дык яна ўзьнікла праз фальшаваньне доказаў, мяркуе праваабаронца «Вясны».

«Аюба Ціціева затрымалі пасьля шматлікіх пагроз і падкінулі наркотыкі. Ён абурыўся і заўважыў, што нават няма сьведак і відэазапісу. Яму сказалі: „Хочаш відэазапіс?“ — і паўтарылі ўсё зноў, але ўжо з выкананьнем фармальнасьцяў. То бок сілавікі там дэманструюць, як і ў нас, што ім пляваць на закон, калі трэба выканаць загад і пасадзіць таго, хто не даспадобы. Суд потым робіць выгляд, што верыць гэтым фальшывым доказам і паказаньням. Дакладна як у нас на працэсах над палітычнымі супернікамі Лукашэнкі», — кажа Сяргей Сыс.

У Чачні працуе офіс упаўнаважанага па правах чалавека. Паводле назіраньняў беларускіх праваабаронцаў, ён «імітуе праваабарончую дзейнасьць». Ёсьць і некалькі праўладных праваабарончых груп, якія займаюцца правамі жанчын ці людзей сталага веку.

«Але гэта таксама імітацыя. Людзі там гэтак застрашаныя, што баяцца ня толькі некага крытыкаваць ці скардзіцца, а нават гаварыць пра свае праблемы», — кажа пра ўражаньні ад Чачні Сяргей Сыс.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG