Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Славаччыне абіраюць прэзыдэнта (-ку)


Падчас тэледэбатаў
Падчас тэледэбатаў

У наўпроставых выбарах удзельнічаюць 13 кандыдатаў. Афіцыйныя вынікі першага туру будуць абвешчаныя ў нядзелю.

У суботу, 16 сакавіка, грамадзяне Славаччыны на наўпроставых выбарах галасуюць за прэзыдэнта краіны.

Да ўдзелу ва ўжо пятых прэзыдэнцкіх выбарах былі зарэгістраваны 13 кандыдатаў.

Дзеючы прэзыдэнт Андрэй Кіска заявіў, што другі раз ня будзе ўдзельнічаць у выбарах, хаця паводле Канстытуцыі такое права мае.

Згодна з апытаньнямі грамадзкай думкі, найбольшую падтрымку славакаў мае 45-гадовая юрыстка Зузана Чапутава.

Зузана Чапутава
Зузана Чапутава

Як адзначыў славацкі палітоляг Рыгор Мэсажнікаў, Зузана Чапутова мае падтрымку да 50% выбарцаў, і можа атрымаць каля паловы галасоў у першым коле выбараў ды перамагчы свайго суперніка ў другім.

У выпадку, калі славакі абяруць Зузану Чапутаву сваім прэзыдэнтам, гэта будзе першая жанчына на вышэйшай дзяржаўнай пасадзе ў Славачыне.

Да дзеючага палітычнага курсу Расеі яна ставіцца адмоўна, называе палітыку Ўладзіміра Пуціна «пагрозай ня толькі для Славаччыны, але і для ўсёй Эўропы».

Яе бліжэйшымі супернікамі зьяўляюцца Мараш Шэўчавіч — віцэ-прэзыдэнт Эўрапейскай камісіі, якога падтрымлівае кіруючая партыя Smer (Напрамак) на чале зь яе старшынём, былым прэм’ерам Робеэртам Фіца, і незалежны кандыдат, судзьдзя Вышэйшага суду Штэфан Гарабін.

Паводле палітоляга, Гарабін «выступае супраць сяброўства Славаччыны ў ЭЗ і НАТА, мае праблемы зь лібэральнай дэмакратыяй і адкрыта дэманструе прарасейскія погляды». Расею Ўладзіміра Пуціна Гарабін называе «стабільным і кансалідаваным элемэнтам у сусьветнай палітыцы і бясьпецы».

Шэўчавіч лічыць «сучасныя адносіны Расеі зь міжнароднай супольнасьцю складанымі»і хацеў бы іх паляпшэньня. У якасьці прыкладу прыводзіць «трохбаковыя перамовы з Расеяй і Ўкраінай аб бясьпечных пастаўках газу».

Мараш Шэўчавіч
Мараш Шэўчавіч

Афіцыйныя вынікі першага туру выбараў абвесьцяць у нядзелю, 17 сакавіка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG