Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страляніна на кіргіска-таджыцкай мяжы, ёсьць загінулыя і параненыя


Канфлікт на кіргіска-таджыцкай мяжы, 14 сакавіка 2019
Канфлікт на кіргіска-таджыцкай мяжы, 14 сакавіка 2019

На мяжы Кіргізстану і Таджыкістану адбыўся канфлікт паміж жыхарамі памежных паселішчаў. Паводле афіцыйных зьвестак, з абодвух бакоў ёсьць пацярпелыя — 13 чалавек атрымалі раненьні, два чалавекі — грамадзяне Таджыкістану — загінулі.

Паводле памежнай службы Кіргізстану, канфлікт паміж жыхарамі кіргіскага Ак-Сай і таджыцкага Мэхнатабад пачаўся 13 сакавіка падчас будаўніцтва аб’язной дарогі Ак-Сай. Каля 200 жыхароў памежных сёл сабраліся на мяжы і пасьля слоўнай сваркі пачалі закідваць адзін аднаго камянямі. Раненьні атрымалі два кіргізы і 11 таджыкаў, паведамляюць афіцыйныя ўлады. Увечары таго самага дня грамадзяне Кіргізстану перакрылі дарогу ў населеным пункце Ак-Сай, а грамадзяне Таджыкістану — у мясцовасьці Торт-Качо.

14 сакавіка сытуацыя зноў абвастрылася. Паведамляецца аб раненьні кіргіза і гібелі яшчэ аднаго таджыка.

Прэзыдэнты Кіргізстану і Таджыкістану Сааранбай Жээнбэкаў і Эмамалі Рахмон абмеркавалі неабходнасьць стварэньня сумеснай камісіі для аб’ектыўнага расьсьледаваньня і недапушчэньня падобных сытуацый у будучыні.

Прычына канфлікту

Працягласьць таджыцка-кіргіскай мяжы складае 976 кілямэтраў, зь якіх на сёньняшні дзень дэлімітаваныя і дэмаркаваныя толькі 504 кілямэтраў. Нявызначаная лінія мяжы можа быць прычынай канфліктаў паміж памежнымі паселішчамі.

Фэрганская даліна — міжгорная западзіна на тэрыторыі Узбэкістану, Таджыкістану і Кіргізстану з самай высокай шчыльнасьцю насельніцтва ў Цэнтральнай Азіі. У пэрыяд тварэньня аўтаномных рэспублік СССР тут паўсталі восем анкляваў — «астраўкоў» адной дзяржавы на тэрыторыі іншай.

Прыкладам, на тэрыторыі Кіргізстану знаходзяцца два таджыцкія і чатыры ўзбэцкія анклявы. Унутры і каля анкляваў канфлікты ўзьнікаюць з прычыны зямель, вады, незаконных перасячэньняў межаў і міжэтнічнага рознагалосься. Яны суправаджаюцца блякаваньнем дарог, масавымі бойкамі і падпаламі дамоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG