Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У менскім Батанічным садзе, апроч аранжарэі, збудуюць кавярню і паркінг


Батанічны сад, папярэдні праект рэканструкцыі

Батанічны сад стане яшчэ адной зялёнай зонай у Менску, якую закране будаўніцтва.

11 сакавіка адміністрацыя Першамайскага раёну Менску арганізавала грамадзкае абмеркаваньне справаздачы аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе будучай рэканструкцыі Батанічнага саду.

Праект прадугледжвае будаўніцтва аранжарэі з гандлёва-выставачным павільёнам, кавярні і паркінгу. Будаўніцтва могуць пачаць ужо налета.

Новы аб’ект зьявіцца на месцы гадавальніку, які перанясуць у іншае месца. Яго даўжыня каля 165 мэтраў, шырыня 30 мэтраў, а вышыня 20 мэтраў.

Батанічны сад створаны ў 1932 годзе. У 2007 годзе яго тэрыторыю ўключылі ў сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі, што прадугледжвае пэўныя рэглямэнты і ахоўныя зоны.

Міністэрства культуры ўжо выдала заключэньне, што новая будоўля не супярэчаць нормам праекту зонаў аховы. Яе плянуецца рэалізаваць згодна з дзяржаўнай інвэстыцыйнай праграмай, зацьверджанай прэзыдэнцкім указам.

Папярэдні праект рэканструкцыі
Папярэдні праект рэканструкцыі

Батанічны сад выступіць замоўнікам рэканструкцыі. Плошча забудовы складзе каля 4950 квадратных мэтраў. Агульная плошча першага паверху складае 4400 квадратных мэтраў, другога — 2200 квадратных мэтраў, а падземнага ўзроўню — 4400 квадратных мэтраў. Агульная плошча будынку — 11 000 квадратных мэтраў. Будаўнічы аб’ём надземнай часткі складзе 66 000 кубічных мэтраў, а падземнай — 23 000 кубамэтраў.

Пакуль канчатковага праекту няма, усё на стадыі перадпраектнай прапрацоўкі. Кошт будоўлі падчас сустрэчы не назвалі.

Што хочуць збудаваць у Батанічным садзе?

  • аранжарэю плошчай каля 2 тысяч квадратных мэтраў і максымальнай вышынёй у 20 мэтраў, зь зялёнымі насаджэньнямі на даху і летнімі кавярнямі;
  • шматфункцыйную залю для лекцыяў, сэмінараў і выставаў;
  • кавярню на 50 месцаў з магчымасьцю працы як летняй кавярні;
  • падземны паркінг на 49 месцаў;
  • адкрытую аўтастаянку на 10 месцаў, найперш для інвалідаў і заездаў турыстычных аўтобусаў;
  • краму для продажу расьлін плошчай каля 300 квадратных мэтраў;
  • адміністрацыйныя памяшканьні;
  • прыбіральні для наведнікаў Батанічнага саду;
  • новы ўваход з боку вуліцы Акадэмічнай, для чаго, паводле праекту, давядзецца высекчы 5-6 дрэваў.

На прылеглую тэрыторыю распрацаваны плян дэталёвага плянаваньня, які, між іншым, бярэ пад увагу будаўніцтва новай лініі мэтрапалітэну. Разьмяшчэньне аб’екту ў Батанічным садзе зроблена з улікам выхаду з мэтро.

Аўтары перадпраектнай распрацоўкі абяцаюць элемэнты «зялёнай» архітэктуры — «зялёны» дах, на якім усталююць сонечныя батарэі. Дажджавую ваду будуць зьбіраць і ачышчаць для паліву расьлін і тэхнічных патрэбаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG