Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Днепра-Брагінскім вадасховішчы — масавы мор рыбы. ВІДЭА


На мінулых выходных рыбакі заўважылі масавы мор рыбы на Днепра-Брагінскім вадасховішчы, што пад Лоевам. Тысячы карасёў, судакоў, ляшчоў і малькоў плавалі брухам дагары. Спэцыялісты лічаць, што прычына мору — абмяленьне возера.

У Брагінскай міжраённай інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету ўжо ведаюць пра катастрафічны стан вадасховішча. Спэцыялісты ўзялі пробы вады на кісларод, створаная камісія, праводзіцца праверка. У інспэкцыі кажуць, што сёньня відавочна адно — возера абмялела. Ад былога «лоеўскага мора» засталася канава ад шлюза шырынёй 12–14 мэтраў, дзьве папярочныя канавы шырынёй 10–12 мэтраў і дзьве «лужыны».

«У студзені там было яшчэ 40 сантымэтраў вады, але возера засыхае на вачах. Зімой прамярзае да дна. Першапачаткова люстра вадасховішча было 740 гектараў, а цяпер яго наагул няма», — сказалі ў інспэкцыі.

Каб напампаваць вады, трэба шмат электраэнэргіі, гэта вялікія грошы.

Днепра-Брагінскае вадасховішча было створана ў 1986 годзе, каб паліваць палеткі. Дзеля яго будаўніцтва была выселена вёска Дуброва. За савецкім часам ваду ў сховішча запампоўвалі. Цяпер улады кажуць, што пампаваць ваду няма ні сэнсу, ні грошай.

Вадасховішча — адно з улюбёных месцаў рыбакоў. Апошнімі гадамі яно катастрафічна абмялела, цяпер — на мяжы поўнага зьнікненьня.

Крыніца Свабоды кажа, што сёньня, 11 сакавіка, шэраг арганізацый і прадпрыемстваў Лоеўскага раёну працавалі на прыбіраньні вадасховішча. Дохлую рыбу зьбіралі і грузілі на прычэпы супрацоўнікі ПМС (перасоўная мэханічная калёна), МНС і памежнай службы.

«Нагрузілі адзін прычэп дохлай рыбы. Яна будзе ўтылізавана», — сказаў адзін з тых, хто прыбіраў вадасховішча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG