Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпявачка Юлія Быкава ў адборы на «Эўравізію» абараняла беларускую мову


Зь песьняй «Чаравала» выступаў у фінале беларускага нацыянальнага адборачнага туру на конкурс «Эўравізія—2019» гурт Aura. Вакал Юліі Быкавай падтрымала сваім танцам вядомая беларуская гімнастка Меліціна Станюта.

Ад журы «Белтэлерадыёкампаніі» гурт атрымаў 55 балаў. Пераможцай нацыянальнага адбору стала падапечная расейскага прадусара Віктара Дробыша пад псэўданімам «Зена». Яна атрымала 69 балаў за выкананьне песьні «Like It» на ангельскай мове.

Словы для песьні «Чаравала» напісала сама Юлія Быкава, а музыку — ейны муж кампазытар Яўген Алейнік.

«Я вельмі люблю гэтую песьню. Яна сапраўды лірычная, глыбокая», — распавяла Юлія ў камэнтары для Радыё Свабода. Касцьюмы і танец, паводле сьпявачкі, выбіралі так, каб падкрэсьліць моцныя купальскія матывы твора.

Падчас адбору Юлія казала, што сваёй песьняй хацела «даць тры хвіліны прыгажосьці і зачараваньня па-беларуску», - паведаміў у рэпартажы партал tut.by. Быкава сказала, што калі не прасоўваць песні на беларускай мове, «у нас ня будзе нічога».

У нацыянальным адборы сьпявачка ўдзельнічае не ўпершыню. Распавядае, што выбар на карысьць беларускамоўных песень зрабіла шмат гадоў таму. Калісьці для аднаго з адбораў яны падрыхтавалі дзьве кампазыцыі: англамоўны «танцавальны хіт», як кажа Юлія, і беларускамоўную песьню «Затрымай мяне».

«Мы тады зьвярнуліся да слухачоў, якую б песьню яны выбралі. І яны выбралі беларускамоўную. Я тады вырашыла, што на конкурсах такога ўзроўню трэба прасоўваць сапраўды беларускія песьні, беларускіх артыстаў», — кажа Юлія.

Беларусь удзельнічае ў «Эўравізіі» з 2004 году. У мінулыя гады краіну прадстаўлялі ўкраінец Alekseev (2018, не прайшоў у фінал), гурт Naviband (2017, 17-е месца ў фінале, першая і пакуль адзіная песьня па-беларуску на конкурсе), раскручаны ў Расеі гомельскі сьпявак Ivan (2016, не прайшоў у фінал, ягоным прадусарам таксама быў Дробыш), беларускі дуэт Uzari & Maimuna (2015, не прайшлі ў фінал) і іншыя. Найлепшы вынік — 6-е месца Дзьмітрыя Калдуна ў 2007 годзе. Апошні быў у складзе журы на цяперашнім адборы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG