Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навукоўцы заявілі пра другі ў гісторыі пасьпяховы выпадак лячэньня ВІЧ


Кропля крыві на палосцы для тэсту на ВІЧ, ілюстрацыйнае фота

Група эўрапейскіх навукоўцаў паведаміла пра ВІЧ-станоўчага жыхара Вялікай Брытаніі, у крыві якога ўжо больш за паўтара года пасьля адмены тэрапіі не выяўляюцца сьляды віруса імунадэфіцыту чалавека.

Навукоўцы называюць мужчыну «пацыентам зь Лёндана», не агучваючы ягонага імя, і паведамляюць, што ВІЧ яму дыягнаставалі ў 2003 годзе. Калі доўгатэрміновая рэмісія працягнецца, пацыент апынецца другім у сьвеце чалавекам, які вылекаваўся ад ВІЧ.

Пры гэтым спосаб — перасадка касьцявога мозгу ад асаблівага донара — вельмі падобны на той, які выкарыстоўваўся для лячэньня «бэрлінскага пацыента» — гэта першы пасьпяховы вопыт лячэньня ад ВІЧ-інфэкцыі, праведзены 12 гадоў таму. З таго часу ў навукоўцаў больш не атрымлівалася пасьпяхова паўтарыць гэты экспэрымэнт.

Дасьледаваньне будзе прадстаўлена на канфэрэнцыі ў Сіэтле 5 сакавіка. Ужо цяпер пра работу навукоўцаў распавялі The New York Times, Reuters, The Washington Post і іншыя выданьні.

«Лёнданскі пацыент» быў хворы на ВІЧ і рэдкую форму рака — лімфому Ходжкіна. Для лекаваньня рака тры гады таму яму перасадзілі клеткі касьцявога мозгу ад донара зь «непрацоўным» генам CCR5: ён вырабляе адмысловы бялок, які патрэбен вірусу імунадэфіцыту, каб пранікаць у клеткі (прыкладна ў палове выпадкаў ВІЧ выкарыстоўвае іншы спосаб уваходу, празь бялок CXCR4).

Паводле дадзеных навукоўцаў, трансплянтацыя зьмяніла імунную сыстэму пацыента і дала яму імунітэт да ВІЧ, які меў донар.

Аўтары дасьледаваньня кажуць, што гэта хутчэй «праверка гіпотэзы» пра перамогу над СНІДам, якая аднойчы адбудзецца. Але пра тое, што чалавецтва навучылася лячыць ВІЧ гаварыць пакуль рана.

Паводле афіцыйных дадзеных, на 1 сакавіка 2018 году ў Беларусі было больш за 19,5 тысяч чалавек, якія жывуць з ВІЧ.

Усяго ў сьвеце пражываюць каля 37 мільёнаў ВІЧ-інфікаваных. Кожны год рэгіструецца каля 2 мільёнаў новых выпадкаў заражэньня, то бок кожны дзень ВІЧ-інфэкцыяй заражаюцца больш за 5 тысяч чалавек. Пандэмія СНІДу з пачатку 1980-х гадоў прывяла да гібелі каля 350 мільёнаў чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG