Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўла Севярынца, які заклікаў на акцыю салідарнасьці з палітвязьнямі, арыштавалі на 10 сутак


Павал Севярынец, архіўнае фота

Праз 3 дні пасьля затрыманьня суд Фрунзенскага раёну Менску засудзіў лідэра БХД Паўла Севярынца.

23 лютага Павал Севярынец выклаў у Фэйсбуку інфармацыю аб правядзеньні 26 лютага на Кастрычніцкай плошчы акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі.

«У Беларусі 8 чалавек палітвязьні, іх незаконна ўтрымліваюць у вязьніцах. Мяне 3 дні трымалі, а іх гадамі. Таму мы зьбіраліся іх падтрымаць. Пасьля затрыманьня ў аддзеле міліцыі мне стала вядома, што мяне наўмысна загадалі затрымаць перад акцыяй, каб яе сарваць, бо акцый салідарнасьці Аляксандар Рыгоравіч баіцца», — патлумачыў Павал Севярынец суду мэту акцыі, да якой заклікаў.

Судзьдзя спытала ў Паўла Севярынца, чаму ён не зьвяртаўся ў Менгарвыканкам па дазвол на правядзеньне акцыі.

«Таму што дзясяткі разоў раней зьвяртаўся па такія дазволы, але заўсёды марна, таму гэтым разам і ня стаў зьвяртацца», — адказаў актывіст.

Павал Севярынец быў затрыманы за гадзіну да акцыі каля свайго дома.

«Выходзіў, каб ісьці на акцыю, а каля пад’езду ўжо сустрэлі тры амапаўцы ў чорных масках. Пасадзілі ў бусік і павезьлі ў міліцыю, нічога не тлумачылі».

Перад судом Павал Севярынец апавёў, што цягам 3 сутак яму не тлумачылі, чаму яго трымаюць без суду пад вартай. З гэтай прычыны Севярынец заявіў пратэст, адмовіўся падпісваць пратакол аб адміністрацыйным парушэньні і выказаў недавер судзьдзі Ганьне Буйноўскай.

Адвакат Паўла Севярынца даводзіў на працэсе, што ў ягоных дзеяньнях не было складу адміністрацыйнага правапарушэньня, бо ягонае права на выказваньне свайго меркаваньня гарантуецца Канстытуцыяй і міжнароднымі нормамі, падпісанымі Беларусьсю. Закон, які ў Беларусі рэгулюе забесьпячэньне права на выказваньні, паводле адваката, не адпавядае міжнародным нормам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG