Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кангрэс ЗША ўнесьлі законапраект аб раскрыцьці даходаў Пуціна


Уладзімір Пуцін
Уладзімір Пуцін

У Крамлі заклікалі не ўспрымаць законапраект сур’ёзна і заявілі, што гэта чарговая праява русафобіі.

Кангрэс ЗША разгледзіць законапраект, які прапануе амэрыканскай выведцы зьбіраць дадзеныя аб фінансавых актывах прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і яго паплечнікаў.

Дакумэнт, распрацаваны дэмакраткай Вальдэс Дэмінг і рэспубліканкай Эліс Стэфанік, выкладзены на сайце Дэмінг. На думку аўтараў законапраекту, расейскі ўрад выкарыстоўвае карупцыю для ўтрыманьня ўлады і паслабленьне дэмакратый.

«Лепшы спосаб правесьці наступленьне на ўладу Пуціна і ягоных прыхільнікаў — прасачыць за незаконнымі і засакрэчанымі фінансавымі патокамі, якія фінансуюць іх апэрацыі», — заявіла Дэмінг. Тэкст законапраекту нагадвае, што Расею абвінавачваюць ва ўмяшаньні ў дэмакратычныя інстытуты ў ЗША.

Дакумэнт прапануе амэрыканскай выведнай супольнасьці (16-ці ведамствам, якія займаюцца зборам разьведвальнай інфармацыі) прасачыць за крыніцамі ўзбагачэньня атачэньня Пуціна і яго асабіста, каб высьветліць, хто з расейскіх алігархаў аблягчае «карупцыйныя практыкі Ўладзіміра Пуціна».

У Крамлі заклікалі не ўспрымаць законапраект усурʼёз. «Наўрад ці варта да гэтага ставіцца сурʼёзна, хутчэй за ўсё, гэта такія русафобскія патугі, да якіх мы ўжо навучыліся ставіцца з іроніяй», — заявіў прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў. Ён дадаў, што Пуцін «наўрад ці ў курсе такой ініцыятывы».

У студзені 2018 году Міністэрства фінансаў ЗША апублікавала «крамлёўскі даклад» — сьпіс асобаў, набліжаных да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміру Пуціну, у дачыненьні да якіх могуць быць уведзеныя санкцыі. У дакумэнт увайшлі 210 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG