Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшлі дзёньнікі Барадуліна за 1989–1991 гады. Што цікавага пісаў дзядзька Рыгор у шуфляду?


Рыгор Барадулін, архіўнае фота Сяргея Шапрана
Рыгор Барадулін, архіўнае фота Сяргея Шапрана
Вокладка кнігі
Вокладка кнігі

2 сакавіка спаўняецца пяць гадоў з дня сьмерці народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. За некалькі дзён да гэтай даты выйшла ягоная новая кніга дзёньнікаў.

Выйшаў пяты том «Дзёньнікаў і запісаў» (1989–1991) народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна.

Яго героі — і партыйныя функцыянэры Яфрэм Сакалоў, Мікалай Сьлюнькоў, Мікалай Дземянцей, і нацыянальная эліта — Васіль Быкаў, Ларыса Геніюш, Алесь Адамовіч, Карлас Шэрман, Генадзь Бураўкін, Зянон Пазьняк.

Самае цікавае зь дзёньнікаў дзядзькі Рыгора:

  • Удзельнічаў ва ўсіх паседжаньнях Сойму БНФ, ва ўстаноўчым зьезьдзе БНФ у Вільні.
  • Вельмі востра і трапна адгукаўся на падзеі вакол Чарнобыля: «Дзень жалобы Чарнобыля. 60 год Сьлюнькову. І ён тушыў пажар інфармацыі і жаху».
  • Перажываў за Курапаты: «Ужо, бачыш ты, ня доблесныя савецкія чэкісты, а немцы расстрэльвалі. Кадэбісты ўсьлед за партыяй злачынцаў вылазяць з акопаў...»
  • Ненавідзеў партыйную намэнклятуру і чыноўнікаў: «Ходзяць укормленыя, выпешчаныя чыноўнікі». Першы сакратар ЦК КПБ Сакалоў — «галоўсьвінар». Рыфмаваў прозьвішчы: «Кляніце Дземянцея — а ён сыцее». Парлямэнт называў «палатай мордаў».
  • Ужо тады апасаўся расейскай экспансіі: «Расейская імпэрыя паказвае кіпцікі, а неўзабаве ашчэрыць іклы».
  • Хваляваўся за беларускую мову: «Глядзеў беларускую „Палату мордаў“. Апаратчыкі вядуць па-руску. А закон прыняты. Дзьве родныя мовы, хоць маці адна. Можна яшчэ сумнявацца ў бацькоўстве...»
  • Больш за 300 разоў узгадаў Васіля Быкава. Прысьвяціў свайму лепшаму сябру 250 вершаў. Барадулін называў Быкава «апосталам нацыі». Скрушна заўважаў: «Васіля ня любяць, бо праўду кажа».
  • Пра Ларысу Геніюш: «Гэта крамнёвая парода, на якой трэба настойваць, ачышчаць ваду і прычашчацца ёй як беларушчынай. Камуністы ведалі, што рабілі, — выбівалі мазгі нацыі, інтэлект».
  • Напісаў шмат эпіграм і прысьвячэньняў сябрам:
Што б конік ні пілікаў,
Зелянеючы ў нацтраве,
Пакуль у нас ёсьць Адамовіч і Быкаў,
Яшчэ Беларусь жыве!

  • Стварыў цэлую «оду» Камароўцы. «Цэны, як шалёныя сабакі, кусаюцца». «Народу гэтулькі, што людзей не відаць. Усіх гоніць страх і голад. Гэтак, відаць, трэба маляваць ці сканчэньне сьвету, ці пекла».

«Калі б Барадулін мог перачытаць тое, што тут ёсьць, — сам бы дзівіўся і рагатаў»

На думку дасьледчыцы і ўкладальніцы барадулінскіх «Дзёньнікаў і запісаў» Натальлі Давыдзенкі, 1989–1991 гады — бадай, самы цікавы пэрыяд і ў гісторыі Беларусі, і ў дзёньнікавых нататках Рыгора Барадуліна.

Натальля Давыдзенка
Натальля Давыдзенка

«Гэта новыя часы, гэта новы голас Барадуліна. Гэта ня дзядзька Рыгор памяняўся — памяняўся час. І тут ужо больш „укручанасьці“ ў грамадзкія справы. Але шмат гумару, іроніі — калі б Барадулін мог перачытаць тое, што тут ёсьць, — сам бы дзівіўся і рагатаў», — кажа дасьледчыца ў інтэрвію Свабодзе.

«Кожны новы дзень прыносіў немагчымыя яшчэ ўчора падзеі і здарэньні: „перабудова“, „дэмакратыя“, „галоснасьць“, мітынгі і шэсьці — на Курапаты, у гадавіну Чарнобыля, Першы зьезд народных дэпутатаў у Маскве... Перад Домам ураду галадае (!) рабочы, які патрабуе, каб ягоную тэлеграму зачыталі на зьезьдзе. У Беларусі ўтвараецца ПЭН-цэнтар, і Рыгор Барадулін — яго першы прэзыдэнт. Ён сябра БНФ і ўдзельнік ягоных Соймаў. Камуністы пачынаюць здаваць партыйныя білеты...

Новы час дае падставы і для новых сатырычных тэм: у „Вожыку“ друкуюцца эпіграмы на вядомых пэрсон, набіраюцца вясёлыя і зьедлівыя нізкі „Дзіцячыя цьвялілкі для дарослых“, „Хвіліны мычаньня. Жывёльная лірыка“ і іншыя, якія не заўсёды трапляюць у друк, застаючыся ў рабочых блякнотах», — піша ў прадмове да выданьня ўкладальніца «Дзёньнікаў і запісаў» Натальля Давыдзенка.

«На шматтомнік натхніў дзёньнік васьміклясьніка Грышы Барадуліна»

Лёс зьвёў юную рэдактарку Натальлю Давыдзенку і ўжо знакамітага паэта Рыгора Барадуліна на пачатку 1980-х, калі Натальля прыйшла працаваць у выдавецтва «Мастацкая літаратура».

«У нас збольшага быў жаночы калектыў і два хлопчыкі, як мы іх тады называлі, — Рыгор Барадулін і Васіль Сёмуха. Гэта быў залаты час. І так па жыцьці мы пасябравалі.

Старонка зь «Дзёньнікаў і запісаў»
Старонка зь «Дзёньнікаў і запісаў»

Вы нават не ўяўляеце, колькі ў Барадуліна было запісаў, нататнікаў, працоўных блякнотаў, папер, тэчак, перапіскі! І я даўно казала яму: трэба здаваць рукапісы ў архіў, бо завалы былі — да столі. Нешта я разьбірала, выпісвала, сыстэматызавала», — узгадвае Натальля Давыдзенка.

І ўжо ў 2000 годзе дзядзька Рыгор з жонкай, Валянцінай Міхайлаўнай, калі ўсе ўжо не працавалі ў дзяржаўных выдавецтвах, запрасілі Натальлю Давыдзенку ў госьці ў Вушачы.

«Там таксама шмат папер. І трапіў мне дзёньнічак, які падлетак Рыгор пісаў у 8-й клясе. Сьціплы такі сшытачак. Гэта быў штуршок! І там жа я знаходжу студэнцкі дзёньнік, 1955–56 гады: вучоба ў БДУ і цаліна. А потым ужо сыстэматызаваных дзёньнікаў не было, былі нататкі, зацемкі. Ну, і пачалася апантаная праца», — кажа Натальля Давыдзенка.

«Барадуліну зайздросьціў Быкаў»

У 1970-я Барадулін пачаў езьдзіць у Прыбалтыку, а там былі ўжо такія невялікія штодзёньнічкі, у якіх ён рабіў працоўныя нататкі: каму патэлефанаваць, што зрабіць. Але гэта было фрагмэнтарна.

Таму матэрыялы для першых чатырох тамоў давялося зьбіраць і сыстэматызаваць зь безьлічы крыніцаў: з працоўных нататнікаў, лістоў, зацемак на палях рукапісаў. А вось з 1989 году Барадулін пачаў весьці дзёньнікі ў чыстым выглядзе, кожны дзень занатоўваў падзеі, сустрэчы, чым займаўся.

Натальля Давыдзенка кажа, што нават Васіль Быкаў зайздросьціў Рыгору Барадуліну, што той здольны на такую карпатлівую сыстэмную працу:

«Грыша, ты малайчына, што ўсё запісваеш. Бо трэба занатоўваць, фіксаваць час. Але мне ўжо позна пачынаць, я ўжо не прызвычаюся да гэтага», — прызнаваўся Быкаў.

Рыгор Барадулін і Васіль Быкаў, Сафійскі сабор, Полацак, 1980-ыя гады. Фота Міхаіла Шмерлінга
Рыгор Барадулін і Васіль Быкаў, Сафійскі сабор, Полацак, 1980-ыя гады. Фота Міхаіла Шмерлінга

«Запісы кароткія, а напаўненьне атамнае! Дасталося ўсім...»

— Спадарыня Натальля, з аднаго боку, дзёньнік — рэч асабістая, прыватная, у нечым нават інтымная. Ці даводзілася вам, рыхтуючы дзёньнікі да друку, нешта цэнзураваць, рабіць купюры, штосьці не даваць? Да таго ж, Барадулін яшчэ вельмі востры на язык.

— Ведаеце, у першых чатырох тамах — амаль не. Было звычайнае савецкае жыцьцё. А пачынаючы зь пятага тому, з 1989 году, у нас ўсё перакулілася. І гэта ўсё выявілася і ў запісах Барадуліна. З 1989 году ён піша кожны дзень. Дый паездак хапае — і ў Кіеў, Маскву, краіны Балтыі, у Кітай, у Парыж. Пяты том — пераломны.

Вось вы запыталіся пра купюры. Ён мог вельмі эмацыйна выказацца. Мы зь ім крыху пасьпелі абгаварыць, што даваць, а што не. Бо дзёньнікі ён пісаў толькі для сябе. Я разумела, з чым магу сутыкнуцца, я ж не гаспадыня, прывыкла аўтараў паважаць. І частку нейкіх момантаў асабістага жыцьця, згадак пра людзей я не ўключала. Я старалася далікатна падаваць матэрыял, але, наколькі гэта магчыма, не прыгладжваючы аўтара. Мы зь ім абгаварылі, што абразьлівыя эпітэты ў кнізе не павінны быць. Любы чалавек можа пакрыўдзіцца на, здавалася б, любую драбязу.

Рыгор Барадулін падчас сустрэчы з чытачамі ў Полацк, 2004 год
Рыгор Барадулін падчас сустрэчы з чытачамі ў Полацк, 2004 год

Але ёсьць у Барадуліна рэзкія ацэнкі, дасталося ўсім: і сваім, і чужым, камуністам, бальшавікам, недэмакратам, нават вэтэранам — «прыпячатаць» ён мог. Ён быў з такім фантастычным чуцьцём нават не да слова, а да гуку. Як ён умеў перарабляць прозьвішчы! Часам я не магла гэта даць — ён жа не сябрам перайначваў, ну проста не ў брыво, а ў вока. Часам я зьмякчала, як магла. Некалькі разоў ставіла шматкроп’і замест прозьвішчаў. У яго безьліч эпіграм, прысьвячэньняў, віншаваньняў, і ня толькі сяброўскіх. Яго ж прасілі, і ён пісаў, вельмі арыгінальна. У мяне іх цэлыя тэчкі. Немагчыма апублікаваць усё, але было б цікава.

Бібліятэка Свабоды ХХІ стагодзьдзя. Дуліна ад Барадуліна

Па сутнасьці, запісы ў яго кароткія. Але напаўненьне — проста атамнае. Настолькі яны сканцэнтраваныя! Піша сур’ёзнае, потым жартачкі. Часам друкую і рагачу. Ведаеце, гэта такая мазаіка! Слоўнік можна скласьці, але надрукаваць не магу...

  • Запіс 26 красавіка 1990

Вэрхал па статуту. Ніл усіх угаворваў за [...] і свайго боталіза Жалязоўскага. П’яны Сыс хадзіў у прэзыдыюм з бутэлькай да Чыгрынава. Спойваюць Ваўкадамчыкі, бо самі бяздарныя. Выключылі Саўку (Паўлава) старавера з Саюза [пісьменьнікаў]...

Але ў іх з Сысам былі вельмі добрыя адносіны. Анатоль Сыс казаў: «Ня кожны можа назвацца вашым вучнем. Я — ваш вучань». Сыс вельмі паважаў Барадуліна. І Рыгор Іванавіч вельмі любіў Сыса, вельмі шкадаваў яго, добра ставіўся, цаніў, — кажа Натальля Давыдзенка.

Рыгор Барадулін – ляўрэат прэміі «За свабоду слова» імя Васіля Быкава, 2008 год
Рыгор Барадулін – ляўрэат прэміі «За свабоду слова» імя Васіля Быкава, 2008 год

«Геніяльны, бо вар’ят, вар’ят, бо геніяльны»

— Па запісах адчуваецца, што ў той час Барадулін вельмі шмат перакладаў: Амара Хаяма, Марка Шагала. Вось цытую: «Учытваюся ў Мандэльштама, перакладаю», «Увесь дзень крукам над Пастарнакам, аддаўся мукам, але са смакам», «Заканчваў перакладаць Вальеху. Геніяльны, бо вар’ят, вар’ят, бо геніяльны. Нельга навучыць паэзіі, можна навучыць рыфмаваць».

— У пятым томе «Дзёньнікаў і запісаў» багата вершаў самога Барадуліна. Яны друкаваліся раней?

Старонка зь «Дзёньнікаў і запісаў»
Старонка зь «Дзёньнікаў і запісаў»

— Сапраўды, у кожным томе расьце колькасьць вершаў, якія не ўваходзілі ў ягоныя зборнікі. Магчыма, таму, што яго друкаваць сталі менш. Вось у пятым томе больш за 70 такіх тэкстаў, а ў наступным томе іх будзе ўжо пад 100. У гэтым томе бліскучыя прысьвячэньні Пімену Панчанку, Максіму Танку, Адаму Мальдзісу.

Я не баялася ўключаць вершы, якія прысьвячалі Рыгору Іванавічу. Няхай будуць. Ён пісаў, і яму ж прысьвячалі!

Але я не ўключала ўсё запар. І не прэтэндую на дасьледаваньне. Спадзяюся — гэта яшчэ наперадзе. Пакуль я ўсё стараюся фіксаваць. Я спадзяюся, для дасьледчыкаў будзе дадатковы матэрыял — дзе што шукаць, бо я даю вельмі шмат зносак, дзе гэта друкавалася. Калі не друкавалася, штосьці ўключаю, або даю назву, першы радок верша і пазначаю, што гэта існуе ці ў блякноце, ці ў дзёньніку. Гэта для дасьледчыкаў — па 900–1000 зносак на кожны том.

«Быкаў — як неба. Яго хапіла на ўсіх»

— Літаральна на кожнай старонцы — узгадкі пра Васіля Быкава: патэлефанаваў, сустрэўся, абмеркавалі...

— Быкаў — гэта велічыня. Але ёсьць і іншая велічыня — ягоны сябар Барадулін, які ўсё запісвае. Так, не было дня, каб яны не кантактавалі. Хто яшчэ можа сказаць, што запісваў кожнае слова Васіля Ўладзімеравіча? А Барадулін запісваў, усё, што чуў ад Быкава. Гэта жывыя словы Быкава — тут Быкаў, якога мы ня ведаем. Барадулін падкрэсьліваў самае лепшае, яго ўзносіў: «Апостал нацыі».

Барадулін Быкаву прысьвяціў больш за 250 вершаў! Дзе вы сустракалі, каб адзін такога ўзроўню клясык-паэт прысьвяціў другому клясыку-празаіку столькі вершаў? Ці ёсьць ва ўсясьветнай літаратуры яшчэ адзін такі прыклад? Перакананая, што няма. Я зьбірала асобную картатэку, хацела зрабіць асобную кнігу. Барадулін пісаў: «Быкаў — як неба. Яго хапала на ўсіх».

А Быкаў, у сваю чаргу, казаў Барадуліну: «Я твае вершы чытаю, як мёд п’ю».

Архіўнае фота. Сяргей Навумчык, Уладзімер Арлоў, Лявон Дзейка, Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, Лявон Баршчэўскі, Мікола Крыжаноўскі. Зьезд Партыі БНФ, лета 1995 году
Архіўнае фота. Сяргей Навумчык, Уладзімер Арлоў, Лявон Дзейка, Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, Лявон Баршчэўскі, Мікола Крыжаноўскі. Зьезд Партыі БНФ, лета 1995 году
  • 18 чэрвеня 1989

«„Васіль! Жыві ў вяках!..“ Якраз ён нарадзіўся на Тройцу. І сёньня Тройца. Адзін дзень да 65-годзьдзя... Стомлены Васіль, калі зблізку глядзець, асабліва ў застольлі. На ім столькі трымаецца ў нас. Беларусь дзякуючы Быкаву мае добрае імя».

  • 29 чэрвеня 1989

Студэнт, здаючы залікі,
Сэнсу аддай даўгі —
Запомні: Быкаў вялікі,
Гілевіч — проста даўгі.
(...)
Навошта падлікі,
Навошта дэбаты —
Быкаў — вялікі,
Гілевіч — цыбаты.

  • 27 лістапада 1989

Артыкул Васіля ў «Правде» і ў «ЛіМе». У «Правде» гэтак паправілі, што быццам і мала, але па зьместу многа. Як панос Г[...], дык БелТА перадрукоўвае. А Васіля ня любяць, бо праўду кажа.

Старонка зь «Дзёньнікаў і запісаў»
Старонка зь «Дзёньнікаў і запісаў»
  • 26 сьнежня 1989

У Васіля. За дзень перад сьмерцю Сахарава. Усе ў буфэт, усе свае. Ён стаіць адзін. Ніхто не падыходзіць. Васіль падышоў. (...) Ён: «Не ваяваў, але мяне гэта тэма заўсёды хвалявала. Жонка была мэдсястрой». Васіль: «Шануйце сябе, не згарайце так. Адно тое, што вы ёсьць, ужо важна для дэмакратыі ва ўсім сьвеце». Сахараў: «Іначай не магу. Такі ўжо лёс».

  • 2 кастрычніка 1990

Да Быкава. Ён абкладзены, як воўк, ні пісьмы ягоныя, ні пасланьні не даходзяць. Раней, кажа, хоць чыталі, але пускалі. А цяпер нічога, толькі па тэлефоне наконт самастойнасьці рэспублікі. У чые рукі незалежнасьць — дземянцеям ці сакаловым? Вось калі б Пазьняку, іншая гаворка. Але яго адпіхваюць на задні плян...

На Быкаве столькі трымаецца ў нас, пачынаючы ад імя Беларусі, канчаючы яе сумленьнем, інтэлектам.

  • 18 красавіка 1990

Быкаў вырашыў ставіць пытаньне пра званьне народнага [Рыгора Іванавіча]. Нічога ня будзе, а ў смале і пер’і выкачаюць. Прыходзіў Чыгрынаў. Яму страшэнна, як дурню стрэліць, хочацца званьня.

  • 28 сьнежня 1991

Вечарам званіў Васіль. Прарочымі былі рэзкія на першы погляд словы Пазьняка. Наконт расейскага мэнталітэту. Расейская імпэрыя паказвае пакуль кіпцікі, а неўзабаве ашчэрыць іклы. «Васілёк-Васіль у жыце нашым беларускім...»

Пра Геніюш: «Гэта крамнёвая парода»

Ларыса Геніюш
Ларыса Геніюш
  • 13 сьнежня 1991

Чытаю «Споведзь» Ларысы Геніюш. Няма ў нас болей такіх паэтак. Гэта крамнёвая парода, на якой трэба настойваць, ачышчаць ваду і прычашчацца ёй як беларушчынай. Камуністы ведалі, што рабілі, — выбівалі мазгі нацыі, інтэлект.

  • 15 сьнежня 1991

Чытаю Геніюш. Гэта ня споведзь — а заціснуты ў жменю цярпеньня крык.

  • 16 сьнежня 1991

Перачытваю паэзію Геніюш. Складальнік Сачанка не дасьледчык, а дасьетчык. У двукосьсе ў прадмове бярэ «прэзыдэнт» БНР Васіль Захарка. [...] Зборнік «Белы сон» складзены неахайна, ня вычытаны, з памылкамі, з паўторамі адных і тых жа вершаў...

* * *

Перабудова — перабядова.
Усё на словах заўсёды ружова.
Клясычная пара: воўк і авечка.
Дасьетчыкі
Пераапрануліся ў дасьледчыкі.

Фрагмэнты хронікі палітычнага жыцьця

  • 15 сакавіка 1989

Ля ўвахода ў стары будынак Дома друку натоўп. Транспаранты патрабуюць зьняць кантроль над друкам, абараняюць Зэкава (галоўнага рэдактара моладзевай газэты «Чырвоная зьмена». — РС), супраць новага часовага Бельскага, які падпісаў артыкул Ніны Андрэевай. Міліцыя ходзіць, як кот каля сала. Нейкая дама з «калянізатараў» — вайскоўцам: «Што даюць? Па што чарга?» А мы пра дэмакратыю.

  • 22 красавіка 1990

З раніцы да ночы радыё і тэле пра Вову [Леніна]. Яму сёньня 120. Кашу заварыў густа і крута, расхлібваемся сем дзясяткаў гадоў і прыйшлі, як загнаныя коні, да пустых ясьляў.

  • 18 траўня 1990

«Крыху слухаў, крыху глядзеў беларускую „Палату мордаў“. Апаратчыкі вядуць па-руску. А закон прыняты. Дзьве родныя мовы, хоць маці адна. Можна яшчэ сумнявацца ў бацькоўстве. Затое толькі адна родная камуністычная партыя. Вечарам „Палата мордаў“ абрала сабе бацьку — цёмнага, як бутэлька з-пад піва, Дземянцея...»

  • 1 чэрвеня 1990

Як перад пагібельлю, усё хапаюць — ад гуталіна да нітак, усё зьнікае. Зноў будні сацыялізму, зноў наперадзе сьветлая, як праседжаныя на азадку штаны, сьветлая будучыня. Партыя крымінальнікаў давяла да ручкі ўсё. Уключыш тэлевізар — па трох каналах ня могуць «определиться, пробуксовывают, на два порядка выше, архиважно». Як ад марской хваробы, ванітуе ад гэтых «палат мордаў».

Рыгор Барадулін, 2012 год
Рыгор Барадулін, 2012 год
  • 26 красавіка 1989

Сёньня дзень жалобы Чарнобыля. І 60 год Сьлюнькову. І ён тушыў пажар інфармацыі і жаху. У нас партсход. Усё гуляюць члены ў згуртаванасьць, сваю важнасьць, адказнасьць. Чытаюць закрытае пісьмо...

Маўклівы мітынг са сьвечкамі, з чорнымі харугвамі: «Чарнобыль — наш боль»... Міліцыянты і «мастацтвазнаўцы» у цывільным, як узьведзеныя куркі, як зьведзеныя сківіцы. Гадзіна маўчаньня. Гадзіна смутку. Гадзіна жалобы. Гадзіна адчаю.

  • 14 верасьня 1989

На працу заходзіў Быкаў: «Радыенукліды, як блохі, скачуць па Беларусі.

  • 7 ліпеня 1991

Званіў Быкаў. Расхваляваны: створана камісія па перагляду Курапатаў. Ужо, бачыш ты, ня доблесныя савецкія чэкісты, а немцы расстрэльвалі. Кэдэбісты ўсьлед за партыяй злачынцаў вылазяць з акопаў... Ганебна і крыўдна. Але ж ва ўладзе то [... ] сакаловы, то мардары малафеевы.

  • 11 сьнежня 1991

Званіў у «Вожык». І шарж, і подпіс да Шушкевіча ў сувязі зь Белавежай устарэлі. Трэба новае.

Зьмікіціўшы на трох пад вецер сьвежы,
Рашылі тры дзяржаўныя зубры
Пасунуць Спаскую да Белай вежы,
Дзе вольна палявалі ўсе цары.
Шушкевіч заклапочана мазгуе:
«Свой Менск не прамяняю на Маскву я!»
Рыгор Барадулін, Уладзімер Някляеў і Генадзь Бураўкін у Менску. Фота С. Шапрана
Рыгор Барадулін, Уладзімер Някляеў і Генадзь Бураўкін у Менску. Фота С. Шапрана

Зьезд БНФ у Вільні: «Гэта палітычны прысуд нашаму ўраду, што зьезд ня ў Менску»

«Барадулін вельмі падрабязна занатоўваў усё, што адбывалася на паседжаньнях першых Соймаў БНФ «Адраджэньне» — канспэктаваў, як студэнт. Дарэчы, вельмі трапна, з красамоўнымі дэталямі, як некалі ў ААН, дзе ён чатыры месяцы засядаў, занатоўваў сур’ёзныя палітычныя моманты. І раптам заўважаў: «А прыгожая сакратарка — сёньня ў новым строі», — узгадвае Натальля Давыдзенка.

24 чэрвеня 1989. Вільня, зьезд БНФ.

Барадулін вядзе хроніку зьезду. Натуе, што адкрывае яго Зянон Пазьняк. Канспэктуе асноўныя тэзы выступаў Станіслава Шушкевіча, Алеся Бяляцкага, Міхася Ткачова, Васіля Несьцярэнкі, Юрыя Дракахруста, Юрыя Хадыкі, айца Яна Матусевіча, Сямёна Букчына, Вінцука Вячоркі...

Прыводзіць Барадулін і словы старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Сяргея Габрусёва: «Гэта палітычны прысуд нашаму ўраду, што зьезд ня ў Мінску. Няўклюднае кіраўніцтва нашага ўраду». Зазначае вынікі галасаваньня: супраць старшынства Барадуліна 54 галасы. Старшынём абраны Зянон Пазьняк, ягонымі намесьнікамі — Міхась Ткачоў і Юры Хадыка.

«Кляніце Дземянцея — а ён сыцее. Сьвінафэрма Сакалова...»

«Савецкаму часу, партыйным уладам дастаецца ад Барадуліна па поўнай праграме. Але гэта ўсё ад болю — душа ў яго балела па-сапраўднаму і моцна», — кажа Натальля Давыдзенка.

  • 20 ліпеня 1990
Рыгор Барадулін, 1970 год
Рыгор Барадулін, 1970 год

Учытваюся ў Мандэльштама. Падступаюся да перакладаў. Кляніце Дземянцея — а ён сыцее. Сьвінафэрма Сакалова... Пісаць пра гэтых [...] — марна студзіць язык. Пакуль трымаецца кіроўная і накіроўная сіла, нічога ня зьменіцца.

  • 24 ліпеня

«У так званым парлямэнце нашым ідзе барацьба за партфэлі міністраў. І жук і жаба дзярэцца. Мышленьне яшчэ сталінскае — міністар, значыць, сакратутка, машына і шмат падмызьнікаў-халуёў. Няўжо нічога ня зьменіцца?»

  • 1 кастрычніка 1990

Радыё паведамляе, што ў Пінскім раёне пасьпяхова гадуюць аленяў. Што ж, беларусы ўжо як чукчы робяцца клопатамі галоўсьвінара Сакалова [...] Лён давялі да ручкі, на палях стаіць, школьнікі частку грузяць у кузаў, частку паляць, каб абагрэцца. Выгода па-савецку: і грузіць меней, і дымком (хай дарагім) абагрэцца льга.

  • 26 сьнежня 1989

Сустрэў Васіль (Быкаў. — РС) Сьлюнькова: «Ваш наступнік [Сакалоў] проста ненавідзець інтэлігенцыю. Вазьміце яго куды-небудзь на павышэньне ў Маскву». Слюнькоў адказаў, што трэба падумаць.

  • 14 лютага 1990

Паход у Вярхоўны Савет адносна рэгістрацыі ПЭН-цэнтра Беларускага.

Каля Дома ўрада міліцыянты, загорнутыя ў плашч-накідкі, стаяць, як туі. Цэрбэр па дарозе да Сыраегінай (ці сама, ці муж з галоднай Расеі, дзе сырое елі і тога ня мелі). Ледзь прабіўся. Самой няма. Пакінуў ейнай сакратутцы. Перабудова да гэнага будынка дойдзе, калі рак сьвісьне. Ходзяць укормленыя, выпешчаныя чыноўнікі. Галовы ўбок варочаюцца зь цяжкасьцю.

  • 7 сакавіка 1989

Лёзунг над праспэктам: «Да здравствует единство и солидарность трудящихся женщин всего мира!» Як быццам жанчына, якая працуе як жанчына — не жанчына, абавязкова яна павінна быць у робе, з мазалямі.

*** У школе праходзілі верш Петруся Броўкі «Падарунак»: «У нашым калгасе жанчынам пашана, і ложыць старая ручнік вышываны». На памяць: «Жанчынам пашуць...»

Камароўка: «Цэны шалёныя, як камуністычны лад»

«Барадулін любіў хадзіць на Камароўку — ён проста купаўся ў народным жыцьці, назіраў, рабіў трапныя занатоўкі. Камароўка для яго — згустак народнага жыцьця», — кажа Натальля Давыдзенка.

  • 30 сьнежня 1989
Старонка зь «Дзёньнікаў і запісаў»
Старонка зь «Дзёньнікаў і запісаў»

«На Камароўку. Людзей процьма. Усё хапаюць. Тут адчуваеш, якія лёгкія, нікчэмныя нашыя грошы. Цяпер бы павешаць плякат: «Посторонись, советский рубль идёт!»

  • 16 чэрвеня 1991

Камароўка. «Цэны шалёныя, як камуністычны лад. Лаўлю сябе на думцы, што па Менску ўжо хаджу як у Штатах ці Францыі — нічога прыстойнага ўжо купіць не магу. Хіба паглядзець.».

  • 21 студзеня 1990

На Камароўку. Дзядзька прадае гармонік. Яму туруе ў талерку з шаргункамі. Маладзіца дае 80 рублёў. Дзядзька згаджаецца. Але дзе гарманіст? Гавораць, за гарманіста трэба даражэй. У бабкі купіў два кавалкі старога сала. Каб не стаяла. Аж разгубілася, як даў ёй 4 рублі. І 4 рублі кг агуркоў. Вагі цэн!

  • 10 лютага 1990

На Камароўку. Сёньня дзядзька не прадае гармонік. Сумна безь яго. Прывык ужо.

  • 1 сьнежня 1991

«Па традыцыі на Камароўку. Цэны, як шалёныя сабакі, кусаюцца. Пляцёначка часнаку 40 рублёў. Дабрабыт уніз. А цана — угору».

  • 7 сьнежня 1991

На Камароўку. Як у анэкдоце пра рэбэ і замежную дэлегацыю. Навошта карова, дадай яшчэ 10 рублёў і купі курыцу. Курыца — 40 рублёў. Будзе болей. У «Вожык» пішу:

Вячаслаў Кебіч
Дарогай ці выбоістай, ці коўзкаю
Трасецца воз, былую страціўшы апору.
Шукае Кебіч з вытрымкай цэкоўскаю
Эканамічную адзіную прастору
То ў Лазані, то ў Пхэньяне, то ў Разані.
А воз глыбей у твань цэнтральную ўгразае.

[Для «Вожыка» тэкст папраўлены]. «Зянон Пазьняк: Марна сьвінары ў ЦК...» [у дзёньніку].

  • 25 сьнежня 1991

На Камароўку. Гэтак, відаць, трэба маляваць ці сканчэньне сьвету, ці пекла. Народу гэтулькі, што людзей не відаць. Усіх гоніць голад і страх.

Пасьляслоўе. «Хто ў Крым, хто ў Рым, а я ў Вушачу»

Рыгор Барадулін і Міхась Стральцоў у Вушачах. 1980 год
Рыгор Барадулін і Міхась Стральцоў у Вушачах. 1980 год

​— У Барадуліна было надзвычай насычанае жыцьцё, пералічу толькі пару дзён: раніцай сустрэўся з адным зь лідэраў польскай «Салідарнасьці» Рычардам Капусьцінскім, днём з Васілём Быкавым разглядае фота да шасьцітомніка, увечары сустрэўся з дэпутатамі: Баршчэўскі распавёў, як удалося выбраць на пасаду Пятра Садоўскага. На наступны дзень прыходзіў Іван Шамякін. Увечары хадзіў на сустрэчы з Маркам Захаравым, а яшчэ ж праца! Атамнае насычэньне. Вершы пісаў толькі начамі, днём бегаў па сустрэчах. А потым раптам піша ў дзёньніку: «Дажджы, сум. Хочацца ў Вушачы».

Вушачы — гэта сьвятое. Пры першай магчымасьці Барадулін ехаў туды, і тут жа перажывае: «Ня тая Ўшача, няма той Ушачы...»

Усе мы так — ня можам вярнуцца ў дзяцінства, у юнацтва. А яму ж хочацца, ён — паэт. Ён ня раз пісаў: «У Менску я пражываю, а жыву я дома, ва Ўшачах», — узгадвае Натальля Давыдзенка.

***

Пяць тамоў «Дзёньнікаў і запісаў» Рыгора Барадуліна выйшлі ў выдавецкай сэрыі «Людзі Беларусі», заснаванай Саюзам беларускіх пісьменьнікаў і Згуртаваньнем беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».

Фінансавалі выданьне пятага тому бізнэсоўцы. Натальля Давыдзенка падрыхтавала да друку шосты выпуск «Дзёньнікаў і запісаў» Рыгора Барадуліна. Шукаюць фундатараў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG