Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікаў акцыі «Свабоду палітвязьням» другі дзень трымаюць без суду ў ізалятары


Падчас акцыі ў падтрымку палітвязьняў на Кастрычніцкай плошчы

Раніцай 28 лютага дзяжурны Менскага ізалятару часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьціна паведаміў карэспандэнту Свабоды, што ўсе затрыманыя ў сувязі з акцыяй, якая прайшла 26 лютага на Кастрычніцкай плошчы, дагэтуль знаходзяцца ў іх установе.

«Так, яны ў нас, званіце недзе праз паўтары гадзіны, можа, будзе вядома, ці павязуць іх у суд. Пакуль наконт іх каманды не было», — сказаў міліцыянт і пацьвердзіў, што гаворка пра Паўла Севярынца, Вольгу Мікалайчык, Арцёма Чарняка, якіх затрымалі ў аўторак 26 лютага, а таксама пра Леаніда Кулакова, затрыманага 27-га.

27 лютага актывісты, праваабаронцы і журналісты ўвесь дзень прачакалі працэсаў над затрыманымі ў Фрунзенскім, Цэнтральным і Першамайскім раённых судах Менску, але нікога з затрыманых туды так і не прывезьлі. Атрымаць камэнтар у прэсавай службы менскай міліцыі пакуль не ўдалося, там не падымаюць трубку.

26 лютага а 18-й гадзіне на Кастрычніцкую плошчу ў Менску выйшлі 10 чалавек у падтрымку беларускіх палітвязьняў. Акцыя цягнулася каля 25 хвілін.​

Адзін зь лідэраў партыі БХД Павал Севярынец 21 лютага заклікаў выйсьці на Кастрычніцкую плошчу з партрэтамі палітвязьняў —​Сьвятаслава Барановіча, Алеся Юркойця, Міхаіла Жамчужнага і іншых. Прычынай акцыі стаў перавод Барановіча з калёніі ў турму.

Як казаў Свабодзе Севярынец, форум «Свабоду палітвязьняў» вырашыў праводзіць такія акцыі да чэрвеня пад лёзунгам «Хочаце праводзіць Эўрапейскія гульні — выпускайце палітвязьняў!». Акцыя не была санкцыяваная уладамі.

Перад пачаткам акцыі на выхадзе з дому затрымалі яе ініцыятара Паўла Севярынца, а таксама Зьмітра Паліенку і Насту Гусеву. Падчас акцыі яе ўдзельнікаў міліцыянты не затрымлівалі і не папярэджвалі аб адказнасьці, але пасьля акцыі затрымалі Вольгу Мікалайчык і Арцёма Чарняка. На наступны дзень быў затрыманы Леанід Кулакоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG