Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У пратэстах за незалежнасьць Каталёніі параненыя дзясяткі чалавек


Пратэсты ў Каталёніі, архіўнае фота

У ходзе сутыкненьняў з паліцыяй у Каталёніі паранена амаль 40 пратэстоўцаў, паведамляе агенцтва Reuters. Таксама пацярпела ня менш за 12 паліцэйскіх. Пратэсты зьвязаныя з судом у Мадрыдзе над былымі каталёнскімі лідэрамі, якія ўвосень 2017 году абвясьцілі аб незалежнасьці рэгіёну ад Гішпаніі.

Паведамляецца, што ў Барсэлёне адначасова ў некалькіх месцах сабраліся людзі, якія крычалі лёзунгі ў падтрымку незалежнасьці Каталёніі. Так, на адной з цэнтральных плошчаў гораду паліцэйскія пачалі наносіць удары дубінкамі па групе маладых людзей, якія сталі кідаць у іх камяні. Яшчэ некалькі чалавек селі на рэйкі на чыгуначным вакзале Барсэлёны, спрабуючы перашкодзіць руху цягнікоў.

Новая хваля пратэстаў ахапіла Каталёнію ў лютым, калі ў Мадрыдзе пачаўся суд над былымі кіраўнікамі рэгіёну, якія падтрымалі абвяшчэньне незалежнасьці рэгіянальным парлямэнтам: адпаведную рэзалюцыю дэпутаты прынялі ў кастрычніку 2018 году.

Гішпанская пракуратура абвінавачвае 12 каталёнскіх палітыкаў, у тым ліку былых чальцоў мясцовага ўраду, у дзяржаўнай здрадзе і растраце дзяржаўных сродкаў. Былому прэзыдэнту Каталёніі Карлэсу Пудждэмону, які ўцёк у Бельгію, удалося пазьбегнуць арышту. Абвінавачаным у справе аб дзяржаўнай здрадзе пагражае да 25 гадоў пазбаўленьня волі.

Рэфэрэндум, на якім большасьць з тых, хто браў у ім удзел, выказалася за незалежнасьць, адбыўся ў Каталёніі 1 кастрычніка 2017 году. Пазьней парлямэнт у Барсэлёне прагаласаваў за абвяшчэньне незалежнасьці аўтаномнага рэгіёну.

Аднак Канстытуцыйны суд Гішпаніі прызнаў рэфэрэндум незаконным.

Цэнтральная ўлада ў Мадрыдзе ўвяла сваё кіраваньне ў рэгіёне, а некалькі каталёнскіх лідэраў пакінулі краіну або былі затрыманыя.

У чэрвені летась у Каталёніі прыняў прысягу новы рэгіянальны ўрад на чале з Кімам Тора, паплечнікам былога каталёнскага лідэра Карлеса Пудждэмона, пры якім у рэгіёне адбыўся непрызнаны Мадрыдам рэфэрэндум аб незалежнасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG